Гомельская чыноўніца адсудзіла ў працадаўцы 10 тысяч долараў і раскрыла свой заробак. Верагодна, пазоў аплацяць з гарадскога бюджэту
Гомельскі абласны суд разглядзеў пазоў былой кіраўніцы дзяржаўнай установы «Гомельскі гарадскі цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы фізічнай культуры і спорту». Аказалася, што ў такой дзіўнай установе з сумнеўнай карыснасцю плацілі някепскія грошы. А кампенсацыя будзе яшчэ лепшай, заўважыў «Флагшток».

Па рашэнні гарвыканкама напрыканцы 2024 года гэты Цэнтр быў рэарганізаваны ў, імаверна, не менш карысны «Гомельскі гарадскі цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый». Былая кіраўніца, кантракт якой заканчваўся толькі ў сакавіку 2025 года, засталася без пасады.
Ёй прапанавалі іншае месца, але не на пасадзе дзяржаўнага служачага, таму чыноўніца адмовілася ад такога варыянта.
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля, які разглядаў яе грамадзянскую справу, чыноўніца дамаглася прызнання таго, што звальненне было зроблена «з парушэннем парадку і ўмоў спынення працоўнага дагавора, у сілу чаго з’яўляецца незаконным», гаворыцца ў інфармацыі суда.
Ісціца патрабавала аднаўлення на працы, але паколькі ўстановы, якую яна ўзначальвала, ужо не існуе, замест гэтага суд прапанаваў спагнаць з рэарганізаванай дзяржустановы на карысць ісціцы дзесяціразовы сярэднемесячны заробак у памеры 32 396,5 рубля і адмовіць у аднаўленні на працы. Ісціца пагадзілася з такой прапановай.
Атрымліваецца, што яе месячны заробак на канец 2024 года складаў амаль 3 240 рублёў — гэта больш за 1 тысячу долараў.
Цяпер выплачваць былой чыноўніцы суму больш за 10 тысяч долараў у эквіваленце давядзецца «Гомельскаму гарадскому цэнтру па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый», то бок грошы на аплату, верагодна, возьмуць з гарадскога бюджэту.
Цікава, што на такое рашэнне раённага суда пракурор падаваў пратэст, а адказчык — скаргу. Але абласны суд пакінуў рашэнне ў сіле.
Каментары