Тэатр11

На мінскай сцэне паставілі спектакль пра канфлікт на Данбасе 

П'есу драматурга Асі Катляр увасобілі на сцэне Камернага драматычнага тэатра. Спектакль паглядзеў тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў. 

Перад спектаклем мне прапанавалі зрабіць фотаздымак у фотазоне, паўдзельнічаць у розыгрышы бясплатнага квітка, а потым выйшаў народны ансамбль «Забабоны» і імкліва праспяваў і пратанчыў некалькі народных песень. Наведванне тэатра не абмяжоўваецца праглядам спектакля, гэта, так бы мовіць, комплекс забаваў, і вельмі важна, каб глядач адчуваў да сябе ўвагу і павагу. Важна і тое, што перад спектаклем мы рыхтуем гледача да відовішча. Падыход прыватнага Камернага драматычнага тэатра асабіста мяне не крануў, я аматар ціха паразмаўляць з кімсьці перад спектаклем, але, па-першае, я не бачу сябе мэтавай аўдыторыяй спектакля «Мамкі», а па-другое, песні «Забабонаў» цалкам раскрываюць сутнасць тэатральнай дзеі.

У п’есе Асі Катляр, літоўскага драматурга ўкраінска-яўрэйскага паходжання, на Данбасе тры сяброўкі схаваліся ў падвале ад бамбардзіроўкі. Іх сыны, якіх сімвалічна клічуць аднолькава Сашамі, ваююць па розныя бакі ўкраінскага канфлікту. Толькі сын Соні знаходзіцца ў Ізраілі, да таго ж у яе астма, а лекі падчас вайны дастаць складана, гэтым уласна абмяжоўваецца сюжэт п’есы. Увесь час жанчыны спрачаюцца, хто ж у баявым супрацьстаянні мае рацыю, а хто здраднік. «Маскаль! Правасек! Жыд!» — гучыць са сцэны. Размовы, якія жанчыны мусілі б даўно прагаварыць, ізноў і ізноў узнікаюць як быццам з нічога, нічым, па сутнасці, не матываваныя, апроч агульнай раздражнёнасці.

Што трымае гэтых жанчын разам? Ужо пасля першай буйной спрэчкі яны сядаюць за стол і пачынаюць есці агуркі, хлеб і сала (пагаджаецца нават габрэйка Соня, для якой гэта, як яна сама прызнаецца, грэх). Чарка, шкварка, трошкі антысемітызму і гамафобіі, настальгіі па СССР — гэтыя агульныя каштоўнасці, якія знітоўваюць нават самыя цяжкія канфлікты.

Ганна Лавухіна, актрыса Маладзёжнага тэатра, грае Аксану, размаўляе на сцэне толькі па-ўкраінску, крычыць «Хто не скача, той маскаль!» і пранікнёна спявае ўкраінскія песні, а Ганна Анісенка (Наташа) і Таццяна Булгакава (Соня) таксама пяюць. Увогуле, акцёрскі склад падабраны выдатна, актрысы тэмпераментна сварацца і мірацца. Наталля Башава аддае акцёрам столькі свабоды, што гэты спектакль становіцца прыкладам так званай «акцёрскай рэжысуры», калі для выканаўцы найперш ствараюцца зручныя ўмовы для найлепшага выяўлення моцных бакоў. Вось гераіні Анісенкі і Лавухінай разышліся ў розныя бакі, нібыта каб паправіць вопратку ці паставіць штосьці на палічку, значыць, праз імгненне можна ўжо чакаць, што яны з жарсцю накінуцца адна на адну, каб штосьці даказаць ці абвергнуць.

Але на ўзроўні данецкага падвала канфлікт, які бушуе навокал, не вырашыць.

Нават у простым тэксце Катляр супярэчнасці надта непераадольныя. Так, гераіні сапраўды прызнаюцца адна адной у любові і адмаўляюцца ад пагроз, якія прамовілі хвіліну таму, але гэты маленькі і часовы мір, які вельмі залежыць ад вялікай вайны. Тое, што нельга вырашыць рацыянальна, вырашаецца з дапамогай песні, два ці тры разы моцны крыклівы канфлікт паміж гераінямі вырашаўся менавіта тым, што хтосьці раптам пачынаў спяваць. Музыка прымірала. У гэтым сутнасць спектакля, у наіўнай веры ў перамогу прыгожага над усім кепскім. Менавіта таму такі просты тэст перад спектаклем ансамбля «Забабоны»: калі такі кшталт мастацтва вам падыходзіць, калі гэта кранае, калі радуе, то гэта ваша мастацтва і ёсць.

На маю думку, канфлікт на Данбасе песняй не вырашыш, хаця я быў бы не супраць.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім19

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім

Усе навіны →
Усе навіны

Як ідзе рамонт моста на праспекце Незалежнасці ФОТЫ1

У Літве хочуць стварыць дронавую заслону на мяжы з Беларуссю1

«Патэлефануйце Пуціну»: Рутэ папярэдзіў Кітай, Індыю і Бразілію пра другасныя санкцыі3

У парку Чалюскінцаў з’явіцца «Вежа свабоднага падзення»2

Мядзведзеў пра ўльтыматум Трампа: Расіі ўсе роўна8

«Адзін глядзеў тэлефон, другі размаўляў, а трэці ў баку назіраў». Як цяпер праводзяць допыты на мяжы Беларусі з ЕС18

Трампа спыталі, ці ён усё яшчэ лічыць НАТА састарэлай арганізацыяй

Пакалечаная ў Дубаі ўкраінская мадэль пачала гаварыць34

«Напрамак сусветнага ўзроўню». Курорт у Паўночнай Карэі будавалі, каб адкрыць КНДР свету, але пакуль і расіяне не хочуць ехаць8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім19

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць