Культура11

Лёгкі прыступ клясычнай шызафрэніі ў дзьвюх дзеях

У Купалаўскім чарговая варыяцыя сюжэту пра звар’яцелага валадара. Усё пазнавальна: маўклівы, а дакладней — адсутны народ; эліта часткова павыкопваная, а часткова прагінаецца пад уладу. Піша Аляксандар Фядута.

У Купалаўскім чарговая варыяцыя сюжэту пра звар’яцелага валадара. Усё пазнавальна: маўклівы, а дакладней — адсутны народ; эліта часткова павыкопваная, а часткова прагінаецца пад уладу. Піша Аляксандар Фядута.

Аўгуст Стрындбэрг дагэтуль лічыцца за аднаго з прызнаных клясыкаў сусьветнае драматургіі, рэфарматара тэатру поруч з Гэнрыкам Ібсэнам і Антонам Чэхавым. А ягоны «Эрык ХІV» — за адну з самых касавых трагедый сусьветнага рэпэртуару. Зрэшты, Валер Раеўскі чарговага разу замахнуўся амаль што «на Ўільяма нашага Шэксьпіра». Абодва бакі абышліся лёгкім сполахам і засталіся ў відавочным выйгрышы: трагедыя Стрындбэрга ўжо столькі гадоў зьбірае аншлягі ў Купалаўскім і ня страчвае сваёй тэатральнай надзённасьці.

Раеўскі паставіў бэнэфіс — для ўсіх.

Перадусім — для Барыса Герлавана, галоўнага мастака тэатру. Герлаван адзеў сцэну ў тое, з чым, паводле яго, асацыюецца Швэцыя — у камень і ваду. Знаўцы падказваюць, што і камень ня той, і ў спалучэньні з вадой ён уласьцівы, баржджэй, Нарвэгіі, чымся Швэцыі. Але відовішча адшліфаванага да бляску палацавага граніту, які пазелянеў ад часу ды вільгаці, наўрад ці пакіне каго з гледачоў абыякавым. Як і велізарны рухомы люстраны крыж, у якім адбіваюцца і асобы, і лёсы дзейных асобаў, і вада, якая бесьперапынна сьцякае кудысь у нябыт — як само жыцьцё. У вадзе плёскаюцца, пускаюць караблікі, ладзяць вясельле і рыхтуюцца чыніць злачынствы. Дзякуй Богу і драматургу, у п’есе не прадугледжаная эротыка, бо іначай, калі б на месцы Стрындбэрга быў Дудараў, мы ўбачылі б мокрыя сьпіны спакутаваных ад любові пасярод басэйну герояў.

Выключна ўдалыя касьцюмы. Урэзваецца ў памяць крывавая скураная ўніформа прапаршчыка Макса (Сяргей Чуб), які насьмеліўся стаць супернікам звар’яцелага караля — і які распластаўся ў сьмяротнай стоме на балотнага колеру падлозе. Шыкоўныя бела‑залатыя ўбраньні сям’і Стурэ — як белая вопратка і адначасова пакрывалы нявінна забітых. Відавочна анахранічнае да апісанага часу каралеўскае адзеньне — чымсьці нагадвае фрэнчы, што былі ў модзе на пачатку мінулага стагодзьдзя, — і скураная вопратка Ёрана Пэрсана (Мікалай Кірычэнка), які непрыхавана адчувае садамазахісцкую асалоду ад блізкасьці да караля і нават ад непазьбежнай як на тыя ўмовы сьмерці.

Ёран Пэрсан, чалавек з народу, які даслужыўся да высокай дзяржаўнай пасады дзякуючы адданасьці і гатоўнасьці праліць кроў (чужую) за свайго гаспадара (хоць, урэшце, і сваю давядзецца праліць), — «адзіны дзяржаўны муж у краіне», са словаў яго галоўнага ворага герцага Юхана (невялікая, але традыцыйна адшліфаваная акторская работа Ігара Дзянісава). У інтэрпрэтацыі Мікалая Кірычэнкі ён робіцца ня так злым геніем Эрыка (як гэта было ў Стрындбэрга), як ягоным рашучым і валявым альтэр эга. Усё, чаго нестае каралю, дапаўняе ягоны дзяржсакратар (ён жа — і пракуратар). Ён можа і роднага пляменьніка паслаць на забойства — у імя караля. І скруціць парлямэнт у бараноў рог — дзеля караля. І нават гіне ён разам з каралём, разумеючы, што аддзяліцца ад яго і зажыць уласным жыцьцём ужо ня зможа. У апошняй сцэне яны застануцца ўдвох — як сіямскія блізьнюкі: заб’юць аднаго, памрэ і другі.

Трагедыя Стрындбэрга — зьлёгку скарочаная і адаптаваная Валерам Раеўскім — будуецца прыкладна так сама, як калісь архітэктары пабудавалі былы праспэкт імя Сталіна ў беларускай сталіцы. Праспэкт спраектаваны як чарада плошчаў, нанізаных на галоўную вуліцу краіны. Раеўскі нанізаў на стрындбэргаўскі сюжэт чараду цудоўных мікрадвубояў, дзе кожны з актораў мае шанец бліснуць — словам, жэстам, мізансцэнай. Вось сыходзяцца Свантэ Стурэ (Уладзімер Рагаўцоў) і Ёран Пэрсан — і высакамерны і самаўпэўнены Стурэ ў нас на вачох ператвараецца ў ахвяру, згінаючы шыю перад вяршніком, акурат як перад сякерай ката. Вось бацька каралеўскай каханкі салдат Монс (бліскучы Генадзь Гарбук) кідае гнеўныя словы ў караля, які зьняважыў ягонае імя, — і перамагае яго, нават не адчуваючы ад гэтага асалоды. Вось каралева‑ўдава (Яўгенія Кульбачная) кленчыць перад каралеўскай лярвай Карын — і столькі велічы ў гэтай каралеве, якая просіць літасьці ў лярвы — і адначасова помсьціць пасынку — за зьнявагу!

Салдацкая дачка Карын Монсдотэр у выкананьні Сьвятланы Анікей робіцца, поруч з Пэрсанам‑Кірычэнкам, яшчэ адным адкрыцьцём гэтага спэктаклю. У Стрындбэрга Карын ня любіць Эрыка. Проці сваёй волі яна зрабілася ягонай палюбоўніцай — і застаецца палоннай, нават стаўшы законнай жонкай. Але спн. Анікей пераконвае нас у адваротным: колькі Карын ні казала б сама сабе, што яна нешчасьлівая ў сваім каханьні, — не, шчасьлівая! І кахае яна Эрыка, а ня толькі шкадуе. І ня здраджвае яна яму, паддаючыся на ўмаўленьні падступнай каралеўскай мачахі і забіраючы дзяцей ад бацькі, але ўцякае да гэтага свайго каханьня, спрабуючы не зрабіць каханага яшчэ больш няшчасным, чым ён ёсьць.

Адцемім адразу: убачыўшы імя Сьвятланы Анікей у праграмцы, я быў спалохаўся, успомніўшы яе ў «Сымону‑музыку», дзе яна абсалютна гістэрычна грала Ганну. Увогуле я не прыхільнік гістэрычных дзяўчат, тым болей — на сцэне. Але ў ролі Карын спн. Анікей выявіла незвычайны такт і дакладнасьць у выбары псыхалягічных фарбаў.

Можна апісваць і далей, выказваючы сваё захапленьне ўбачаным — скажам, цалкам сабачае абтрасаньне вады ў капрала каралеўскага спэцназу Пэтэра Вэлямсана (мяне ўжо папракаюць у глядацкай прыхільнасьці да Вячаслава Паўлюця) ці «паўмілорд‑паўюрыст» Юленшэрна (як заўсёды беззаганная ігра Аляксандра Падабеда). Але, урэшце, трагедыя Стрындбэрга названая імем галоўнага героя.

Галоўным героем (у сэнсе — акторам) Купалаўскага, відаць, стаў Алег Гарбуз. Перадаючы ўражаньні ад ягонага Макбэта, я ўжо выказаў свае асьцярогі: ці не пачне гэты цудоўны характарны актор штампаваць венцаносных вар’ятаў з спэктаклю ў спэктакль, не зважаючы на адрозьненьні аўтарскай пазыцыі і спэцыфікі вобразу? Першая дзея «Эрыка» мяне, па шчырасьці, расчаравала. Мне падалося, што Гарбуз грае ня так беднага Эрыка, як беднага Ёрыка, блазна, які з волі лёсу атрымаў карону і ставіцца да яе несур’ёзна, па‑дзіцячы. Гэтыя інтанацыі пакрыўджанага дзіцяці ўжо гучалі — акурат у «Макбэце». Толькі там вар’яцтва авалодвала каралём пакрысе — а ў «Эрыку» Гарбуз «здае» свайго героя адразу і з усімі трыбухамі: перад намі клясычны тып чалавека, які зьдзяцінеў і тым самым ператварыў свой палац у сцэну для трагедыі. Ён нават з склепу, дзе на ягоны загад на ягоных вачах і зь ягоным беспасярэднім удзелам толькі што зарэзалі цэлую сям’ю, выходзіць з такім выглядам, нібыта ў яго нарэшце атрымалася папоркацца ў нялюбай цацачцы і паглядзець, як жа яна ўладкаваная. Спачуваеш не яму — спачуваеш навакольным.

Гэта потым, напрыканцы другой дзеі, ты разумееш, што насампраўдзе ён добры, што ўсё так і было задумана — ну і няхай кароль шызік, але затое ён з народам і народ за яго. Што праўда, калі кароль і ягоны верны служка і сябра Пэрсан ужо рыхтуюцца стаць ахвярамі дваран‑змоўцаў, народу на месцы не аказваецца, і тады ўжо Эрыку‑Гарбузу застаецца толькі з шчырым зьдзіўленьнем абвесьці вачыма глядацкую залю. Народ не маўчыць — ён адсутнічае як такі. Алькаголік салдат Монс, колькі ні спрабаваў бы яго граць вестуном народнае праўды Генадзь Гарбук, і ўласнага гонару абараніць ня можа — куды ж яму караля ратаваць?

Розумам я асэнсоўваю, што Гарбуз — вельмі добры актор (гэта нават у рэклямных роліках відаць). Але пазбаўленьнем швэдзкае дзяржавы ад яе караля нам даводзіцца толькі цешыцца. Што я і раблю, ня могучы зразумець: наколькі такая трактоўка супадае з трактоўкай Аўгуста Стрындбэрга і Міхаіла Чэхава, які ўславіўся акурат гэтай роляй. Маю слабае падазрэньне, што не супадае. Але раз, як пісаў Рыгор Скаварада, «всяка імеет свой ум голова», то будзем лічыць, што маё меркаваньне — толькі прыватнае меркаваньне аднаго з гледачоў, які па блату трапіў у перапоўненую тэатральную залю.

А Эрыка, як на мяне, добра сыграў бы Ігар Дзянісаў. Не дзяцінеючы пры гэтым. Зрэшты, згодна з Гісторыяй, а ня толькі з п’есай Стрындбэрга, менавіта ягонаму герою карона і дастаецца. Калі б — ад самага пачатку!

Каментары1

Цяпер чытаюць

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»29

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Усе навіны →
Усе навіны

«У бліжэйшыя гадзіны вырашыцца лёс 29% тэрыторыі ДНР, што засталіся пад кантролем Украіны»2

У Мінскай вобласці ёсць поле, поўнае сланечнікаў

«Мы думалі, Мінск — калгасны горад». Расіянка шчыра здзівілася, чаму адграбла ў тыктоку ад беларусаў23

У Брэсцкім ІЧУ здарыўся пажар, ратавальнікаў не хацелі пускаць

Блогерцы не прадалі рэчы ў Парыжы з-за беларускага пашпарта22

Генпракуратура заявіла, што ў лагеры смерці «Трасцянец» было знішчана 546 тысяч чалавек, што ў 2,5 разы больш, чым лічылася раней19

Галоўчанка выпусціў першую беларускую залатую манету з «беларускай сыравіны»4

У Гродне напісалі партрэт Караніка. Яго павесілі ў адной галерэі са Сталыпіным6

Украінец, які прыйшоў са сцягам УПА на канцэрт Каржа, запісаў выбачальнае відэа38

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»29

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць