Культура

Недамоўленае

Аляксандар Фядута перачытвае Міхася Стральцова, геніяльнае «Смаленьне вепрука» і трохі… пра сябе.

Аляксандар Фядута перачытвае Міхася Стральцова, геніяльнае «Смаленьне вепрука» і трохі… пра сябе.

Цяжэй ад усё выбраць «самае-самае». Асабліва – у мастацтве. Ну, скажэце мне, як выбраць між «Джакондай» і «Сыкстынскай мадоннай»? Хто вышэйшы паводле свайго генія: Шэксьпір ці Дантэ? А Талстой ці Дастаеўскі – зь імі як быць?

Найлепшы аповед, напісаны на беларускай мове, – «Смаленьне вепрука». Каб не напісаў Міхась Стральцоў болей ніводнага радка, і ўсё адно не было б ніякіх сумневаў у ягонай геніяльнасьці.

Восем старонак тэксту. Досыць.

У 60–70-я гады, зь лёгкай рукі Фэліні, які зьняў фільм пра бясконцыя пакуты творчасьці, стала папулярна распавядаць пра тое, як працуе творца, як у яго не атрымліваецца – ці атрымліваецца, але цяжка.

А можа, і не Фэліні стаў пачынальнікам гэтае моды? Бо пра гэта пісаў і Булгакаў у «Майстры і Маргарыце». Я ня ведаю, ці чытаў Стральцоў Булгакава. А Фэліні, «Восем з паловай», ён дакладна бачыў. Пра гэта ён піша сам – у іншым месцы, у іншай прозе, ня менш адкшталцаванай і дакладнай, але – у іншай.

А ў «Смаленьні вепрука» пра Фэліні ані згадкі.

«Ідуць ужо халады, бяруцца прымаразкі – ападаюць інеем сырыя туманы. Чарсьцьвее зямля, і цёмным, ільсьняна-халодным зяленівам б’е ў вочы парадзелая пры дарозе трава. Ужо выпетрала зябліва, пасівела ў гародчыках і пазванчэла бадыльлё, і панішчымнела паветра».

Так надыходзіць зіма.

Не на двары – у душы.

«Я жыў тады ў нечапанай частцы гораду, калі надумаўся пісаць, у старым раёне, забудаваным няўклюднымі цаглянымі, а найбольш драўлянымі дамкамі, што ўсьцяж патаналі ў садах. Цяпер мала засталося ад таго раёну – адны лапінкі, астраўкі, заціснутыя кварталамі несамавітых бязьверхіх дамоў».

Душа запоўнена ўспамінамі – няўклюднымі, што патанаюць у бясконцых прагалах, што выдзіраюць то адзін, то другі пазл з падпсаванага вірусамі гадоў кампутарнага блёку нашай памяці – але тымі, што ня складваюцца пры гэтым у суцэльную карціну сьвету, уласнага жыцьця, мінулага, пражытага марна.

«Увосень, кожнай раніцы ў нядзелю, чуваць было, як парыпваюць на маёй асфальтавай вуліцы вясковыя вазы, як цохкаюць капытамі коні і як вішчаць і рохкаюць у драбінах падсьвінкі».

Вось і зьяўляецца ў аповедзе той самы вяпрук, каторага ўжо ў загалоўку авансаваў чытачу аўтар. Аўтар распавядае і нам, як яму карціць напісаць аповед пра смаленьне вепрука.

З чым асацыюецца ў чытача смаленьне вепрука? Зь зімой, што заступае ў свае правы, зь вясковым дзяцінствам, са сьвятам сытасьці – гулянкай у стылі ці то Рабле, ці то Будзінаса. Ад гаспадарскіх шчадротаў – і кілбаса пальцам пханая, і налітая крывёю напалову з грэчкай крывянка, і кумпякі. Дарослыя чарку падымуць і скваркай закусяць, а дзецям дастанецца найлепшы шматок, таму што ўсё жыцьцё – дзеля іх. Усё жыцьцё!

Жыцьцё! Радасьць!

Усім – радасьць!

І толькі вепруку – сьмерць.

«Пах пракісшага хлеба і паранкі чуваць яму, чутна, як нямірна сакочуць, не падзяліўшы нешта, куры на двары і цьвёрда шкрэбае аб ганак дзюбаю певень, як разладжана, роспачным нейкім голасам, злуецца на курэй гаспадыня… Дык вось нарэшце… тупаньне ў сенцах, знаёмы шоргат мешалкі і галасы, і другі, глушэйшы і спакайнейшы голас, – гэта гаспадар. І адчыняюцца сенцы, і бухаюць дзьверы, прадракаючы міг нечакана хісткай, поўнай незразумелага сэнсу цішыні».

І я, чытаючы цяпер, саракадвохгадовым, стральцоўскі аповед, узгадаў аповед сваёй маці – пра яе дзяцінства. Пра вепрука, якога звалі Васькам. Ён быў разумны. Адчыняліся дзьверы ў хлявок – і ён з радасным вішчаньнем выбягаў на двор, бег да яе, дзяўчынкі, уладкоўваўся ля яе ног і чакаў, як тая пачухае яму за вухам. І задаволена, шчасьліва рохкаў, зусім не прадбачачы гэтай страшнай, поўнай незразумелага сэнсу цішы...

І калі дзед мой, Ёсіф Тарасавіч Фядута, вартаўнік на Гарадзенскай тытунёвай фабрыцы Шарашэўскіх, бацька пяцёх дзяцей, трох дзяўчат і двох сыноў, падрыхтаваўся смаліць вепрука – у маленькай драўлянай хаце зь сінімі сьценамі, пры вуліцы Леванабярэжнай у Горадні, – няма цяпер ні гэтай хаткі, так і няма ў жывых нікога зь дзяцей Ёсіфа Тарасавіча, яны засталіся толькі на картачках у старым зялёным альбоме маёй маці, які захоўваецца ў кніжнай шафе панэльнага менскага шматпавярховіка, ды засталася памяць у мяне пра сінія сьцены хаткі і пра кусты з жоўтымі кветкамі, падобнымі да пухнатых куранят, што ўзьляцелі на пруткі, – калі мой дзед падрыхтаваўся смаліць вепрука – а дзеля гэтага яму трэба было забіць Ваську, – маці зразумела, што ў дом заходзіць, захутаўшыся ў поўную цяпер ужо зразумелага сэнсу ціш, Сьмерць...

Толькі ў Стральцова вепрука страляюць – ужо зусім па-чалавечы. А мой дзед будзённа закалоў Ваську даўгой швайкай, пазычанай у бабулькі Сянькевічавай, якая жыла пры вуліцы Чырвонапартызанскай (гэта пасьля вайны яна стала Чырвонапартызанская, а тады, у міжваеннай Польшчы, аднаму Богу вядома, якая ў яе была назва). У той самай чужой нашай сям’і бабулі; яе імя я ніколі і ня чуў, а толькі бачыў яе на даваеннай фатаграфіі, і ў яе вясною 1942 году будзе хавацца мая мама, гарадзенскае дзяўчо, якое сагналі на работу ў Нямеччыну і якое нейкім цудам умудрылася зьбегчы ад баўэра.

...Есьці Ваську дзеці адмовіліся. Мяса прадалі і набылі новую сьвініну. Ніхто ў нашай сям’і ня стаў вэгетарыянцам, але пра Ваську мама і ў старасьці апавядала мне ледзь не са сьлязьмі.

Болей дзед сьвіней у хаце не трымаў. Не таму, што было іх шкада. Было дзяцей шкада.

...І вось гэты дзіцячы ўспамін пра вепрука, пазбаўленага жыцьця, зьмяняецца ў Стральцова ўспамінамі пра маці.

Адзін з героеў аповеду раптам пачынае блытана весьці гаворку пра тое, як старая маці ўмаўляла яго ня пстрыкаць марна сярнічкамі: калі хочаш запаліць цыгарэту, седзячы ля камінка, запалі ад вугольчыка. «А каб жа ты ведала, думаю, колькі мы, такія харошыя, тых запалак рублёвых па рэстаранах ды піўных у адзін вечар кідаем, га?»

Страшная мэтафара: не сярнічкі капеечныя палім, а ўласнае жыцьцё марнуем.

І трывога засяляецца ў сэрца апавядальніка, змрочны, як у вепрука, смутак. «І тады ўбачыў ён сьцены, якія адразу пазнаў: прапахлыя павуціньнем, негабляваныя сьцены, і тапчан у куце, закіданы старой вопраткай, і старыя начоўкі на ім, і лаву ля дзьвярэй, і вёдры на ёй, і на падлозе кашы з бульбай, і цэбар зь мешанкай, і вузкае, на адно бервяно прарэзанае акенца ў сьцяне, і нейкі слоік на ім, і шклянку з гусіным тлушчам на ёй (ён гэта ведаў), і адно замурзанае (ці ня поклад?) курынае яйка… О, навошта, навошта такое знаёмае ўсё гэта, і навошта стаіць перад лавай маці, і навошта чыгуны каля яе ног, навошта яна павярнула галаву да яго, – о, які цёмны, невідушчы, цяжкі, нібы плёскат вады ў вядры, у яе пагляд!»

І калі ён даведаецца раніцою з тэлеграмы, што маці памерла, усё стане па сваіх месцах: і самахоць узьніклае жаданьне напісаць аповед пра моташную, непазьбежную для кожнай жывой істоты сьмерць; і маці, што ўзьнікла ў сьне – як у дзяцінстве, у пуні, зь якой выйдзе – і пойдзе смаліць вепрука – адсюль і вада гэтая, што цяжка плешчыцца ў вёдрах, і вузкае акно ў сьцяне – апошняя крыніца сьвятла, і курынае яйка – нібы кплівы напамін пра кароткатэрміновасьць, як курыны век, чалавечага быцьця (і тлушч – адтульсама: яйка з птушынага жыцьця, лой – з птушынай сьмерці)...

Душа адтала, і на сьвет, асьцярожна распраўляючыся, як пралеска, зьявіўся чалавечы боль – той, які рана ці позна давядзецца адчуць кожнаму з нас, які прыходзіць разам з успамінам пра дзяцінства, пра маму, пра вепрука, забітага – дзеля нас...

Аўтар хацеў толькі напісаць гэты аповед, прызнаецца нам, але – не напісаў. Сьмерць маці яму перашкодзіла. Так герой фільму Фэліні хоча зьняць фільм, а ў выніку мы толькі даведваемся пра тое, як яму карціць зьняць фільм, як ён ня можа зьняць фільм, а самога фільму – ня бачым...

У «Смаленьні вепрука» няма нічога лішняга. Ён надзвычай ляканічны. Таксама напісаныя й найлепшыя аповеды на расейскай мове – у Буніна, Шукшына, Казакова. Не параўнаеш зь дзевятнаццатым стагодзьдзем: Стральцоў і Буніна, і Шукшына, і Казакова чытаў менавіта як сучасьнік, але аўтары мінулага, больш даўняй эпохі для яго – продкі, а не сучасьнікі: сучасьнікаў ён прымаў як сваіх, з ранейшым – палемізаваў.

Але ён чытаў і Марсэля Пруста. Гэта адчуваецца празь бязьлітасную дакладнасьць вобразаў. Я памятаю, як мяне ўразіла, калі герцагіня Германцкая, якая карміла гусі, што плавалі ў сажалцы, белай булкай, той самай булкай пачала частаваць маленькага апаведача гэтай прустаўскай эпапэі, калі бабуля падвяла яго да Яе Высокасьці. Стральцоўская запалка, што ўспыхнула і згасла марна, як чалавечае жыцьцё, – такое ж вялікае літаратурнае адкрыцьцё.

Стральцова як празаіка маркіравала нядоўгая хрушчоўская адліга. Ён нарадзіўся – фізычна – 14 лютага 1937 году. Першыя вершы надрукаваў у апошні год жыцьця Сталіна – у 1952 годзе. Першы аповед – у 1957-м – пачатак адлігі. Першы зборнік выйшаў у 1962 годзе – апошні год адлігі, ужо пасьля «грамадзянскага пакараньня» Пастэрнака, і пасьля сьмерці Пастэрнака, і пасьля выхаду ў сьвет ягонага зборніка ў «Бібліятэцы Паэта» з прадмовай Андрэя Сіняўскага.

І памёр – у веку 50 год, у 1987 годзе. Так памерлі многія з тых, хто зусім маладым прабіў лёд сталінскай эпохі, але каго выпетралі першыя прымаразкі. У Стральцова быў цяжкі лёс, што ўлучыў у сябе «лекаваньне» ў лячэбна-працоўным прафілякторыі і зайздрасьць і нянавісьць мноства «калегаў» – тых «дубоў», якім было ўсё адно, ці гэта сьнег ідзе, ці дабрадайны дождж, ці сонца зьзяе табе, ці дагарае перадсьмяротным вобліскам і курчыцца ў пакутах, зусім па-чалавечаму, тонкая сярнічка. Яму не ставала тоўстае кары, якая ўратавала б яго ад болю праломваньня лёду. Што зробіш: ня ўсім дадзена быць таўстакорымі.

І Стральцоў памёр, як памірае пралеска, што перажыла адлігу. І горыч і боль, што катавалі яго, засталіся ў радкох яго аповедаў. Нават тых, якія ён толькі абяцаў нам распавесьці.

Каментары

Цяпер чытаюць

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны123

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Жах на пяць паверхаў: як жыве і пакутуе самая вялікая камуналка Мінска4

Axios: ЗША і РФ працуюць над сакрэтным планам па Украіне9

Дыверсант на польскай чыгунцы дапусціў дзіўную памылку — падарваў не тую рэйку13

«Бабарыка быў бы годным прэзідэнтам, але хунта пазбаўляецца ад разумных людзей крымінальнымі метадамі». Што пішуць людзі пра банкіра84

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за раскрыццё «файлаў Эпштэйна». Сенат прыняў гэтую пастанову без абмеркавання4

Зборная Кюрасаа ўпершыню ў гісторыі выйшла на чэмпіянат свету па футболе

У Мінску закрылі вуліцу Масюкоўшчына адразу ажно на пяць гадоў. Што там адбываецца?1

Арыгінальная бетонная царква на Тэнэрыфе прызнана найлепшым будынкам года ў свеце7

Вызначыліся каманды ад Еўропы, што напрамую выйшлі на ЧС па футболе, і ўдзельнікі стыкавых матчаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны123

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць