Культура33

Пазытыў і музыка на любы густ

Фэстываль Be2gether, Беларусь-Літва. Відэа.

На пачатак фэсту ў Нарвілішках зьбіралася людзі і хмары. І як толькі першыя пацягнулася сустрэць N.R.M., дык другія адразу вывалілі на іх тоны вады . Кожны канцэрт N.R.M. — як рэфэрэндум. З Нарвілішак піша Сямён Чубкін.

To Be2gether or not to be

На пачатак фэсту ў Нарвілішках зьбіралася людзі і хмары. І як толькі першыя пацягнулася сустрэць N.R.M., дык другія адразу вывалілі на іх тоны вады . Кожны канцэрт N.R.M. — як рэфэрэндум. Адкрытае пацьвярджэньне ўсенароднай любові. Людзі сьпярша туліліся пад парасонамі, але ўчуўшы ад сваіх улюбёнцаў пра зламысныя намеры варожага гадзючніка, адгукнуліся: усе неяк так адначасова плюнулі, адпрэчылі парасоны і з камсамольcкім імпэтам сталі мясіць гразюку і вадзіць карагоды пад да непрыстойнасьці ашалелай залевай. Пад дырыжаваньне музыкаў сьпявалі хорам «Тры чарапахі» і «Песьні пра каханьне». Але, мяркуючы па тым, як натоўп суладна гарлаў напамяць усе песьні і заложна адбіваў такт па разгражанай глебе, гурт мог і ня граць зусім. Уяўляеце: на сцэне чацьвёрка N.R.M., нерухомая, заўзята маўчыць як юнак на дапросе, а мы ўсе навокал ачмурэлыя ад асалоды, фанацеем да зьнямогі і рубімся пад іх песьні, якія самі і сьпяваем.

Адвячоркам выступілі ізраільцы, з што ні на ёсьць чыста беларускім назовам — Infected mashrooms, «Заражаныя грыбочкі», чый гітарыст з коскай і залатой завушніцай нагадаў саліста «Статус‑Кво», такога сабе, у сучасным прыэлектроненым фармаце. Публіка выла ад захапленьня. І таму ці дзіва, што пасьля выступу ў вагончыку, што стаяў за 10 мэтраў ад беларускай мяжы, галоўны «грыбнік», саліст Аміт Дуўдэвані, натхнёны канцэртам і блізкасьцю радзімы чарнобыльскіх mushroomаў, схіліў сваю бліскучую як більярдны шар галаву і старанна крэмзаў якісь новы тэкст.

Апошні выступовец, брытанец Трыкі, увесь канцэрт напружана матляў галавой з карценькімі растамі і пад сьпевы сваёй сэксуальнай партнэркі па дуэце, час ад часу нават выкрыкваў асобныя словы. Здавалася, пасьля катарсісу, які прынесьлі слухачам энэрэмшчыкі і інфэкцыйнікі, пасьля бясоўскіх скокаў у гразі і нічым не прыхаванага каўбашаньня, зьдзівіць, а тым больш запаліць публіку было немагчыма. Чорта мы ўгадалі! Нясьпешна‑надрыўны рэлаксэйшэн Трыкі таксама прыпаў да душы.

Сэкс, ракэнрол і пральная машына

Палаткавы лягер уражваў: бязьмежнае поле, ад краю да краю забітае намётамі і машынамі. А яшчэ больш уражваў сьціплы такі літоўскі сэрвіс. Вялізны надзіманы павільён з пральнымі і сушыльнымі машынамі для жыхароў лягеру (і гэта пасярод голага палетка!). А таксама перасоўныя кабінкі з душамі і цёплай вадой. Рэспэктас.

Наагул, на фэсьце можна было не чапляцца за рок‑зорак — павесяліцца альтэрнатыўненька. На маленькай сцэнцы патанчыць факстрот. Скокнуць зь велясыпэдных трамплінаў і паваліцца ў сена з паралёнам. Паслухаць квартэт скрыпак, які выцылінгвае бітлоўскія гіты. У крышнаіцкім павільёне паляжаць на індыйскім кіліме, і, стомільёнтысяч разоў пачуўшы паўторак «харэ крышна», пакаштаваць вельмі‑вельмі карыснае і вельмі‑вельмі немясное нешта‑нейкае. А ў будане насупраць ужо зусім па‑нашаму глынуць піўка і зьесьці «блінас», у прастанородзьдзі — «дранік». На раніцу на лужку разам з некалькімі тысячамі іншых гледачоў, пастаянна пытаючы, які лік (бо ні чорта ж не зразумела), пазаўзець за літоўскую баскетбольную зборную.

Narviliškes‑Нарвілішкі

Мяжа тут паўсюдна. Лес за агароджай намётавага лягеру — беларускі, а зачараванае драўляным касьцёлам і старымі вясковымі могілкамі, вока нечакана напорваецца на купу літоўскіх памежнікаў пры поўным парадзе: з аўтаматамі, матацыклам і сабакам. Мяжа ў саміх Нарвілішках. Паміж пакаленьнямі. Маладзейшыя прадавачкі ў краме ахвотней гавораць па‑літоўску, але кабета, ашалелая ад пытаньняў сталічных літоўцаў перарывае іх неўміручым: «Кажыце па‑чалавечаску!». Землякам радая. Так, яна беларуска, але жыве, як бачаце, тут. Дзеці ў Ашмянах. Цяпер прыяжджаюць рэдка, бо трэба ехаць за візай у Гродна. Не, на канцэрт, на гэтыя «чартоўскія п…пляскі», не хадзіла. Няма там чаго рабіць. «Вось паглядзіце на саміх сябе, — кажа, хітравата ўсьміхаючыся, — прыехалі людзьмі, а вяртаюцеся задрыпонцамі, расхамячыліся на тым канцэрце».

Бачылі ноч, гулялі ўсю ноч

На другі дзень Бог стварыў Zdob si Zdub. У цыганскіх капялюшах і прыблатнёных кепках, скурай урослыя ў імідж наскіх хлопцаў, малдаване, ужо пачынаючы зь першых акордаў, далі не абы‑якога фаеру. Публіка, якая і так не надта вылучалася самавітасьцю, дык зусім ператварылася ў суцэльнае цыганскае вясельле. І цоеўскія словы «Видели ночь, гуляли всю ночь» ў здоб‑шыз‑дубовай апрацоўцы несьліся над усім фэстам бесшабашным гімнам гэтым запойным гулькам.

«Ехалі ў Нарвілішкі, а трапілі ў пекла», — сказаў пасьля свайго выступу Ян Маўзэр. Сапраўды, на выступ пакарацелага цяпер да «Маўзэра» «Таварыша Маўзэра» прыйшлі толькі самыя‑самыя. У дзьве гадзіны дня сонца пякло нават у ценю. Нават самыя стойкія фэны падчас выступу валіліся паляжаць на траўцы, каб на астатнім духу узьняцца і паскаць млявага дрозьдзіка ля сцэны. Неймаверны пяколак падчас выступу Маузэрa разам з учарашняй залевай менавіта на канцэрце N.R.M. наганяла думкі пра беднага беларускага Іваньку, у якога нават у адным месцы — каменьні. А самі хлопцы выклаліся напоўніцу, не дазваляючы сабе зьяжджаць на «медлякі».

Другі дзень скончыўся доўгачаканымі электроншчыкамі вялікім канцэртам дыскатэчнага Groove Armade з лазэрным шоў. Надвор’е было як ніколі спрыяльным: цеплыня, яснасьць (о, бедныя, бедныя мы Іванькі!). А потым ноччу, у маленькіх шатрах, раскіданых па тэрыторыі фэсту, публіку чакалі разьвітальныя танцы на сталах і сон пад сталом.

Вой, праўда, расхамячыліся мы тут з вамі, літоўцы, а трэба дадому‑дахаты, акракадзілівацца назад. Бывайце, Нарвілішкі! Бывай, Літва! We are together!

Каментары3

Цяпер чытаюць

«Я не прысвойваў сабе мільён». 17‑гадовы блогер з Гродна, які збіраў грошы на лячэнне дзіцяці, распавядае сваю версію1

«Я не прысвойваў сабе мільён». 17‑гадовы блогер з Гродна, які збіраў грошы на лячэнне дзіцяці, распавядае сваю версію

Усе навіны →
Усе навіны

Украінская ракета «Фламінга» ў нечым лепшая за амерыканскія «Тамагаўкі» 42

«Мы заўсёды лічылі сябе старажыламі». Аналіз ДНК паказаў, што сям’я з Германіі жыве ў сваёй вёсцы ўжо тры тысячы гадоў1

«Ідэя ўзнікла пасля званка выбаршчыцы». Беларуская дэпутатка стварыла сайт з тысячамі магіл5

Арганізацыя, якой кіруе Шуневіч, пахвалілася чарговым забойствам — чырванакніжнай рысі17

«Ну, пообщались два зэка немного. Зачем же за это наказывать строго?» Вінаградаў у калоніі пісаў вершаваныя тлумачальныя. Што яму за гэта было?4

У 10‑мільённым Тэгеране дэфіцыт вады. Жыхароў папярэдзілі пра магчымую эвакуацыю7

Супраць былога камандзіра спецназа Уладзіміра Барадача завялі крымінальную справу12

Польшча распачала крымінальную справу за спробу вярбоўкі беларускімі спецслужбамі супрацоўнікаў НАУ

Нарвегія можа стаць гарантам еўрапейскага крэдыту Украіне, вылучыўшы на гэта частку свайго Суверэннага фонду5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я не прысвойваў сабе мільён». 17‑гадовы блогер з Гродна, які збіраў грошы на лячэнне дзіцяці, распавядае сваю версію1

«Я не прысвойваў сабе мільён». 17‑гадовы блогер з Гродна, які збіраў грошы на лячэнне дзіцяці, распавядае сваю версію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць