Гісторыя2222

Першы сімвал новай Беларусі: якім гербам была змацаваная Першая Устаўная грамата БНР

Піша Анатоль Сідарэвіч.

Не памятаю, ці публікаваў хто фотаздымак або скан арыгіналу 1-й Устаўнай Граматы да народаў Беларусі. Што сам тэкст гэтага гістарычнага дакумента публікаваўся шматкроць, тое вядома, але гаворка менавіта пра здымак ці скан.

Ужо даўно апісана, як бальшавікі, у ноч з 18 на 19 лютага 1918 года, прыхапіўшы з сабою авуары Дзяржаўнага банка, уцякалі з Мінска (яшчэ не Менска). Апісана і тое, як 19 лютага Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага З’езда пачаў сваю легальную працу. 20 лютага ў выніку нарадаў быў сфармаваны першы склад першага ўраду Беларусі — Народнага Сакратарыята на чале з Язэпам Варонкам. У той жа дзень быў напісаны і тэкст Устаўнай граматы Выканаўчага Камітэта Рады Усебеларускага З’езду да народаў Беларусі.

Тэкст Граматы быў аддрукаваны на машынцы, на якой не мелася літары «ў». Гэта стандартны аркуш больш, чым звычайна, цвёрдае паперы. Грамата падпісана старшынёю Выканаўчага Камітэту Рады 1-га Усебеларускага з’езду Язэпам Варонкам і пісарам Макарам Косцевічам (Макарам Краўцовым, аўтарам гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»).

Звяртае ўвагу тое, што дата пад тэкстам Граматы — 21 лютага — упісана ад рукі. Гэтая дата пад дакументам, як на маю думку, з’явілася толькі з тае прычыны, што якраз 21 лютага дакумент быў апублікаваны да ўсеагульнага ведама і абвешчаны Аркадзем Смолічам на пасяджэнні Менскай гарадской думы.

Арыгінал 1-й Устаўнай Граматы цікавы для нас не толькі подпісамі, устаўленай датай, але і пячаткай Народнага Сакратарыяту Беларусі. Пячатку ў тыя часы рабілі не пяць хвілін. Значыць, Язэп Варонка і яго таварышы, фармуючы першы склад Народнага Сакратарыяту і складаючы тэкст Устаўнай Граматы, адначасова парупіліся і пра пячатку, без якой дзяржаўны дакумент — не зусім дакумент.

На жаль, у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь мне не ўдалося атрымаць скан арыгінала 1-й Устаўнай Граматы. Як паведамілі мне архівісты, нядаўна ўсе бээнэраўскія дакументы, што захоўваюцца ў 325-м фондзе, мікрафільмавалі, і скан мне зрабілі з мікрафільма. Таму і якасць скану не зусім добрая.

Як вядома, важныя дзяржаўныя акты змацоўваюцца гербавай пячаткай. Можна думаць, што на пячатцы Народнага Сакратарыяту Беларусі, якою змацаваны тэкст 1-й Устаўнай Граматы, — першы герб новай Беларусі. Герб, зазначым, сялянскай нацыі, аграрнай краіны. Сімволіка чыста сялянская і не ўтрымлівае нічога «пралетарскага»: пасярэдзіне пячаткі выява высокага снапа, а на яго тле перакрыжоўваюцца каса і граблі.

На абадку пячаткі выгравіравана: НАРОДНЫ СЭКРЭТАРЫЯТ БЕЛАРУСІ.

А як жа з гістарычным гербам Пагоня? — спытае каторы чытач. Магу сцвярджаць, што Пагоня гербам новай Беларусі была абвешчана 9 ліпеня 1918 года ва ўрадавай дэкларацыі старшыні Народнага Сакратарыята БНР Рамана Мар’яна Скірмунта. Дэкларацыя была ўхвалена Радай БНР. Значыць, і герб Пагоня быў ухвалены ў якасці дзяржаўнага сімвала. Трэба спадзявацца, адмыслоўцы ў галіне сфрагістыкі высветляць, з якой даты акты БНР пачалі змацоўваць пячаткамі з гэтым сімвалам, а 21 лютага 1918 г. першы дзяржаўны акт новай Беларусі быў змацаваны пячаткай з сялянскай сімволікай.

Каментары22

Цяпер чытаюць

23‑гадовы ахоўнік з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца15

23‑гадовы ахоўнік з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца

Усе навіны →
Усе навіны

Мерц: Уступленне Украіны ў ЕС да 2027 года немагчымае2

WSJ апісала тры сцэнары развіцця падзей ва Украіне ў 2026 годзе1

Медыйны прэс-сакратар МНС Віталь Дамбоўскі пайшоў у псіхолагі-сэксолагі8

Завод Tesla цалкам пераабсталююць пад вытворчасць чалавекападобных робатаў2

У Беларусі прапанавалі абмежаваць продаж аўто, увезеных з-за мяжы5

Цана на золата наблізілася да 5600 даляраў за унцыю

«Час заканчваецца». Трамп пагражае Ірану новымі ўдарамі

Ці патрэбна вашаму сабаку цёплае адзенне ў маразы?1

Саудаўская Аравія радыкальна пераглядае планы адносна горада будучыні коштам $500 мільярдаў — не хапае грошай1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

23‑гадовы ахоўнік з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца15

23‑гадовы ахоўнік з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць