У лябірынтах беларускага палітычнага й эканамічнага жыцьця спрабаваў разабрацца брытанскі журналіст Ніл Барнэт.
Менск ніяк нельга назваць папулярным месцам спаміж прадпрымальнікаў ды іншаземных інвэстараў, аднак, выглядае, што Аляксандар Лукашэнка, нязьменны лідэр Беларусі, прыняў рашэньне зьмяніць сытуацыю. Не, распускаць калгасы й аслабляць крыху навязьлівую ўвагу КДБ да бізнэсу ніхто ня будзе. Але: Лукашэнка (а ён — эўрапейскі адказ Кім Ір Сэну, ня менш), дык вось, Лукашэнку патрэбныя грошы. Калі? Учора! Чаму? Ды таму, што танны газ з Расеі ўжо не такі танны, а на ім эканоміка Беларусі ў асноўным і трымалася. «Газпрам» падымае цэны: у 2006 годзе тысяча кубамэтраў каштавала мізэрныя сорак сем даляраў, цяпер — сто дзевятнаццаць. Вядома, гэта ўсё роўна танна (эўрапейскія краіны плацяць прыкладна па трыста семдзесят даляраў), але вось беларуская эканоміка, якая мала адрозьніваецца ад савецкай эпохі Брэжнева, спазнала шок, параўнальны з ломкай у наркамана.
Горш за тое, калі б беларусы не пагадзіліся прадаць «Газпраму» сваю кампанію‑апэратара трубаправода, цана была б яшчэ вышэйшай, ды й у кожным разе ў найбліжэйшыя гады яна павысіцца да ўзроўню рынкавай. Пакуль яшчэ Масква згодная забясьпечваць Лукашэнку сырой нафтай за танна, а ён можа ачышчаць яе й збываць у Эўразьвяз, але ўсё роўна для яго надыходзяць цяжкія часы. Ужо шэраг найбуйнейшых беларускіх банкаў выстаўленыя на аўкцыён; ужо, кажуць, адкрыты доступ замежных інвэстараў на тэндар для будаўніцтва новага атамнага рэактара. Менску патрэбныя грошы, але Менску патрэбныя й крыху больш цёплыя стасункі з Захадам.
Беларусь зазнае вялікія праблемы зь іміджам — працоўныя лягеры, рэпрэсіі, ды й агульны правінцыйны водар кіслай капусты. Лукашэнка зрабіў даволі разумна, калі зьвярнуўся да лорда Бэла з просьбай выправіць становішча. Сам Бэл, кароль піяру, адгукнуўся на гэта так: «Яны папрасілі нас зрабіць прапанову, мы зрабілі, і цяпер чакаем адказу».
Калі прапанова будзе прынятая, Беларусь зойме сваё месца ў сьпісе кліентаў лорда Бэла (даволі дзіўная кампанія атрымліваецца: Маргарэт Тэтчэр, Барыс Беразоўскі, нябожчык Аляксандар Літвіненка і Аляксандар Лукашэнка).
«Лукашэнка сказаў мне, што ўжо шмат гадоў ігнараваў праблему зьнешніх сувязяў, а цяпер настаў час выправіць становішча. Яму трэба прыцягнуць іншаземныя інвэстыцыі, а яшчэ яму трэба палепышыць стасункі з Захадам», — патлумачыў Бэл. Магчыма, я рызыкую падацца крыху старамодным, але ўсё ж скажу, што праблема Беларусі, магчыма, ня ў іміджы, а ў ёй самой.
Калі грошы патрэбныя Лукашэнку для таго, каб аслабіць сваю залежнасьць ад Масквы, то гэта зусім ня значыць, што ён вырашыў перамяніцца й стаць дэмакратам. Яму вядома, што. пры ўсім мастацтве піяр‑кампаніі Bell Pottinger, чалавеку, які паводзіць сябе як усходнія дэспаты, ніколі не набыць павагі ў дэмакратычным сьвеце. Выдатна ён ведае й тое, што ягоны найлепшы сябра з Расеі — амаль такі самы тыран, як і ён сам. Лукашэнка проста хоча ня даць сяброўскім абдымкам расейскага мядзьведзя перарасьці ў мёртвую задушлівую хватку. Камэнтуе лорд Бэл: «Яму не патрэбныя такія сябры, з‑за якіх ён ня можа сябраваць з усімі астатнімі».
У часе «халоднай вайны» гэтак сама паводзілі сябе абсалюта не падобныя адзін да аднаго камуністычныя царкі, Ціта й Чаўшэску. Ціта дазваляў грамадзянам сваёй краіны езьдзіць на заробкі ў Заходнюю Эўропу, а Чаўшэску будаваў прадпрыемствы авіяіндустрыі супольна з British Aerospace (Rombac‑111); абодва раскашавалі на танных пазыках з Захаду, якія Захад з радасьцю выдаваў, спадзеючыся гэтым аддаліць іх ад Масквы. Лукашэнка нашмат болей падобны на Чаўшэску, чым на Ціта: спадзяюся, зрэшты, што інтарэсы камэрцыі ня возьмуць верх і яму ня будзе зладжаны афіцыйны візыт у Лёндан. У 1978 годзе сужонства Нікалае й Алена ня толькі наведалі Вялікабрытанію, але й спыніліся ў Букінгемскім палацы, Чаўшэску атрымаў пасьвячэньне ў рыцары, а ягоная жонка папрасіла сяброўства ў Каралеўскім таварыстве (за дасягненьні ў галіне хіміі). На жаль, ангельскае пасольства ў Бухарэсьце змагло падаць доказы поўнай ейнай непрыдатнасьці (за выняткам найвышэйшага балу па кройцы й шыцьці), і дасягненьні Алены засталіся непрызнанымі.
Як звычайна ў выпадку з краінамі былога камуністычнага лягеру, першымі заварушыліся аўстрыйцы. Летась GSM‑апэратар сотавай сувязі «Вэлком» быў прададзены Telecom Austria (з дапамогай нейкага загадкавага гішпана‑кіпрскага пасярэдніка). Банк Raiffeisen, чые сувязі з чырвонымі прыгажунамі ўжо сталі пагалоскай, у 2002 годзе набыў «Прыёрбанк». Ён нічым не адметны, апроч таго, што раней меў гордую назву «Менскі інавацыйны банк». Але ў найбліжэйшыя гады будзе прыватызаваны таксама лідэр рынку «Беларусь‑банк» і яшчэ тры іншыя банкі. Выглядае, што вакол гэты ласых кавалкаў усчыненцца звада між цэнтральна‑эўрапейскімі банкамі: аўстрыйскім Erste, нямецкім Commerzbank, вугорскім OTP; магчыма, паўдзельнічаюць яшчэ грэкі й італьянцы. Краіна, можа, і дзіўная, але хіба гэта нагода ігнараваць некрануты рынак зь дзесяці мільёнаў патэнцыйных пакупнікоў?
Такім чынам, акулы транснацыянальнага капіталу наступаюць, а беларусы толькі радыя. Лукашэнка, трэба аддаць яму належнае, здолеў абараніць сваю краіну ад бедаў, якія паразілі постсавецкую (і дапуцінскую) Расею: заробкі й пэнсіі выплачваліся своечасова, бандыты не стралялі па рэстаранах з гранатамётаў. Праблема хутчэй у тым, што й саміх рэстаранаў было малавата: беларусы добраахвотна жывуць у шэрым, бясколерным сьвеце. Кіеў у параўнаньні зь Менскам выглядае як Нью‑Ёрк: там бруіць жыцьцё, там пэрыядычныя выбухі хаосу, там няроўнасьць і разборкі ўсіх з усімі, але гэта выдаткі свабоды. А ў Беларусі палітычных зрухаў не прадбачыцца; краіна, накшталт Кітаю, будзе пераўвасабляцца толькі праз гандаль і фінансы. На самай справе свабодная эканоміка пад кіраўніцтвам аўтарытарнай палітычнай сыстэмы — гэта нешта з вобласьці футурызму. Напэўна, Лукашэнка візыянэр і ўмее заглядаць у будучыню.
Трапіць у Беларусь было ня дужа лёгка. Мардаты мужык за візавым акенцам застаўся абыякавым да выгляду майго пашпарту, і да выгляду запоўненых мной анкет. Іншых пасажыраў ужо прагналі цераз фільтар бюракратыі, а я ўсё чакаў, дзьве гадзіны безь якіх‑кольвек тлумачэньняў, пакуль шматлікія чынушы бегалі ўзад і ўперад, па чарзе хапаючыся за мой пашпарт, нібыта гэта граната з вырванай чакой. Я ветліва запытаў, чаму мяне затрымліваюць і калі маюць намер адпусьціць; тады гэты ёлуп выскачыў з будкі й гаркнуў: «Сядзі на месцы!». Напэўна, я быў у іх у сьпісе ворагаў народу; а можа, яны з уласьцівай ім падазронасьцю вырашылі, што я журналіст. Я раззлаваўся, жартам прыгразіў патэлефанаваць у пасольства, і тады разьюшаны мужык сказаў, што мае дакумэнты ў поўным парадку й што я магу знаходзіцца ў іхняй краіне.
Хто‑ніхто зь бізнэсоўцаў сьцьвярджае, што займацца бізнэсам у Беларусі на дзіва лёгка й проста. Вядома, яны па‑свойму маюць рацыю. Але сутнасьць у тым, што яны толькі карыстаюцца шчодрасьцю непрадказальнага тырана, разьлічваць на якога ў доўгатэрміновым пэрыядзе, вядома ж, нельга. Калі пачнуцца праблемы, не дапаможа ні суд, ні старэча Найджэл з амбасады. Адцемлю пры канцы, што ўвесь той час, пакуль я знаходзіўся ў краіне, ад аэрапорту да аэрапорту, мяне не пакідала адчуваньне, што за мной віжуюць. Зрэшты, гэта цалкам магло быць і ілюзіяй.
Каментары