Памёр 9-гадовы хлопчык, які адпачываў у летніку пад Бераставіцай
Хлопчык адчуў сябе кепска ў дзіцячым лагеры ў Бераставіцкім раёне. Яго забралі ў бальніцу, дзе ён памёр раніцай 11 чэрвеня.
9-гадовы хлопчык адпачываў на першай змене летняга аздараўленчага лагера. Яму стала дрэнна. Хлопчыка забралі спачатку ў Бераставіцкую бальніцу, а неўзабаве перавезлі ў дзіцячую абласную бальніцу ў Гродне, дзе ён памёр.
Прычына смерці пакуль невядомая. Паводле непацверджанай інфармацыі, хлопчык скардзіўся на болі ў жываце.
Начальнік аздараўленчага лагера Аляксандр Таргонскі параіў звярнуцца па каментар у следчы камітэт, ад уласных каментароў адмовіўся. У абедзвюх бальніцах у Бераставіцы і ў Гродне таксама адмовіліся растлумачыць тое, што здарылася і перанакіравалі ў следчы камітэт. Ва ўпраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкама адмовіліся ад каментара, патлумачыўшы, што дзіця памёрла не ў лагеры, а ў бальніцы. Даведацца ў Следчым камітэце прычыну смерці дзіцяці пакуль не ўдалося.
Каментары