«Бог даў, бог узяў»: у мінчука канфіскуюць «Фальксваген», які ён выйграў у латарэю
18 студзеня каля 23.00 у міліцыю Заслаўя паступіла паведамленне, што ў пасёлку Шаршуны Мінскага раёна ў аўтамашыне «Фальксваген» разбіта шкло, паведамілі ў ДАІ Мінскага раёна.

Міліцыя высветліла, што наведвальнікі лазні сумесна пілі, паміж мужчынамі ўзнікла сварка. У выніку высвятлення адносін разбілі бакавое шкло ў машыне. Міліцыя аформіла здарэнне і з'ехала.
Пасля падвыпілая кампанія села ў «Фальксваген» і скіравалася ў дарогу. Каля 0.55 машыну спыніла ДАІ. За рулём быў п'яны 47-гадовы мінчук, які не меў права на кіраванне. Медасведчанне паказала, што ў яго крыві ўтрымліваецца 1,15 праміле алкаголю.
Гэта не першы выпадак калі кіроўца сеў за руль п'яным. У дачыненні да яго складзены адміністрацыйныя пратаколы, аўтамабіль дастаўлены на ахоўную паркоўку.
Сам жа мужчына заявіў: «Бог даў, бог узяў!» — аказваецца гэты аўтамабіль быў выйграны ў латарэю.
Каментары