Прыемна, калі новыя краіны зьяўляюцца на мапе сьвету, калі народы выходзяць зь няроўных зьвязаў, калі людзі атрымліваюць магчымасьць вырашаць свае справы самастойна, не запытваючы «старэйшага брата».
Ужо, відаць, можна павіншаваць 600-тысячную рэспубліку з тым, што яна неўзабаве стане незалежнай краінай. Учора прайшоў рэфэрэндум, на якім 55.3% прагаласавалі за незалежнасьць ад Сэрбіі.
Прыемна, калі новыя краіны зьяўляюцца на мапе сьвету, калі народы выходзяць зь няроўных зьвязаў, калі людзі атрымліваюць магчымасьць вырашаць свае справы самастойна, не запытваючы «старэйшага брата».
Цікава чуць меркаваньні сэрбаў з нагоды ўчорашняга рэфэрэндуму. Рэфрэнам праходзіць стогн «Ах, як такое адбылося - яны вырашаюць наш агульны лёс!». Сапраўды, жыхароў Сэрбіі - якіх каля 8 мільёнаў - ніхто не спытаў, ці хочуць яны быць незалежнымі ад Чарнагорыі. І іх можна зразумець; Чарнагорыя, хоць і маленькая, але прыносіць толькі бонусы зьвязу - гэта моцны турыстычны край, з выхадам да Адрыятычнага мора, прыгожымі горнымі краявідамі. Адасабленьне ад Чарнагорыі пазбавіць Сэрбію выхаду да мора, што зробіць іхны флёт непатрэбным. Але ж шмат тут Сэрбія ня згубіць - бо яна застанецца пераемніцай зьвязу, і ўся маёмасьць зьвязу застанецца сэрбскай; усе дыпляматычныя місіі Сэрбіі і Чарнагорыі стануць місіямі Сэрбіі; спартовыя фэдэрацыі Сэрбіі застануцца чальцамі міжнародных фэдэрацыяў; думаю, з арміяй і флётам таксама ўсё зразумела.
Затое адасабленьне дасьць Чарнагорыі шмат новых магчымасьцяў. Ад хуткага ўваходжаньня ў ЭЗ (таму што ім ня трэба вырашаць праблемы з вайсковымі злачынцамі) і самастойнай палітыкі ў сьвеце, да ўласных рэпрэзэнтацыяў у розных відах спорту. Але да гэтага ім яшчэ цяжкі і доўгі шлях; пасьля дэкляраваньня незалежнасьці ім трэба будзе, каб іхнюю незалежнасьць прызналі іншыя краіны, трэба будзе падаваць заяву на тое, каб стаць чальцом ААН, трэба будзе ствараць уласныя дыпляматычныя місіі па сьвеце, уводзіць свае спартовыя фэдэрацыі ў міжнародныя арганізацыі… Але ж гэта варта таго. Гэта як зьехаць ува ўласную кватэру з асобнага пакойчыку ў камуналцы.
Чарнагорыя ў адносінах да Сэрбіі мне вельмі нагадвае Беларусь у адносінах да Расеі. Таксама маленькая краіна, таксама доўга зьвязаная культурна зь вялікай, таксама моцны моўны ўплыў.. Праўда, чарнагорская мова яшчэ не прызнаная адназначна асобнай (глядзі, напрыклад, старонку ў Вікіпэдыі).
Толькі ў нас чамусьці размова ідзе пра рэфэрэндум аб «злучэньні», хоць ува ўсім сьвеце ідзе тэндэнцыя адасабленьня. Напрыклад, учора на Эўраньюз першыя дзьве навіны былі якраз сэпаратысцкія - пра Чарнагорыю і Басконію.
А вы як думаеце, што болей важна для сьвету - новыя зьвязы для стварэньня мацнейшых дзяржаў, новыя адасобленыя маленькія незалежныя дзяржавы, ці лепей за ўсё захаваньне сёньняшняга стану?
BM
Каментары