Грамадства9797

Галыгін: Ведаю беларускую мову не горш за тых, хто з гэтай нагоды рот раскрывае!

Да 8 сакавіка акцёр Вадзім Галыгін сумесна з расійскай групай «Ленінград» прэзентавалі кліп на песню, якая так і называецца «8 сакавіка». Кліп выклікаў неадназначную рэакцыю ў беларусаў. Еўрарадыё даведалася рэакцыю Вадзіма Галыгіна на рэакцыю беларусаў.

Еўрарадыё: Ці чакалі вы такога рэзанансу ад вашай сумеснай з «Ленінградам» песні?

Вадзім Галыгін: Мы і разлічвалі на грамадскі рэзананс. Я вельмі рады, што правільныя людзі адрэагавалі на песню правільна і зрабілі, хутчэй за ўсё, правільныя высновы, станоўчыя.

Еўрарадыё: А няправільныя адрэагавалі негатыўна?

Вадзім Галыгін: На шчасце, мала хто ўспрыняў песню негатыўна. Паглядзіце самі на колькасць каментарыяў адных і другіх. Негатыў ідзе ад саміх людзей: яны не тое каб успрынялі негатыўна — проста чакалі нейкага калыхання, каб праявіць сябе. Гэта людзі, якія едуць на чужой працы, на чужых нейкіх стваральных момантах. Каб хоць неяк праявіць сябе і выпаўзці на гэтую хайп-хвалю. А не трэба шукаць нейкіх схаваных сэнсаў, апроч тых, што закладзеныя ў самім творы. У дадзеным выпадку тут у сатырычна-гумарыстычнай форме паказаныя ўсе магчымыя заганы, якія наспяваюць у грамадстве. І якія яшчэ не позна спыніць. У гэтым творы ўсё паказана і ўсё сказана.

Еўрарадыё: Усё навідавоку, падтэкстаў няма? А то тут нават з прымяненнем псіхалогіі спрабуюць дазнацца, што там на самай справе гэтым «творам» Галыгін і Шнур хацелі сказаць!

Вадзім Галыгін: А дзе гэта ўсё адбываецца? Нехта выказвае сваё асабістае меркаванне ў сацсетках. Гэта ўсё адно што, паслухаўшы песню, выйсці на балкон і крычаць: «Я паслухаў песню такую — яна мне не падабаецца!». Але ж гэта не больш чым інтэрнэт! Калі б гэта было паказана на канцэрце на нейкім цэнтральным тэлеканале, я б яшчэ больш узрадаваўся, бо яшчэ большы б рэзананс быў! Навошта нейкія сэнсы шукаць, разбіраць? Там жа ўсё сказана: на жаль, свята 8 сакавіка пачынае рабіцца не больш чым каляндарнай датай. Што вельмі шмат адзінокіх жанчын, мужыкоў усё менш і менш застаецца. З розных прычын. У тым ліку праз той лад жыцця, які і паказаны ў кліпе.

Твор гэты зроблены сумеснымі намаганнямі расійскай групай «Ленінград» і беларускім вытворцам — мной. І мы кажам, што паказанае ў нашым творы — тэндэнцыя, якая можа стаць вялікай бядой на тэрыторыі ўсёй постсавецкай прасторы, Беларусі і Расіі ў прыватнасці. Мы, на жаль, наперадзе ўсіх краін, што п’юць. І мы хочам паказаць, што мужчыны павінныя любіць жанчын, жанчыны — мужчын, аказваць адно аднаму знакі ўвагі, а не купляць у каляндарныя даты шкарпэткі ці яшчэ што. Ды яшчэ і не данесці свой падарунак. Гэта ўсё і было намі паказана ў лёгкай і гумарыстычнай форме. А калі ў некага нешта не ў парадку з галавой і ён шукае нейкія схаваныя псіхалагічныя сэнсы — сцяг ім у рукі. Мільёнам гэта проста падабаецца — і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў бліжнім замежжы. Кажуць: «Нарэшце беларусы нешта чарговы раз якаснае зрабілі — даўно нічога не было чуваць». І я рады і шчаслівы, што ў нас усё атрымалася. Бо ўся каманда працавала бясплатна. А тых, хто піша, што «дзеля грошай такое», мне шчыра шкада. Але калі нехта там з нечым катэгарычна не згодны, то, можа, яму трэба крыху вочы расплюшчыць і ад’ехаць ад Мінска ў любы бок кіламетраў на 60. І ўсё стане відавочным і зразумелым.

Еўрарадыё: Людзі выпіць любяць, і не толькі ў вёсцы…

Вадзім Галыгін: І гэта праблема не толькі Беларусі: гэта набірае абароты і ў Расіі, і ва Украіне, і ў Літве. Але ў нас там не пратэст і не змаганне з алкаголем, не. Там проста зварот, каб звярнулі ўвагу людзі на тое, што тэндэнцыя набірае абароты. А так гэта гумарыстычны і мастацкі твор. Я мастак — я так бачу. І мне чыесьці разбіральніцтвы… Толькі часам гэтыя разбіральнікі публічна пераходзяць на асобы, на мяне. Яны і выказваюць недахоп выхавання, і паказваюць свае схаваныя маральна-этычныя праблемы. Нам бы варта было ўсіх гэтых людзей проста запомніць.

Еўрарадыё: Вы не лічыце, што, як там пішуць крытыкі, якіх варта запомніць, што вы зняважылі беларускую мову, спяваючы на ёй такую пошласць?

Вадзім Галыгін: Для тых, хто кажа, што зняважылі мову, хачу сказаць, што для мяне гэтая мова такая ж родная. І я, між іншым, магу ў яе веданні яшчэ і пацягацца з тымі, хто з гэтай нагоды рот раскрывае. Кліп жа, дарэчы, зроблены на трасянцы. На жаль, у нас на літаратурнай форме беларускай мовы нашай прыгожай ніхто не размаўляе. А менавіта на такой вось трасянцы ўсе і гамоняць. Я не кажу, дрэнна гэта ці добра, але казаць, што тут нейкі гонар мовы закрануты… Так, гэта чыста беларускі прадукт, з мовай, на якой пераважна гавораць у Беларусі. Ніякай знявагі тут няма.

Еўрарадыё: Прыемна чуць, што і вы мову родную не забылі, можаце добра на ёй гаварыць…

Вадзім Галыгін: Менавіта так! Але зараз я гэтага не буду рабіць. Бо ў нас, дзякуй Богу, дзве дзяржаўныя мовы. Што да знявагі мовы, то я нагадаю, што ў нас ёсць фальклор, частушкі з выкарыстаннем моцнага слова. Дык гэта лічыцца культурнай спадчынай і гэта весела, а тут пачалі калупацца і шукаць нейкія сэнсы! А на такой мове пісалі паэмы некалі. Тым жа Пушкіным, які для ўсіх вялікі. А хто хоча ў нечым знайсці нешта, той і да буквара прыдрацца можа. А для мяне гэта мастацкі твор гумарыстычнага зместу з невялікім сацыяльным падтэкстам. А крытыкі… Вы лепш пайдзіце і зрабіце што карыснае для свайго народа, сваёй мовы, сваёй дзяржавы — тады і пагаворым на роўных.

Еўрарадыё: Вы чыталі каментары вашай жонкі на крытыку? Як да іх паставіліся?

Вадзім Галыгін: Я асабліва не ў курсе, што там адбывалася, але яна мае права на ўласнае меркаванне, і яно было выказанае. Усё, што адбываецца ў сацсетках, альбо вырванае з кантэксту, альбо асабістыя нейкія, даўно не дагавораныя рэчы. Самая апошняя справа — каментаваць каментары з сацсетак. Чым сядзець там, лепш пайсці і нешта карыснае зрабіць. Сацсеткі разбіраюць падсвядомасць і свядомасць і зводзяць нас з рэчаіснасці ў кулуарныя, гнілыя прыцемкі. Так што калі там што і было, то гэта была рэакцыя жонкі, якая абараняла свайго мужа.

Еўрарадыё: Як лічыце, ваша песня паспрыяе папулярызацыі беларускай мовы?

Вадзім Галыгін: Не думаю. Для гэтага трэба больш рабіць розных культурна-масавых мерапрыемстваў, пісаць больш твораў, песень, вершаў на беларускай мове. А сёння мы маем сітуацыю, калі на мове мала хто што робіць. Апошняе месца, дзе мова гучыць прыгожа, — радыё і ад асобных вядучых тэлебачання. Трэба больш песень пісаць на беларускай мове, кіно добрае здымаць.

Еўрарадыё: З мэтай папулярызацыі беларускай мовы пагадзіліся б з вашай песняй на канцэрце на Дзень Волі выступіць?

Вадзім Галыгін: Гэта не для таго песня! Гэтая песня — жарт-паштоўка непасрэдна да свята 8 сакавіка. Гэта не азначае, што яе зараз трэба паўсюль засоўваць толькі таму, што там ёсць фрагмент моўнага пераймання. Навошта гэтыя падмены: калі ён гаворыць на беларускай мове — значыць ён нейкі нацыяналіст. Навошта гэтыя ярлыкі? У нас выдатная парытэтная сітуацыя, дзве дзяржаўныя мовы, не трэба сутыкаць людзей па моўнай прыкмеце. Для мяне ўсё гэта было зроблена з патрыятычнага пункту гледжання, і я рады, што ўся каманда складалася з беларусаў. Я — беларус і амаль за 20 гадоў жыцця ў Расіі ніколі не думаў свой пашпарт памяняць.

Каментары97

Цяпер чытаюць

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам11

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская прапанавала Трампу, як далей дзейнічаць у пытанні Беларусі11

Сям’я, якая пераехала з Аўстрыі ў вёску пад Слуцкам, вяртаецца назад16

З вальера заасаду на вачах у наведвальнікаў уцякла ваўчыца. Адміністрацыя: Нічога страшнага, яна сама баіцца людзей4

Сірата з асаблівасцямі развіцця з Хойнікаў аказаўся на вайне супраць Украіны. Апякун кажа, што падманам4

Як зараз выглядае магіла Алеся Пушкіна ФОТАФАКТ12

Мільянер, які гадамі забіваў дзікіх жывёл, загінуў на паляванні: яго працяў рагамі буйвал17

У Рэчыцы гарэў прыватны сектар1

Макс Корж выступіць на стадыёне ў Варшаве. Некалькі вуліц перакрыюць і зменяць рух транспарту 9 жніўня9

Генплан Мінска будуць змяняць. Гараджане могуць агучыць прапановы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам11

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць