Дзіцячы пісьменьнік Эдуард Успенскі, аўтар аповесці «Дзядзька Фёдар, сабака і кот», па матывах якой былі знятыя папулярныя савецкія мультфільмы «Трое з Прастаквашына», «Канікулы ў Прастаквашына» і «Зіма ў Прастаквашына», збіраецца падаць у суд на кінастудыю «Саюзмультфільм». Прычына — выхад працягу легендарнага мультсерыяла, расказаў пісьменнік карэспандэнту «Палітыка Сёння».

«Я адмоўна стаўлюся да працягу. Таму што студыя са мной нічога не ўзгадняе, не паказвае сцэнар. Усё робіць сама. Чамусьці лічаць, што ўсе правы належаць студыі, а ў мяне пытацца наогул не трэба», — наракае Успенскі.
Ён паведаміў, што будзе звяртацца ў суд, як толькі выйдзе першая серыя працягу.
«Пакуль не было факту. Кожны месяц яны абяцаюць, што заўтра пачнецца паказ», — адзначыў пісьменнік.

Апошнім анансаваным тэрмінам з'яўляецца 1 красавіка. Пляцоўкай, дзе пакажуць першую серыю працягу «Прастаквашына», стане YouTube. Усяго кінастудыя плануе выпусціць да 2020 года 30 серый, па 6,5 хвіліны кожная. Кот Матроскін, якога раней агучваў Алег Табакоў, у сучаснай версіі загаворыць голасам акцёра Міхаіла Яфрэмава. Голасам Шарыка стане Гарык Сукачоў, паштальёна Печкіна агучыць Іван Ахлабысцін.
Каментары