«Такімі тэмпамі застанемся без дрэваў!» Што трэба ведаць пра амялу ў Беларусі
У Беларусі людзі ўсё часцей звяртаюць увагу на дзіўныя круглыя ўтварэнні на дрэвах, якія нагадваюць гнёзды птушак. Насамрэч гэта паўпаразітная расліна, што можа істотна шкодзіць дрэвам. BGmedia звярнулася на лінію «Зялёнага тэлефона», каб даведацца пра яе падрабязней.

Важна адзначыць, што ў розных рэгіянальных медыях беларусы адзначылі, што «з гэтай раслінай нібыта павінныя змагацца самі камунальнікі».
Таксама пра амялу загаварылі ў беларускім тыктоку: «Такімі тэмпамі застанемся без дрэваў!», — пішуць беларусы.
Але ці так проста пазбавіцца ад амялы?
«Амялу можна пабачыць толькі на аслабленых дрэвах»
— Наколькі амяла шкодзіць дрэвам? Наколькі — асяроддзю навакол?
— Амяла з’яўляецца напаўпаразітам. Яна распаўсюджваецца па дрэвах дзякуючы птушкам, якія спажываюць ягады амялы і пераносяць на сабе ліпкую мякаць ад ягад, што ўтрымлівае семя амялы. Амяла не харчуецца самім дрэвам, яна выкарыстоўвае дрэва для атрымання вады і мінералаў з глебы, якія ідуць па дрэве наверх.
Ходзяць спрэчкі, ці трэба нешта рабіць з амялой. Хтосьці кажа, што трэба, а хтосьці кажа, што амяла была заўсёды. Асаблівасць амялы ў тым, што яна ніколі не селіцца на здаровых дрэвах.

Яна здольная падсяляцца толькі да аслабленых дрэваў. Гэта азначае, што амяла з’яўляецца індыкатарам здароўя папуляцыі дрэваў. Вы не заўважыце гэтай расліны на дрэвах у лесе, але яе можна пабачыць у гарадскіх дварах, на дрэвах уздоўж трас, гэта значыць, у тых лакацыях, дзе дрэвы хутчэй за ўсё аслабленыя.
І тут напрошваецца пытанне: а чаму ў горадзе і ўздоўж дарог дрэвы слабыя? Імаверна, з-за дрэннай экалогіі. У чым выяўляецца: засоленасць глебы з-за антыгалалёднай солі, загушчанасці дрэваў у некаторых зелёных зонах, дзе пасадкі былі надта шчыльныя, а далей ніхто не займаўся прарэджваннем дрэваў — адпаведна дрэвам цесна, яны канкуруюць паміж сабою за рэсурсы, якія атрымліваюць з глебы. Няправільная, занадта агрэсіўная абрэзка таксама дрэнна ўплывае на дрэвы, аслабляе іх.
Таму ў пэўным сэнсе амела проста ўдзельнічае ў эвалюцыйных працэсах, паслабляючы і без таго аслабленыя дрэвы, і тым самым паскарае вызваленне тэрыторыі, на якой у будучыні, магчыма, вырасце больш моцнае і здаровае дрэва.
— Што з гэтай хваробай робяць у краінах з развітай аховай навакольнага асяроддзя? Ці знайшлі нейкае канчатковае вырашэнне праблемы?
— Нічога не робяць. Можа быць, выдаляюць амялу толькі ў нейкіх дэндрарыях, дзе на якасны дагляд за дрэвамі хапае грошай, бо з тэхнічнага пункту гледжання гэта няпростая працэдура: трэба выкарыстоўваць пад’ёмную тэхніку.
«Амяла не ёсць першапрычынай пашкоджанняў дрэваў»
— Як гэтую праблему можна вырашыць у Беларусі?
— Дзяржава, вядома, можа аб’явіць амялу ворагам дрэваў і змагацца з ёй, выдаляць з дрэваў. Мясцовыя камунальныя службы і аб’екты Зелянбуда з энтузіязмам будуць асвойваць бюджэтныя грошы, апраўдваць сваё існаванне. Але гэта нятанная барацьба з сімптомамі, якая не ліквідуе прычын з’яўлення амялы.

Можна ж пазмагацца з першапрычынай здарэння, а менавіта: паляпшаць экалагічную сітуацыю ў гарадах і ўздоўж трас, скарачаць выкарыстанне солі для дарог, даглядаць дрэвы. Тады будзе больш здаровых дрэваў і менш амялы, якая, безумоўна, пагаршае эстэтычны выгляд дрэваў. Гэтыя меры таксама патрабуюць значных выдаткаў, але на перспектыву палепшаць якасць жыцця ў горадзе як для дрэваў, гэтак і для людзей.
— Некаторыя людзі мяркуюць, што амела можа ўжывацца як лекавы сродак. Наколькі гэтыя меркаваннi адпавядаюць рэальнасці?
— Людзям нельга амялу спажываць як ежу непасрэдна, бо яе плады і лісце для нас атрутныя. Але разам з тым адвары, настойкі на амяле ў малых колькасцях выкарыстоўваюць для розных хвароб, звязаных са страўнікам, нервовай сістэмай, скураных хвароб і г. д. Але спажываць экстракт амялы можна толькі пры абавязковай кансультацыі з доктарам.
Каментары
Не проста ж так яна прыйшла ў такой колькасці да беларусаў. Анкалогія зашкальвае ў краіне.
Прырода дасылае людям сігналы.