Гісторыя

Крывавы экзамен: 90 гадоў таму ў віленскай гімназіі здарыўся выпадак, як нядаўна ў Стоўбцах

6 мая 1925 года ў матэматычнай гімназіі Вільні здарыўся такі ж крывавы выпадак, як нядаўна ў Стоўбцах. Піша Максім Гацак.

Вільня, вуліца Адама Міцкевіча (цяперашні праспект Гедыміна). Дзяржаўная гімназія імя Іаахіма Лялевеля з матэматычна-прыродазнаўчым ухілам. 11-я раніцы, пісьмовы экзамен па матэматыцы. Эдвард Бяганскі, дырэктар і старшыня экзаменацыйнай камісіі, загадвае вучню спыніць размовы. Затым падыходзіць і забірае экзаменацыйны ліст. Наступныя падзеі сталі шокам для ўсіх.

Што адбылося

Станіслаў Лаўрыновіч, у якога дырэктар забраў ліст, выхапіў з кішэні рэвальвер і пачаў страляць у свайго крыўдзіцеля, параніў у нагу і руку. Вучні кінуліся на стралка. Адзін з іх, 20-гадовы Аляксандр Загорскі, беларус з-пад Свянцян, засланіў дырэктара ад куляў і памёр на месцы.

Забойца здолеў вызваліцца і дастаў гранату, але яна ўзарвалася ў руках. Ад выбуху загінуў сам Лаўрыновіч, а таксама 17-гадовы Тадэвуш Даманскі. Цяжкае раненне атрымаў настаўнік фізікі — 32-гадовы Ян Янкоўскі са Случчыны, які ўвечары памёр ад ран. Моцна паранены быў вучань Тачылоўскі, раненні атрымалі Бонч-Асмалоўскі, Студзінскі, Барысевіч, Сымановіч, Вайткевіч, Наўроцкі і Глінскі.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Пасля таго, як ад выбуху загінуў Лаўрыновіч, яго прыяцель Януш Абрампольскі дастаў рэвальвер. Не здолеўшы забіць дырэктара, ён кінуў гранату, якая не разарвалася, і выбег у калідор. Калі яго паспрабавалі абяззброіць, Абрампольскі стрэліў сабе ў галаву. Праз некалькі гадзін ён сканаў.

У час вобшуку ў адным з пакояў гімназіі выявілі выбуховае рэчыва, якое магло знішчыць увесь будынак, і вялікую колькасць штурмавых гранат.

Абрампольскі пакінуў развітальны ліст, у якім прасіў апекавацца ягонай нявестай. Усё гэта сведчыла пра тое, што да нападу Лаўрыновіч і Абрампольскі рыхтаваліся загадзя.

У чым прычына?

Некаторыя выданні паведамлялі, што тэрарысты былі членамі моладзевай камуністычнай арганізацыі, якія за дзень да нападу сустракаліся ў мясцовай карчме, каб абмеркаваць помсту дырэктару Бяганскаму. Як пісала віленская «Беларуская доля», той сапраўды быў вядомы жорсткасцю і дачэпкамі да студэнтаў, а ў 1922 годзе з гэтай нагоды нават здарыўся скандал. Праўда, калі супраць дырэктара разгарнулася грамадская кампанія, за яго заступіліся ягоныя ж вучні.

Абодва нападнікі былі немясцовымі: Лаўрыновіч паходзіў з тэрыторыі Літвы, а Абрампольскі быў з Мінска. Выгадаваліся ў заможных сем’ях. У Вільні былі вядомымі тусоўшчыкамі: раз’язджалі на машынах, падоўгу і з размахам гулялі ў модных кавярнях і шынках. З прычыны ваеннага ліхалецця хлопцы позна заканчвалі школу, да таго ж, заседзеліся ў адным класе на два гады. Ім мусіла споўніцца, адпаведна, 23 і 21. Лаўрыновічу, хоць ён і быў здольным ды актыўным — узначальваў арганізацыю «Братняя дапамога», — цяжка давалася матэматыка. І яму, і ягонаму сябру пагражала адлічэнне.

Многіх хвалявала пытанне, адкуль гімназісты маглі ўзяць зброю. Паводле адной версіі, Лаўрыновіч, як сын высокага ўрадоўца, меў на гэта адмысловы дазвол паліцыі. Паводле іншай — хлопцы, будучы сябрамі праўрадавай арганізацыі «Стралец», схавалі гранаты пасля вучэнняў. Больш за тое, хадзілі чуткі, што гэтымі гранатамі планавалася закідаць удзельнікаў дэманстрацыі чыгуначнікаў 1 мая.

Рэакцыі левых і правых колаў моцна нагадваюць тое, што гаварылася ў нас нядаўна адносна трагедыі ў Стоўбцах.

Віленская кансерватыўная газета «Слова» вінаваціла ў трагедыі куратара віленскай школьнай акругі Зыгмунта Гансяроўскага, а таксама прыезджых выкладчыкаў, якія «не ведаюць душы нашай моладзі». А «Беларуская доля» шукала вінаватых «у тых палітычных колах, якія «ўзгадоўвалі» вучняў у «патрыятычным» духу і ўклалі ў рукі ім рэвальверы і гранаты».

Беларуская хрысціянска-дэмакратычная газета «Крыніца» бачыла прычыны здарэння ў тым, што настаўнікамі ў школах з’яўляюцца матэрыялісты, «не жадаючыя, а часта і сіл не маючыя зразумець жыццё людское ўва ўсёй яго глыбіні». І хоць у школах выкладаецца рэлігія, але «гэта робіцца пераважна па-казённаму, паводле застарэлых падручнікаў і застарэлымі спосабамі».

Версій здарэння было шмат. Але агульная выснова, выкладзеная на старонках «Крыніцы», сумненняў не выклікае: «Вучні Лаўрыновіч і Абрампольскі, страляючыя і кідаючыя бомбы ў дырэктара, вучыцялёў і калегаў, — гэта прадусім дзеці вайны. Вайна ўва ўсей сваей жудасці гадавала іх і заглушала маладыя расткі ахвоты да жыцця, да змагання за сваё пастаяннае маральнае палепшанне, да духовага гарту і вытрымаласці». У выніку ж — крывавая трагедыя, якая скаланула Польшчу і свет.

Над разрытымі магіламі

Пахаванне ахвяр трагедыі адбылося 8 мая. Аляксандра Загорскага пасля жалобнага набажэнства ў манастыры Святога Духа пахавалі на праваслаўных могілках на Ліпоўцы, прафесара Янкоўскага і вучня Даманскага з касцёла Святога Якуба прынеслі на каталіцкія могілкі Роса. Труны памерлых неслі на сваіх руках выкладчыкі і навучэнцы гімназіі. Абедзве жалобныя працэсіі атачалі прадстаўнікі паліцыі.

На развітанне з памерлымі прыбылі прадстаўнікі ўрада і школьных уладаў. Але найбольш запомнілася прамова вучня Бонч-Асмалоўскага, які заклікаў бацькоў больш увагі звяртаць на выхаванне моладзі. І хоць пачалося развітанне з ахвярамі каля восьмай раніцы, апусцелі могілкі толькі познім вечарам.

 * * *

Вайна і рэвалюцыя перарвалі вучобу многім… Не атрымаўшы атэстата, яны запісваліся добраахвотнікамі, а пасля дэмабілізацыі захацелі скончыць вучобу. Гэта былі людзі, якія пару гадоў вялі дарослае жыццё, прытым лагерна-авантурнае, страляючы ў непрыяцеля і чуючы каля сваіх вушэй свіст непрыяцельскіх куляў, заглядаючы ў кілішак, крадучы курэй у сялян, перажываючы танныя любоўныя прыгоды. Можна ўявіць, як няўтульна яны адчувалі сябе, калі іх пасадзілі за парты побач з галавастымі падлеткамі і загадалі вучыць рэчы, якія, на добры лад, былі непрыдатныя не толькі для тых, хто прайшоў суровую жыццёвую школу, але і для такіх, хто вырас у звычайных умовах.

Заўважыўшы, што Лаўрыновіч і Абрампольскі часта прапускаюць заняткі, маюць кепскія адзнакі і часта па-за школай напіваюцца, пан Бяганскі папярэдзіў іх, што атэстат — гэта не жарты і яны павінны «падцягнуцца», бо іначай дакумента не атрымаюць. Папярэджанне мела адваротны вынік. Маладзёны не толькі не падцягнуліся, але затаілі ў душы глыбокую пагарду да дырэктара.

— Як гэта? — скардзіліся таварышам. — Мы пралівалі кроў і нас жэрлі вошы за іх, у тым ліку і гэтага дэбіла… а замест падзякі нас дастаюць з гэтым дурным атэстатам.

Міхал Крыспін Паўлікоўскі. «Вайна і сезон».

Выпадак меў рэха ў Вільні. Мінчук Казімір Лячыцкі, журналіст і пісьменнік, напісаў і паставіў у Вільні п’есу пад назвай «Школа» («Sztuba»). У гэтай п’есе, аднак, рэха «крывавага атэстата» было прыцішанае. Вучань цэліў у настаўніка з рэвальвера, але не стрэліў. Канец быў пазітыўны. Акрамя таго, твор меў «актуальныя» камічныя моманты: вучні пісалі экзаменацыйную працу ў навушніках пад дыктоўку радыё… П’еса мела поспех. Яе паставілі некалькі тэатраў у Польшчы і адзін ці два тэатры за мяжой.

Міхал Крыспін Паўлікоўскі. «Вайна і сезон».

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»11

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр транспарту расказаў, як будуць выконваць загад Лукашэнкі разабрацца з маршруткамі5

Прарасійскі амерыканскі інфлюэнсер папрасіў апісаць Пуціна адным словам. УСУ адказалі24

Літоўскі міністр расказаў, як вучыўся чытаць па-беларуску з часопіса «Вожык»29

Мінчанін паставіў на дзверы біяметрычны замок — яго выклікалі ў міліцыю3

«А людзей спытаць?» Адны клянуць Лукашэнку за намер ліквідаваць маршруткі, іншыя хваляць10

Беларускі добраахвотнік атрымаў статус інваліда вайны ва Украіне. Гэта першы выпадак, які стаў вядомы3

Жанчына дапамагла беларускаму ўцекачу незаконна перайсці мяжу — праз гэта ёй адмовілі ў польскім грамадзянстве. Што вырашыў суд8

У Маскве забілі і расчлянілі школьніка. Яго парэшткі кінулі ў сажалку12

Трамп, Пуцін, гомасэксуальныя кантакты і іншыя брудныя намёкі — у ЗША апублікавалі 20 тысяч файлаў Эпштэйна36

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»11

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць