Ездзіць на Ferrari, піша песні, працуе на бацьку. Чым займаюцца дзеці беларускіх селебрыці
Грае ў тэатры ў Латвіі, стварае відэагульні, вучыцца ў раскошным Манака… «Наша Ніна» паглядзела, як склаўся лёс дзяцей беларускіх селебрыці.
Адэля Вольская
22-гадовая дачка Лявона Вольскага таксама спявачка. У 2017-м яна выпусціла свой першы альбом.
«Што да параўнанняў з бацькам, то ў нас з ім зусім розныя тэмы. Ён піша пра публічнае: грамадскія з’явы, палітыку тую ж. Я ж накіраваная ўнутр сябе, пішу пра асабістыя перажыванні», — дзялілася яна ў інтэрв’ю «Нашай Ніне».
Адэля скончыла 23-ю беларускамоўную гімназію ў Мінску, Коласаўскі ліцэй. Вышэйшую адукацыю атрымлівала ва ўніверсітэце Марыі Кюры-Складоўскай (Люблін) па спецыяльнасці «арганізатар мерапрыемстваў». Цяпер вучыцца там у магістратуры. Але Польшча блізкай для дзяўчыны не стала.
«Я б усё аддала, каб застацца цяпер ужо назаўсёды ў Мінску. Многія кажуць, што гэта бессэнсоўна, бо тут няма чаго рабіць, і я з імі часткова згодная. Сама часам прытрымлівалася такога ж меркавання. Але ўсё ж Беларусь мне нашмат бліжэйшая па духу, чым гэтая Польшча, ад якой мяне ванітуе», — эмацыйна выказвалася ў сацсетках Адэля.
Павел Міхалок
У свае 25 сын Сяргея Міхалка паспеў ажаніцца і развесціся, пажыць у Маскве і вярнуцца ў Мінск.
Вышэйшую адукацыю Павел не атрымаў. Паступаў у Інстытут сучасных ведаў імя Шырокава, на прадзюсарскі факультэт, але кінуў, не скончыўшы першага курса.
Пасля разводу бацькоў хлопец жыў з маці і айчымам, але часта ездзіў з татам на гастролі. Два гады таму стаў выступаць з Сяргеем — Павел клавішнік у гурце Drezden. Раней ён граў у пост-панк-гурце Super Besse і ездзіў з імі па еўрапейскіх музычных пляцоўках.
Юлія Айплатава
Дачка вядомага дызайнера Івана Айплатава пайшла па слядах бацькі. Летась дзяўчына скончыла Акадэмію мастацтваў, факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
З першага курса яна працуе ў бацькавай студыі. Тлумачыла, што хоча набрацца вопыту, перш чым ствараць штосьці сваё.
«Ці строгі крытык тата? Я часам, шчыра кажучы, не магу зразумець яго рэакцыю. Мне хочацца, каб, калі я нешта крутое прыдумала, ён усклікнуў: о, класна! А ён: так, добра. Потым мама расказвае, што ён мяне пахваліў. Канечне, гэта вельмі дапамагае, калі побач ёсць такі дасведчаны чалавек», — дзялілася яна падчас абароны дыплому.
Ігнат Бандарчук
Сыну Ганны Бонд 20 год. Спачатку ён паступіў у музычны каледж, але пасля вырашыў быць бізнэсоўцам, а не піяністам. Цяпер хлопец жыве ў Манака і вучыцца продажам у тамтэйшым універсітэце.
Ігнат ведае ангельскую мову, крыху французскую і італьянскую. Цікавіцца крыптавалютамі, гандлюе на біржы, чытае бізнэс-літаратуру. Запісвае таксама анлайн-семінары пра асабісты рост і пра тое, як зарабляць на перапродажы моднага адзення.
Сам хлопец любіць брэндавыя рэчы і раскошу. Носіць сумку Gucci, ездзіць на Ferrari, выходзіць з крам з пакункамі Philipp Plein i Louis Vuitton.
У сацсетках выкладае сумесныя фота з расійскімі зоркамі — Іванам Ургантам, Філіпам Кіркоравым, Рыгорам Лепсам.
Ганна Бонд расказвала раней у інтэрв’ю, што сын добры да непрыстойнасці і вельмі інтэлігентны.
Аляксандр і Антон Саладухі
Сынам-двайнятам Аляксандра Саладухі па 32 гады. Антон скончыў Інстытут сучасных ведаў імя Шырокава, Аляксандр — філіял Маскоўскага інстытута інфарматыкі.
Аляксандр Саладуха
Зарабляць хлопцы спрабавалі па-рознаму. Грузілі кавуны на рынку, працавалі на складзе фірмы, якая прадавала запчасткі. Антон нейкі час гандляваў духамі. Шмат год сыны працуюць у камандзе бацькі — кіроўцам і гукарэжысёрам, плюс займаюцца арганізацыяй канцэртаў.
Антон Саладуха
Антон і Аляксандр і самі выступалі на сцэне — у дуэце «Элемент». Гастралявалі разам з бацькам па гарадах Беларусі, Расіі, Украіны. Запісалі два альбомы. Але ўласную аўдыторыю не займелі. У адным з інтэрв’ю Антон згадваў, як яны спрабавалі зладзіць сольны канцэрт у Валожыне, але раскупілі толькі тры квіткі.
Хлопцы жанатыя. У Антона дзве дачкі. Аляксандр першы раз стаў татам усяго месяц таму — таксама дачка. З нагоды нараджэння ўнучкі Аляксандр Саладуха падарыў сыну аўтамабіль.
Іван Стральцоў
У акцёры пайшоў сын спявачкі Іны Афанасьевай, які цяпер жыве ў Латвіі. Іван скончыў Акадэмію мастацтваў — вучыўся на курсе прымы Купалаўскага Зоі Белахвосцік. Раней яго можна было ўбачыць на сцэне Тэатра імя Горкага ў Мінску, а з мінулага года хлопец грае ў Рыжскім рускім тэатры імя М. Чэхава.
У Івана ёсць жонка і маленькая дачка Вара. Жонка Юлія Вярхоўская таксама беларуская актрыса, здымаецца ў кіно і серыялах. Летась прыгажуня была сярод фіналістак, якія змагаліся за права прадставіць Беларусь на конкурсе «Місіс свету».
Цікава, што ў сацыяльных сетках акцёр посціць не толькі лірычныя назіранні і фоты любімай сям’і, але і верш Ганны Севярынец пра Колю, эксперымент блогераў па зборы подпісаў за Лукашэнку.
Анатоль Ярмоленка
Сын спявачкі Алесі працягвае творчую дынастыю. Хлопец скончыў каледж мастацтваў у Мінску. У яго была магчымасць вучыцца ў Венскай кансерваторыі (сям’я пэўны час жыла ў Аўстрыі), але, як расказваў Ярмоленка-старэйшы, Анатоль вельмі хацеў вярнуцца на радзіму.

Анатоль з 4 год на сцэне. Удзельнічаў у «Славянскім базары» і «Новай хвалі». Пад псеўданімам DJ Анатоль запісвае сольныя альбомы і выпускае кліпы. А таксама выступае з дзедам у складзе ансамбля «Сябры».
Анатоль спрабаваў прабіцца і ў расійскі шоў-бізнэс — удзельнічаў у конкурсе «Песні» на канале ТНТ.

У вольны час хлопец любіць гуляць у пейнтбол і плаваць у басейне, захапляецца фатаграфіяй.
Яўген Хаменка
Сын лідара гурта «Палац» Алега Хаменкі не стаў звязваць жыццё з музыкай. Скончыў Мінскі каледж прадпрымальніцтва па спецыяльнасці «банкаўская справа», пасля вучыўся на эканаміста ў Мінскім інавацыйным універсітэце.

«Працаваў нейкі час у банку, рэкламным агенцтве. Цяпер з’яўляюся кантэнт-менеджарам у беларускай ІТ-кампаніі SoftSwiss», — расказаў Яўген «Нашай Ніне».
У 16 год ён быў вядоўцам і аўтарам праграмы «К-гульні» на «Восьмым канале», але больш на тэлебачанні не з’яўляўся.
«Я ўвесь час захапляўся пісьменніцтвам, хацеў выдаць кнігу. Цікаўлюся відэагульнямі і настолкамі», — дзеліцца Яўген.
Цяпер ён якраз удзельнічае ў стварэнні некалькіх гульняў. Плануецца, што гэтыя настолка і відэагульня выйдуць у наступным годзе.
Уладзімір і Клім Кацянёвы
У тэлевядучай Святланы Бароўскай і акцёра Анатоля Кацянёва двое дарослых сыноў.
Старэйшы Уладзімір скончыў аддзяленне філасофіі ў БДУ. Паступаў туды дзеля адукацыі, а не працоўнай спецыяльнасці.

«Як тыповы гуманітарый з мемаў, я рознае пераспрабаваў: працаваў і бармэнам, і дастаўшчыкам ежы. У нейкі момант кар’ерная эвалюцыя пайшла ў патрэбным кірунку, я прайшоў шлях ад менеджара праектаў у PR-агенцтве да курсаў лічбавага дызайну.
Працаваў у дызайн-студыі, вярстаў жаночы часопіс, цяпер раблю айдэнтыку, сайты, прэзентацыі, рэкламу. Не люблю слова фрылансер — ад яго павявае беднасцю і лянотай. Кажу, што ў мяне прыватная практыка», — падзяліўся хлопец.
У дзяцінстве ён часта чуў ад атачэння: «Ты так падобны да таты, дакладна будзеш акцёрам!» Але сам не марыў пра гэту прафесію.
«Калі вырас — зразумеў, што праца з камерай патрабуе сапраўднага таленту і прызвання. Першага ў мяне малавата, другога — няма зусім, дый жадання ва ўсвядомленым узросце нават не ўзнікала».
У вольны час Уладзімір шпацыруе па 10-15 км і слухае інтэрв’ю і падкасты.
«Асобнае месца ў спісе хобі займае камерны хор «Салютарыс», у якім я спяваю ўжо год 8. Мы аб’ездзілі палову зямнога шара, выйгралі шмат конкурсаў. Гэта пры тым, што хор аматарскі», — дадаў ён.
Малодшы Клім заканчвае факультэт міжкультурных камунікацый Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

«Вырашыў пайсці туды, паколькі мне падабалася ангельская мова. Цяпер няма пастаяннага месца працы, але меўся вопыт у якасці дзіцячага аніматара, перакладчыка», — расказаў Клім.
Хлопец любіць спорт — займаецца ў трэнажорнай зале і гуляе ў баскетбол.
Дар’я і Мікіта Ялінскія
Гэта старэйшыя дзеці Анжалікі Агурбаш.
22-гадовы Мікіта вучыўся у лонданскім каледжы, пасля — ва ўніверсітэце Баконі ў Мілане, на факультэце міжнароднай эканомікі і фінансаў.
Цяпер жыве ў Мілане і працуе кансультантам у швейцарскай кампаніі, якая пастаўляе прамысловае абсталяванне. Дагэтуль быў звязаны з кампаніяй SkyWay — рэдагаваў для іх навуковыя артыкулы і арганізоўваў канферэнцыі.
Дар’я таксама вучылася ў Лондане. Цяпер ёй 32, жыве ў Маскве.
Пайшла ў музычны бізнэс — піша песні, трымае вакальную школу, працуе на канцэртах. Захапляецца індыйскай культурай і спявае мантры.
Каментары