Грамадства66

У Беларусі адзначаецца Дзень Рэспублікі

У Беларусі 3 ліпеня адзначаецца галоўнае афіцыйнае свята — Дзень Незалежнасці (Дзень рэспублікі).

Сёлета «супольнай мастацкай дамінантай» культурных мерапрыемстваў святкаванняў улады вырашылі зрабіць тэму вышыванкі. «Вышыванка з'яўляецца візітнай карткай беларусаў і своеасаблівым сімвалам-абярэгам нацыі», — патлумачыла журналістам начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Мар'яна Нікалаева.

Галоўнай падзеяй свята стане ваенны парад каля абеліска «Мінск — горад-герой» на праспекце Машэрава. Першапачаткова планавалася, што ён пачнецца ў 11.00, але затым арганізатары вырашылі перанесці пачатак на 10 гадзін у сувязі са спякотай (у Мінску сёння прагназуецца да 30°С).

Мінабароны паведамляла, што ў парадзе будзе задзейнічана каля 5 тысяч чалавек — курсанты Мінскага ваеннага сувораўскага вучылішча, Ваеннай акадэміі і ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, ваеннаслужачыя 120-й асобнай механізаванай брыгады, часцей ВПС і войскаў СПА, войскаў сувязі, супрацоўнікі Дзяржпагранкамітэта і МНС, байцы 3-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС, сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл (38-я і 103-я асобныя мабільныя брыгады).

У парадзе возьмуць удзел расійскія вайскоўцы — ваеннаслужачыя 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі Узброеных сіл РФ, а таксама бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі Су-34 і Су-30.

Праходжанне механізаванай калоны ў рамках парада адкрые тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны: танкі Т-34-85, ІС-2, самаходная артылерыйская ўстаноўка Су-100, першая рэактыўная сістэма залпавага агню БМ-13 «Кацюша». Будзе таксама прадстаўленая сучасная тэхніка, якая знаходзіцца на ўзбраенні беларускай арміі, у паветраным эшалоне будуць задзейнічаныя 24 самалёты і 15 верталётаў.

Ад традыцыйнага спартыўнага маладзёжнага шэсця пасля ваеннага парада сёлета вырашана адмовіцца.

На працягу дня ў раёне Палаца спорту на праспекце Пераможцаў і на тэрыторыі Верхняга горада пройдуць канцэртныя праграмы, будзе працаваць «Горад майстроў». Культурна-забаўляльныя мерапрыемствы і гулянні пройдуць ва ўсіх раёнах сталіцы.

У 21.00 на пляцоўцы каля абеліска «Мінск — горад-герой» пачнецца гала-канцэрт. Ён працягнецца дзве гадзіны і завершыцца традыцыйнай акцыяй «Праспяваем гімн разам», пасля чаго адбудзецца святочны салют.

У Мінску салют будзе дадзены ў шасці месцах — каля стэлы «Мінск — горад-герой», у ваенным гарадку Уручча, у раёне вадасховішча Дразды і аэрапорта Мінск-1, а таксама на пустках ля Чыжоўскіх могілак і каля Навінак. На працягу 10 хвілін будзе дадзена 30 залпаў.

У сувязі са святочнымі мерапрыемствамі ўносяцца змены ў працу грамадскага транспарту.

З 6.30 і на час правядзення ваеннага парада змяняюцца трасы шэрагу аўтобусных маршрутаў, якія праходзяць па праспекце Машэрава. Колькасць рухомага складу на некаторых тралейбусных і аўтобусных маршрутах будзе павялічаная, а час іх працы прадоўжаны. Поўная інфармацыя пра змены размешчаная на сайце ДУ «Сталічны транспарт і сувязь» gusts.minsk.by.

Метро сёння будзе працаваць у рэжыме выхаднога дня і зачыніцца для пасажыраў у гадзіну ночы. Толькі на некаторы перыяд інтэрвал руху цягнікоў скароціцца: з 8.00 да 13.00 і з 19.00 да 24.00 ён складзе 3 хвіліны, з 13.00 да 19.00 — 5 хвілін.

Рашэнне святкаваць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня было прынятае падчас рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года. Да гэтага галоўнае дзяржаўнае свята адзначалася 27 ліпеня — яно было прымеркаванае да даты падпісання Вярхоўным Саветам БССР у 1990 годзе Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Беларуская апазіцыя не прызнае афіцыйны Дзень Незалежнасці, лічачы, што адлік незалежнасці дзяржавы варта весці з моманту абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікай Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 25 сакавіка 1918 года. Штогод прадстаўнікі апазіцыі і іх прыхільнікі святкуецца 25 сакавіка Дзень Волі.

Каментары6

«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў4

«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння Дзень беларускай вайсковай славы. Яе традыцыі працягваюць добраахвотнікі-каліноўцы14

Якія аўто з Еўропы часцей за ўсё прыганяюць беларусы ў 2025 годзе. Расказваюць эксперты6

Сіманьян расказала, якую аперацыю ёй правядуць13

Прапагандыстка СТБ пайшла на журфак БДУ выкладаць «прафесійнае майстэрства»10

«На абеды і вячэры не траціла больш за 5 BYN». Беларуска — пра свае выдаткі на падарожжа ў Жыровіцкі манастыр1

Ці можна прывезці з-за мяжы вазон з раслінай? Адказалі мытнікі1

Мінчук вылавіў у цэнтры сталіцы 10-кілаграмовага шчупака2

Крэмніевая даліна знаходзіць Бога: як тэхнагіганты звяртаюцца да рэлігіі і правых поглядаў18

Ад млоснасці падчас паездкі выратуе правільны плэй-ліст1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў4

«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць