Жыхар Полацка стварыў інтэрнэт-петыцыю за вяртанне гораду асаблівага статуса

Жыхар Полацку Мікола Шарах стварыў інтэрнэт-пэтыцыю за тое, каб вярнуць Полацку ранейшы статус.



«Горка назіраць, як з кожным днём горад не разьвіваецца, а прыходзіць у заняпад. Полацак мог бы стаць выбітным турыстычным цэнтрам, але турыстаў тут асабліва і няма. У парадку падтрымліваюцца хіба што «хрэстаматыйныя» аб’екты, як Сафійскі сабор.

Прымалася праграма разьвіцьця гораду, але не відаць, каб яна дзейнічала — дарогі разьбітыя, асабліва за пару соцень мэтраў ад цэнтру. Была праграма па рэгенэрацыі гораду, але не відаць, каб аднаўляліся помнікі архітэктуры…


Амаль кожны, хто падпісаў пэтыцыю, камэнтуе ініцыятыву Міколы Шараха — падтрымлівае ягонае імкненьне паспрыяць адраджэньню Полацку. Сам спадар Мікола гаворыць, што яго натхніла нядаўняе інтэрвію Ўладзімера Арлова, знакамітага пісьменьніка-земляка.
«Галоўная прыкмета гэтай тэндэнцыі да заняпаду Полацку ва ўсіх навідавоку. Ужо два гады як у цэнтры гораду турыстаў палохае разьбіты барбарамі-беларусафобамі ўнікальны, адзіны ў Беларусі і ў сьвеце культурны аб’ект — матэрыяльны сымбаль літары «Ў». Пра гэта дзясяткі разоў пісала дзяржаўная і недзяржаўная прэса, прымала пастановы Таварыства беларускай мовы, але з раённых уладаў як з гусі вада!

Відавочна дэградуе адна з галоўных турыстычных вуліц — вуліца Ніжне-Пакроўская, на нашых вачох на ёй зьнікае драўляная забудова канца 19 — пачатку 20 стагодзьдзяў. Незадоўга да таго, як горад ператварылі ў шараговы райцэнтар, з ініцыятывы віцебскага абласнога кіраўніцтва была прынятая праграма разьвіцьця Полацку, якая прадугледжвала рэгенэрацыю тэрыторыі Верхняга замка і расчыстку рэчышча Палаты ад Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра да Дзьвіны са стварэньнем так званай «сьцежкі Эўфрасіньні». Гэтая праца на сёньняшні дзень спыненая. Разбураюцца незакансэрваваныя руіны бэрнардзінскага касьцёла ў Задзьвінні. І гэты сумны пералік я мог бы доўжыць і доўжыць».

Лёс Полацку, раней паўнавартаснага гораду, а цяпер шараговага райцэнтру, зьмяніў указ Аляксандра Лукашэнкі № 27 ад 14 студзеня 2013 году. Паводле гэтага дакумэнту, былі аб’яднаныя ў новыя адміністрацыйныя адзінкі Полацак і Полацкі раён, а таксама Ворша і Аршанскі раён. Былі скасаваныя органы гарадзкой улады — гарсаветы і гарвыканкамы. У Полацку цяпер існуюць толькі райсавет і райвыканкам, падпарадкаваныя Віцебскаму аблвыканкаму. Гэта было зроблена нібыта дзеля «канцэнтрацыі матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў». На справе рэсурсаў не паболела, а паменела: Полацак абласныя ўлады цяпер разглядаюць як шараговы райцэнтар, мала зважаючы на ягоную гістарычную ролю і турыстычны патэнцыял.
Каментары