Грамадства1414

Мастака Алеся Пушкіна аштрафавалі за акцыю каля «Еўраопта». Суддзя вяла працэс па-беларуску

Акцыя Алеся Пушкіна 6 чэрвеня.

Суд Крупскага раёну прызнаў Алеся Пушкіна вінаватым у правядзеньні несанкцыяванай акцыі 6 чэрвеня на ганку крамы «Эўраопт». Сам мастак лічыць свае дзеяньні мастацкім пэрформансам, піша «Радыё Свабода».

6 чэрвеня а 16:30 Алесь Пушкін выйшаў да крамы «Эўраопт» у цэнтры Крупак з плякатамі Achtung Russia! і Bloodymir! з выявамі Пуціна, а таксама плякатамі Stop russian agression on Europe («Спыніце расейскую агрэсію ў Эўропе»), Russia — war! («Расея — вайна»), «Беларусь у NATO» і сьцягам Паўночнаатлянтычнага альянсу. Праз паўгадзіны яго затрымалі. Пушкін адмовіўся ісьці сам — і міліцыянты зацягнулі яго ў аўтамабіль сілай. З пастарунку яго выдпусьцілі амаль праз суткі.

«Мяне ледзь не пабілі за пытаньне «А дзе ў вас тут распушчальная кава?»

Паводле Пушкіна, 8 траўня ён прыйшоў у крупскі «Эўраопт» і спытаўся ў працаўніка крамы, дзе знайсьці распушчальную каву. Але той яго не зразумеў, зьняважыў беларускую мову і правакаваў Пушкіна на бойку.

«Ён выцягну мяне з крамы, там далучыўся яшчэ адзін супрацоўнік, мяне ледзь не пабілі».

Пасьля інцыдэнту мастак зьвярнуўся ў пракуратуру, але там парушэньня закону не знайшлі.

«Дзяржаўная сыстэма паўстае на абарону не беларускамоўнага грамадзяніна, а тых, хто парушае закон аб дзяржаўнасьці мовы», — абурыўся ў судзе Пушкін.

Пушкін расказаў, што плякаты супраць Пуціна зрабіў адмыслова для акцыі.

«Што будзе, калі Пуцін дасьць расейскія пашпарты такім людзям, як тыя супрацоўнікі «Эўраопту»?» — сказаў ён у судзе.

Камуфляжная форма, акуляры і павязка на твары, паводле Пушкіна, сымбалізавалі «ветлівых людзей», якія ў 2014-м годзе захапілі Крым. Гэтым ён хацеў паказаць, як «небясьпечна для ўсіх нас, калі мы не заўважаем пагрозу, якая ідзе з усходу».

Плякат «Беларусь у NATO» Пушкін узьняў, бо лічыць, што «NATO — адзіная сіла, якая можа спыніць захоп Беларусі Расеяй», патлумачыў ён у судзе.

Сваёй акцыяй Пушкін таксама хацеў дабіцца, каб у «Эўраопт» набіралі пэрсанал з улікам веданьня беларускай мовы — ня толькі ў Крупках, але і ва ўсёй Беларусі.

Алесь Пушкін у судзе.

Дазвол ва ўладаў ён ня браў, бо лічыць акцыю мастацкай, а не палітычнай.

«Уявіце: раніцай прыйшло натхненьне, і я зладзіў плэнэр на вашай цудоўнай вуліцы ў Крупках. Дык што, прасіць дазвол?»

«Мая задача — мастацкімі сродкамі прыцягнуць увагу грамадзтва», — сказаў на судзе Пушкін.

Мастак прызнаў, што калі міліцыянты цягнулі яго ў службовы аўтамабіль, ён «пасіўна супраціўляўся». І гэта, паводле мастака, была часткай мастацкай задумкі. «Каб пэрформанс працягваўся, каб потым была максымальная агалоска». Пры гэтым ён адзначыў, што нікога ня біў і нікому шкоды не наносіў.

«Я мог бы іншымі справамі заняцца». Якую шкоду нанёс Пушкін міліцыі

Нечаканым паваротам у справе сталася рашэньне Крупскага РАУС, што Пушкін вулічнай акцыяй нанёс міліцыі шкоду. Пацярпелым прызналі маёра Віталя Таберку, які затрымліваў мастака.

Адвакат Пушкіна Вадзім Мушынскі назваў гэта нонсэнсам.

Маёр Таберка сказаў, што пашкоджаньняў ад дзеяньняў Алеся Пушкіна ў яго не было. «Хіба тое, што крыху адцянуў нашу увагу ад нясеньня службы. Я мог бы іншымі справамі заняцца», — сказаў пацярпелы.

У якасьці мастацтвазнаўцы ў судзе выступіў Валер Буйвал. Ён сказаў, што Пушкін правёў не пікет, а пэрфоманс у культурных традыцыях беларускага народу.

«Гэта быў заклік да міру, супраць вайны, акцыя насіла яўны гуманістычны характар», — заявіў Буйвал.

Што казаў адвакат Алеся Пушкіна?

  • Беларусаў часта прыцягваюць да адказнасьці за выказваньні сваіх меркаваньняў, у тым ліку ў абарону беларускай мовы.
  • У дзеяньнях Алеся Пушкіна не было адміністрацыйнага парушэньня.
  • Ягонае затрыманьне было незаконным.
  • Калі б была шкода міліцыянту, гэта была б крымінальная справа, але не адміністрацыйная.

Пасьля прагляду відэазапісу зь месца падзей судзьдзя аштрафаваў Пушкіна на 204 рублі — і за несанкцыянаваную акцыю, і за шкоду міліцыянту.

Алесь Пушкін абскарджваць прысуд ня будзе: «Баюся, каб не далі яшчэ больш».

Каментары14

Цяпер чытаюць

Пасадзілі падпалкоўніка і былога выкладчыка Вайсковай акадэміі. Ён падтрымаў народ у 2020-м

Пасадзілі падпалкоўніка і былога выкладчыка Вайсковай акадэміі. Ён падтрымаў народ у 2020-м

Усе навіны →
Усе навіны

У панядзелак увечары ў Літве зноў былі зафіксаваныя паветраныя шары, але Віленскі аэрапорт не закрывалі3

У Белавежскай пушчы знайшлі незвычайны грыб — ён свеціцца ў цемры, прычым зялёным святлом6

Вядомыя журналісты адкрываюць у Варшаве бар30

У Мінску здаюць прыстойную аднушку за 220 рублёў у месяц, але ёсць адна ўмова2

«Гэта — прэлюдыя вайны». Былая міністарка абароны Літвы пра прылёты паветраных шароў з Беларусі21

Навуковец раскрыў таямніцу старажытнага ахвярнага каменя ў Мінскім раёне5

Каб не трапіць на Акрэсціна, мінчук збег жыць у лес — вось яго гісторыя15

Пасля закрыцця літоўскай мяжы значна вырасла колькасць машын на польскай

Мітрапаліт Веніямін прапанаваў узгадніць магчымы візіт Папы Льва ХIV у Беларусь з патрыярхам Кірылам17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасадзілі падпалкоўніка і былога выкладчыка Вайсковай акадэміі. Ён падтрымаў народ у 2020-м

Пасадзілі падпалкоўніка і былога выкладчыка Вайсковай акадэміі. Ён падтрымаў народ у 2020-м

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць