Здарэнні5757

Узброенае рабаванне банка ў Магілёве: начальнік міліцыі пайшоў у закладнікі замест касірак і кліентаў

Удзень 20 лістапада 28-гадовы грамадзянін Расіі з пісталетам уварваўся ў аддзяленне «Беларусбанка» па вуліцы Каліноўскага ў Магілёве. Каля гадзіны ён трымаў у закладніках касіраў і кліентаў банка, пасля чаго са стралянінай быў затрыманы міліцыяй.

Алег Ш., адзін з магілёўцаў, які сёння жыве ў Маскве, быў на сувязі з братам, калі пачаўся напад.

Алег кажа: нападнік сабраў усе тэлефоны кліентаў і супрацоўнікаў банка ў сметніцу. Голас у нападніка быў нервовы, істэрычны.

«Я падумаў, што нападнік — малады. Гадоў 25—30. Але, канечне, можа яго падвёў голас» — кажа Алег.

Нападнік патрабаваў, каб міліцыянты склалі сваю зброю ў машыну і далі яму з’ехаць. Крычаў: «Пакладзіце зброю, сыходзьце, калі не хочаце праблем!».

«Усё, што адбывалася, я чуў на працягу амаль гадзіны, пакуль не выключыўся тэлефон. Вельмі моцна перажываў за маму і брата. Чуў як хтосьці з закладнікаў пытаўся ў злачынцы, ці можна выпіць лекі, ён быццам бы дазволіў, потым нейкая жанчына спытала, ці трэба каму валідол і пачуў голас сваёй мамы — дайце мне таксама валідол. У яе слабое сэрца, ды і ўзрост ужо немалы», — паведаміў «Нашай Ніве» суразмоўца.

Калі хтосьці скардзіўся, нападнік нерваваўся, казаў: «Вы ў банк прыйшлі, у вас, напэўна, грошы ёсць, а я тут не ад добрага жыцця».

Таксама нападнік папрасіў нейкую жанчыну, каб яна выйшла да міліцыі і агучыла ягоныя патрабаванні. «Я хачу, каб мне дазволілі пакінуць будынак і з’ехаць, тады ніхто не пацерпіць. Банку усё роўна, ён застрахаваны», — казаў рабаўнік.

Жанчына нават не выйшла, а напэўна, толькі адчыніла дзверы, бо, калі пракрычала патрабаванні, пасля вярнулася ў банк.

Пасля нападнік папрасіў зладзіць перамовы — «калі мае ўмовы прымуць, я адпушчу жанчын, але аднаго чалавека пакіну, вазьму з сабой», — абяцаў ён.

Пасля прыйшоў міліцыянт — нейкі начальнік ці то аховы міліцыі, ці то банка.

«У вас не павінна быць зброі», — казаў яму рабаўнік. «Начальнік» запэўніваў, што зброі няма. Нападнік не верыў. Ледзь не пачалася сварка: рабаўнік спытаў, дзе служыў яго «госць», а той адказаў, што нідзе. Рабаўнік не паверыў, пачаў злавацца, маўляў, як такое можа быць?

(Насамрэч, пад відам начальніка аховы з рабаўніком размаўляў палкоўнік Аляксандр Васільеў, намеснік начальніка магілёўскай міліцыі, паведамляе МУС).

Пасля рабаўнік патрабаваў, каб да банка падагналі машыну і на яго вачах склалі ў машыну ўсю зброю. Затым ён хацеў з’ехаць, на той жа машыне ці не — невядома.

«Праз некаторы час — завіскатаў аўтамабіль, крыкі: «давайце хутка за ім!» і гукі стрэлаў. Усё цягнулася каля гадзіны», — распавёў Алег.

Цяпер маці і брат у міліцыі. Тэлефоны ім пакуль не вярнулі.

* * *

У банку было 5 чалавек закладнікаў, паведамляе БелТА са спасылкай на праваахоўнікаў. Аўто рабаўніку ўсё ж далі. Дарэчы, у машыне ў якасці закладніка знаходзіўся ўсё той жа палкоўнік Васільеў. На гэтай машыне мужчына і выехаў за горад, дзе яго ўжо чакалі байцы АМАПу.

«Убачыўшы іх, зламыснік аказаў супраціў, адкрыўшы прыцэльны агонь, бо пры сабе ў яго была баявая зброя. У адказ прадстаўнікі МУС былі вымушаныя прымяніць сілу. У выніку спецаперацыі, падчас якой праваахоўнікі таксама ўжылі зброю, мужчына быў паранены ў нагу і затрыманы. Больш пацярпелых няма», — распавялі ў праваахоўных органах.

Рабаўнік у бальніцы — міліцыя параніла яго ў нагу пры затрыманні. Ён быў узброены пісталетам Макарава. З кліентаў і супрацоўнікаў банка ніхто не пацярпеў.

Пазней, стала вядома, што нападніку — 28 гадоў. Ён грамадзянін Расіі, у Магілёў прыехаў да маці.

У дачыненні да рабаўніка будзе заведзена справа за захоп закладнікаў. Пакаранне — да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Высветлілася, што рабаўнік вынес з банка не такую і вялікую суму. Пры ім знайшлі заплечнік з грашыма: там было больш за 7 тысяч рублёў і 150 даляраў.

Каментары57

Цяпер чытаюць

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою4

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Усе навіны →
Усе навіны

«Я амаль заўсёды ў дарозе». Гісторыя бяздомнай беларускі, якая жыве ў падарожжах9

«З залатой бульбы». Беларуска знайшла дранікі за 32 рублі1

Арына Сабаленка не прайшла ў фінал Уімблдона4

У Літве расказалі, чаму не збівалі дрон, які заляцеў да іх з Беларусі4

Сенсацыйнае адкрыццё: звычайны сіроп ад кашлю абараняе ад дэменцыі

З-за непагадзі Мінск перажывае вялікія транспартныя складанасці

Марка Рубіа выказаў расчараванне пасля сустрэчы з Лаўровым1

Кавалеўскі патлумачыў, за які дыялог паміж грамадствам і ўладамі ён выступае13

Дуда прасвяціў Зяленскага адносна Валынскай трагедыі. Той пра яе не ведаў18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою4

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць