Французскія ўлады абвясцілі пра пачатак афіцыйнага расследавання ў дачыненні да лідара ультраправай партыі «Нацыянальны фронт» Марыны Лё Пэн. Яе падазраюць у злоўжыванні даверам.

Як паведаміў агенцтву Франс прэс адвакат Лё Пэн, абвінавачванні звязаныя з аплатай яе памочнікаў са сродкаў Еўрапарламента. Паводле дадзеных французскай пракуратуры, паплечнікі Лё Пэн па партыі незаконна выдаткавалі на гэтыя мэты мільёны еўра.
У лютым пракуратура Францыі вылучыла папярэднія абвінавачванні супраць паплечніка Марыны Лё Пэн. Па версіі следства, бізнэсмен Фрэдэрык Шатыён прадаставіў партыі незаконную пазыку.
Раней бліжэйшаму памочніку лідара «Нацыянальнага фронту» Кацярыне Грызе былі прад'яўленыя абвінавачванні ў атрыманні грошай у рамках іншага расследавання.
Незадоўга да гэтага ў штабе гэтай ультраправай партыі прайшоў ператрус па справе аб выдаткоўванні сродкаў Еўрапарламента.
Партыя адмаўляе дачыненне да махінацый, а сама Марына Лё Пэн называе абвінавачванні палітычнымі і матываванымі.
Марына Лё Пэн была адным з галоўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Францыі. Яна здолела выйсці ў другі тур, дзе з вялікім разрывам прайграла цэнтрысту Эмануэлю Макрону.
Каментары