Спрэчкі вакол матчу групавога этапу Лігі Еўропы паміж БАТЭ і «Арсеналам», што адбыўся 28 верасня, ніяк не ўлягуцца. Учынак хлопца з Вілейкі Аляксандра Вянгерскага, які выбег на поле з бел-чырвона-белым сцягам у руках, многія падтрымалі, але некаторыя даволі жорстка раскрытыкавалі.

Тэлевядоўца Ганна Бонд спачатку назвала вілейчука доўбнем. Маўляў, не разумее, што спорт па-за палітыкай і падстаўляе ФК БАТЭ. А цяпер з'едліва выказалася пра шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе Віталя Гуркова, што стаў на бок хлопца.

«Люблю сваю краіну! Калі ты нічога не ведаеш пра матч БАТЭ — «Арсенал», акрамя таго, што на ім быў хлопец з Вілейкі. І не было б там гэтага хлопца, то наогул не ведаў бы, што да нас прыехала такая аўтарытэтная футбольная каманда. Бо на латэ наогул пофiг», — напісаў Віталь.
Тое, што Гуркоў назваў любімую каманду Ганны «латэ», яе не на жарт раззлавала.
«Азнаёмілася з допісам Віталя і зразумела… Унікальны баец муай-тай, які яшчэ і спявае. Пацярпеўшы паразу на хатнім чэмпіянаце свету ад партугальскага байца (хоць і узяўшы рэванш на Сусветных гульнях-2017), ён мог бы падняць свой БЧБ, нават калі б знаходзіўся ў статусе #ненашавозьме, але не зрабіў гэтага. Why? Мабыць, спяваць у брыгадзе Міхалка трэба і хочацца! Але ёсць умовы. І хлопцы іх свята выконваюць. Віталь, пры ўсёй павазе: альбо спявайце, альбо біце. Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім — не пра вас. У адрозненні ад Палаца спорту, дзе вы выступалі і не змаглі сабраць аншлаг, матч ЛАТЭ (вы так называеце 13-кратнага чэмпіёна краіны) супраць «Арсенала» меў sold out [квіткі былі цалкам распрададзеныя — НН] яшчэ напярэдадні матчу. З нецярпеннем усім БАТЭ (запомніце, Віталь, вы яшчэ малады, хоць спорт, абраны вамі, вельмі траўманебяспечны) чакаем вашага чарговага тытула, пажадана ў Рэспубліцы Беларусь (Золата на Сусветных гульнях-2017 не лічыцца). P.S. На майскі бокс наогул пофiг», — адказала Віталю Ганна.
А вы на чыім баку?
Каментары