Ліст чытачкі: «Мяне засмуціў фотарэпартаж з правінцыі «Дзень задаўся»

Мяне засмуціў не сам фотарэпартаж з правінцыі «Дзень задаўся», а ўвогуле тая сацыяльная несправядлівасць, якая пануе цяпер.
Думала над гэтым фотаартыкулам. Журналіст, безумоўна, зрабіў класную фотаздымку, дзе пакадрава адлюстроўваецца дынаміка працэсу — ад пачатку і да канца. І фоткі, безумоўна, якасныя. Але… І яшчэ раз але… У пошуках яскравых кадраў мы, журналісты, не павінны забываць, што мы людзі і вакол нас людзі.
Ці варты самыя класныя і якасныя здымкі нечага большага, людскага?
Вы зноў скажаце, што, маўляў, алкаша не трэба шкадаваць, што праз п’янства адбываюцца непапраўныя выпадкі. Але так чалавека паказваць на ўвесь свет і пісаць пры гэтым сцёбную тэкстоўку — няможна.
Я сама працую ў рэгіянальнай прэсе, і, калі па першым часе глытала правілы мясцовыя і «ўказкі», то пасля пачала душыцца гэтым — унутрана. Дысананс прывёў да дылемы: ці ты прымаеш мясцовыя правілы гульні (усхваленне ўлады, ніякіх праблем і ўсё «зэ бэст»), ці ты сыходзіш. Я знайшла іншы варыянт. Проста моцна люблю свой край і не ўяўляю свайго жыцця ў вялікім горадзе. Я проста «раскрыла парасон» і адмежавалася ад усялякай палітыкі, прамых ліній з мясцовай уладай і т.д. Я пішу пра вёскі, якія выміраюць, пра бабулек, якія яшчэ ўмеюць і ведаюць, што такое ткаць, пра абрады і традыцыі. Я — пад парасонам. Але, калі ў побытавым жыцці я раблюся сведкай сацыяльнай несправядлівасці, парасон знікае. Пагэтаму і ў выпадку з фотаздымкамі п'янага я не магу прамаўчаць, і ў школе, дзе вучыцца мая дачка, калі збіралі ў першым класе на навагоднія ранішнікі грошы, а ў дзяцей калгаснікаў са шматдзетнай сям’і іх не было, і хлопчык не пайшоў на першы ў сваім жыцці школьны навагодні ранішнік, я не змаўчала…
Веру ў тое, што свет выратуе не прыгожосць, хоць гэты выраз набіў аскоміну, — а мы з вамі.
Для гэтага журналістам трэба паказваць не толькі чорны, але іншыя колеры. Жыццё такое стракатае!
Каментары