Што застаецца рабіць чалавеку творчай прафэсіі ва ўмовах рэжымаў, зь якімі можна альбо толькі змагацца, альбо супрацоўнічаць? Піша Алег Дзярновіч.
Што застаецца рабіць чалавеку творчай прафэсіі ва ўмовах рэжымаў, зь якімі можна альбо толькі змагацца, альбо супрацоўнічаць? У часы, калі эпоху апаноўвае эратычнае цягненьне да «народу» — у жаноцка‑таямнічую глыбіню, а публічна агучваецца адмаўленьне ад эгалітарнага прагрэсу ды спакусаў сучаснае цывілізацыі.
Нямецкі літаратар Готфрыд Бэн, на самой справе адзін з найбуйнейшых лірыкаў мінулага стагодзьдзя, нарадзіўся ў 1886 г. і быў сынам пратэстанцкага пастара — таксама, як і Ніцшэ, Гесэ, Юнг… Ягонае жыцьцё прыйшлося на самыя драматычныя пэрыяды ХХ ст. — ён перажыў дзьве Сусьветныя войны, росквіт барбарства ў сваёй краіне і ягоны крах. Індывідуаліст і мужны скептык, Бэн меркаваў, што «спадзявацца — значыць мець фальшывыя ўяўленьні пра жыцьцё».
Але ў Готфрыда Бэна заўжды было чым зарабіць на жыцьцё — ён скончыў Ваенна‑мэдычную акадэмію імя кайзэра Вільгельма і шмат гадоў меў у Бэрліне ўласную практыку дэрматоляга. У пачатку дваццатых гадоў Бэн дэбютаваў экспрэсіўнай, эпатажнай паэзіяй; галоўнай яе тэмаю быў адваротны бок працы мэдыка, пераважна хірурга і патолягаанатама — антыэстэтыка чалавека, які пакутуе, які расьсечаны і адчувае распад прыроды. У ягонай творчасьці спалучаўся халодны жаргон лекара зь вялікімі ўзьлётамі лірыкі. На мяжы 1930‑х Бэн стаў вядомым, яго цанілі ў літаратурных колах.
Дык вось, у гэтага безнадзейнага стоіка быў адзін момант у жыцьці, калі яму падалося, што сьвет можна адрадзіць — і гэтыя спадзяваньні былі зьвязаныя з нацыянал‑сацыялізмам. На імгненьне Бэну прымроіўся гул гісторыі. У выніку ён ня зьехаў з нацысцкай Нямеччыны і апынуўся адным зь нешматлікіх па‑сапраўднаму значных нямецкіх пісьменьнікаў, які не эміграваў і застаўся там, дзе ягоны «народ, да няшчасьця, быў».
Гэта не прайшло незаўважана для ўсіх. Клаўс Ман, старэйшы сын Томаса Мана, 9 траўня 1933 г. з‑пад Марсэля напісаў Бэну знакаміты ліст‑дакор:
«Дарагі і шаноўны спадар доктар Бэн,
…у сутнасьці, Вы застаецеся АДЗІНЫМ нямецкім пісьменьнікам, зь якім мы лічымся, які не заявіў пра свой выхад з Акадэміі. Тое, што не зьдзіўляе ў выпадку… з Х і чаго варта было чакаць ад Y, які з цудоўнай пасьлядоўнасьцю грае ролю Гіндэнбурга нямецкай літаратуры, — у Вашым выпадку выклікае жах. У якім грамадзтве Вы засталіся? Чаго Вы можаце дасягнуць, прадастаўляючы Вашае імя, якое было для нас сымбалем найвышэйшага культурнага ўзроўню і проста‑такі фанатычнай чысьціні і шчырасьці, у распараджэньне тых, чыё бескультур’е ёсьць абсалютна беспрэцэдэнтным у эўрапейскай гісторыі і ад маральнай недобрасумленнасьці якіх з грэблівасьцю адвярнуўся ўвесь сьвет? Колькіх сяброў Вы згубіце, калі супрацоўнічае зь людзьмі, вартымі духоўнае нянавісьці, і што за сяброў Вы набудзеце ў Вашым цяперашнім фальшывым становішчы? Хто вас там зразумее?… А дзе ж прыхільнікі Вашага таленту?… Маладыя Вашыя прыхільнікі, якіх я ведаю, сядзяць сёньня па маленькіх гатэлях Парыжу, Цюрыху, Прагі, а Вы, Вы — іхны кумір, працягваеце гуляцца ў акадэміка ГЭТАЙ краіны».
У сваім адказе, абвешчаным публічна, Готфрыд Бэн апеляваў да такога паняцьця, як народ:
«Вось мой адказ: я і надалей буду цаніць тое, што на мой погляд, каштоўнае і карыснае для нямецкай літаратуры, дзе б яно ні было — хоць у Лугана, хоць на ўзьбярэжжы Лігурыйскага мора… І хто я такі, каб заставацца ў баку, хіба я ведаю, як можа было б зрабіць лепей?… Народ — гэта так многа!… І паколькі я ўзгадаваўся ў вёсцы, сярод палёў і статкаў, я яшчэ ведаю, што такое радзіма. Вялікі горад, індустрыяльнае грамадзтва, інтэлектуалізм, усе цені, якія адкідвае эпоха на маю сьвядомасьць, уся моц гэтага стагодзьдзя, якой я супрацьстаю ў маёй творчасьці, — бываюць імгненьні, калі ўсё гэтае вымучанае жыцьцё зьнікае і не застаецца нічога — толькі раўніна, прастора, поры году, зямля, простае слова Народ».
Але тэма эміграцыі сапраўды закранула нямецкага паэта:
Аб працэсах, якія цяпер адбываюцца ў Нямеччыне, можна размаўляць толькі з тымі, хто перажыў іх разам са сваёй краінай, хто жыў гэтымі падзеямі штогадзінна з дня ў дзень… З тымі, хто ўцёк за мяжу, размаўляць немагчыма. Вы страцілі магчымасьць адчуць паняцьце народу, такое чужое Вам».
Ужо пазьней, пасьля вайны Готфрыд Бэн у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Doppelleben» — «Падвойнае жыцьцё», вернецца да праблемы эміграцыі:
«Эміграцыі, як уласна такой, Нямеччына ня ведала. Былі Маркс і Энгельс, якія зьехалі ў Лёндан у спадзяваньні на свой час…. Калі прадстаўнікі маёй генэрацыі і майго інтэлектуальнага кола пакідалі Нямеччыну, гэта не было ні палемічным жэстам, што зьявілася значна пазьней, ні ўцёкамі ад небясьпекі; сапраўдных памераў наступнага зыходу з краіны ў той час ніхто ня мог сабе ўявіць. Гэта былі ня столькі самаабарона, колькі поза, ня столькі акт барацьбы, колькі праява слабасьці. Эміграцыя як фронда правадыру — паняцьце да гэтага моманту зусім нечуванае».
Усё ж Бэну спатрэбілася менш за год, каб добра агледзіцца навакол. «Я па‑ранейшаму жыў у Бэрліне, працэс пераліўкі нацыі ішоў поўным ходам, а абставіны, зьнешнія і ўнутраныя, мяняліся ў такі спосаб, што мне прыйшлося задумацца над тым, як быць далей». Сумневы Бэна былі заўважаныя пераможнай уладай. Спачатку яго пачалі замоўчваць, потым, у 1935 г., абвясьцілі «культурбальшавіком», прыгадаўшы таксама сяброўства зь пісьменьнікамі‑габрэямі, і, нарэшце, у 1938‑м выгналі з Прускай акадэміі мастацтваў і Імпэрскай палаты пісьменнасьці (нешта падобнае на дзяржаўны Саюз пісьменьнікаў) ды забаранілі друкаваць ягоныя творы.
У выніку Бэн, паводле ўласных словаў, абраў «арыстакратычную форму эміграцыі» — унутраную. Ён вярнуўся да сваёй «асноўнай» прафэсіі — стаў ваенным лекарам у Гановэры.
«У літаратуры адбывалася тое ж самае, што і паўсюль. І тут да ўлады прыходзілі людзі, якія альбо ўвогуле ня мелі нічога супольнага з літаратурай, альбо спакусіліся на новыя магчымасьці ўзбагачэньня. На самым версе нярэдка аказваліся закончаныя падонкі. Не хачу пераходзіць на асобы. Калі сёньня я разважаю на гэтую тэму, я кажу сабе: неабходна валодаць незвычайным характарам і незвычайнаю ўнутранаю загартоўкаю, каб здолець замкнуцца ў самім сабе і трымаць сябе ў руках, калі вакол столькі спакусаў — і ўлада, і ўплыў, і грошы; адным дадзена ўстаяць перад такімі спакусамі, іншым — не».
І ўжо ня толькі сабе, але і нам Бэн кідае пытаньне: «Як магло здарыцца і да гэтага часу працягвацца, што Нямеччына пайшла за так званым урадам, гэтым паўтузінам крыкуноў, якія вось ужо больш дзясятку гадоў у адных і тых жа залях талдычуць адны і тыя самыя глупствы перад аднымі і тымі ж натоўпамі, што равуць, за гэтымі шасьцю паяцамі, якія вераць, што яны лепш за ўсіх ведаюць пра мінулыя стагодзьдзі і будучыя тысячагодзьдзі цэлага сьвету?»
Разважаючы пра вайну і перадваенны пэрыяд, Бэн пісаў, што «нельга не зьвярнуць увагу… на незвычайную экзістэнцыйную пустэчу сучаснага немца, у якога няма нічога з таго, што напаўняе ўнутранае жыцьцё іншых народаў: сур’ёзны нацыянальны зьмест, грамадзкія інтарэсы, крытыка, грамадзкае жыцьцё, …сапраўдныя традыцыі, — замест гэтага вакуўм з гістарычнымі недарэчнасьцямі, разбуранай сыстэмай адукацыі, ідыёцкай хлусьнёй урадавай прапаганды і танным спортам».
Затое можна насіць прыгожую форму — яна прыцягвае ўвагу, можна ліха рапартаваць, сур’ёзна схіляцца над мапай і ў суправаджэньні сьвіты зьяўляцца ў казарму ці завод — распараджацца, інспэктаваць, наганяць страху («Два разы я не паўтараю!», «Даведаецеся, калі будзеце чысьціць сарцір»). Усё гэта стварае ўражаньне напоўненасьці быцьця, асабістай значнасьці, далучанасьці да вялікай справы — «адным словам, дапамагае зжыць комплекс сярэдняга чалавека». Мастацтва забаранілі, прэсу зьнішчылі, на слова адказваюць куляй у патыліцу. На сёньня погляды і перакананьні хутчэй падобныя на мігрэнь — свайго роду спадчынная хвароба.
Адзін ягоны верш так і пачынаўся:
Leben — niederer Wahn!
Жыцьцё — найпадлейшае трызьненьне!
Бэн перажыў вайну, яму пашэнціла патрапіць не ў савецкую, а ў заходнюю зону акупацыі. І хоць заходнімі альянтамі на яго таксама была накладзеная забарона на друк, ён працягваў пісаць. З 1948 г. у Швайцарыі, а потым і ў ФРН пачынаюць выходзіць ягоны кнігі. У пасьляваеннай Нямеччыне, на руінах акупаванай дзяржавы, у атмасфэры хаосу, нацыянальнага прыніжэньня і адчуваньня віны за зьдзейсьненыя злачынствы, калі падавалася, што жыцьцё скончылася і няма на што абаперціся, Готфрыд Бэн, са сваім досьведам унутранай эміграцыі, паэт эўрапейскага маштабу, які перажыў жахлівыя гады разам са сваімі суайчыньнікамі і захаваў магутнасьць эўрапейскага духу, аказаўся фігурай, якая была проста неабходнай немцам таго часу.
«Падвойнае жыцьцё, у маім тэарэтычным разуменьні і практычным ажыцьцяўленьні, — гэта ўсьвядомленае расшчапленьне асобы, наўмыснае і мэтанакіраванае».
Каментары