Меркаванні44

Чарнобыльскі цукар

Памятаю: бацька слухае рыпучы прымач. Маці нечым усхваляваная, збянтэжаная. У чым справа? Нам з сястрой даюць пігулкі — антыструмін. Піша Алесь Кудрыцкі.

Здаецца, той «чарнобыль» быў заўсёды.
Для майго пакалення, народжанага ў 80‑ыя, Беларусь без радыяцыі засталася хіба што ў дзіцячых успамінах, такіх далёкіх, што ўжо і не ведаеш, што было сапраўды, а што мы прыдумалі. Свядомая, дарослая памяць пра ўласныя спробы разабрацца ў тым, што адбываецца, пачынаецца ў мяне менавіта з Чарнобылю.

Памятаю: на кухні ў нашай мінскай кватэры бацька слухае рыпучы прымач. Маці нечым усхваляваная, збянтэжаная. У чым справа? Нам з сястрой даюць пігулкі — антыструмін.
Даведаўшыся з Польскага радыё пра тое, што адбываецца, бацька збегаў у аптэку на суседняй вуліцы ды запытаўся пра тыя лекі.
Дзіва: аптэкарка была гатовая прадаваць антыструмін хоць кілаграмамі — усё было завезенае, усё гатовае.
Так яно і праляжала на складах. Тэлебачанне маўчала, савецкія правадыры, наклаўшы ў порткі, адседжваліся на лецішчах. І хоць я дакладна не разумеў, што такое радыяцыя, паводзіны бацькоў казалі мне: з гэтым неадкладна трэба нешта рабіць. А па тэлебачанні, наадварот, усяляк даводзілі, што рабіць нічога не трэба.
Я верыў бацькам і, адпаведна, не мог верыць тэлебачанню. Савецкі чалавек, дарэчы, мусіў бы рабіць акурат наадварот.
Думаю, менавіта тады зрабілася зразумела, што ні з мяне, ні з маіх аднагодкаў савецкіх людзей ужо не вырасце.

Дзякуючы Чарнобылю нам з сястрой давялося ўпершыню пакаштаваць віна — бадай, сухога, бо я нават смаку яго не памятаю, толькі светла‑рубінавы колер. Казалі, што дапамагае ад радыяцыі. А потым позна ўвечары ў дзверы пазванілі незнаёмыя людзі. Памятаю паўцемру і сцішаныя галасы.

Нараніцу бацькі ўжо не было дома. Пабачылі мы яго праз некалькі дзён на зборным пункце ў Калядзішчах, у вайсковай форме.
На чорна‑белым фота з тых часоў — маці без усмешкі, я з зухаватым выглядам ў вайсковай пілотцы на галаве ды маленькая сястра са спужанымі вачыма — такімі вялізнымі, што, здаецца, і твару не бачна, адны вочы. Толькі нядаўна яна распавяла, што думала, нібыта бацьку забіраюць на вайну, і ён ніколі не вернецца. Вось жа ўявіў сабе дзіцёнак такое і нават не сказаў нікому… Узгадваюцца дужа прыгожыя дрэвы ў квецені і пах вайсковай кухні, кацялок, у якім бацька прыносіў пакаштаваць кашы. Мне, хлапчуку, усё гэта было цікава, але псавала настрой няпэўнасць: што адбываецца, чаму, калі вернецца тата…
А яшчэ мне надта спадабаўся кавалачак цукру, які бацька прынёс да гарбаты.
Памятаеце, у цягніках у тыя часы давалі такія маленькія цаглінкі цукру ў папяровых абгортках, на якіх быў намаляваны нейкі футурыстычны цягнік на фіялетавым фоне. Такі самы цукар уваходзіў і ў сухі паёк ліквідатараў. Я паклаў той цукар у кішэню, не разгарнуўшы. Дома дастаў яго, узважыў на далоні і вырашыў: схаваю ў шуфлядзе. З’ем, калі тата вернецца. Дачакаюся.

Чаму бацька адчыніў дзверы, калі прынеслі павестку? Многія ж неяк схаваліся, з’ехалі з гораду. Надоечы я спытаўся ў яго пра гэта.

«Ну што я буду хавацца, калі бяда такая, — адказаў ён. — Што зробіш. У мяне ж і бацькі там…»
Там — гэта ў вёсцы Слабажанка, якая ляжыць ля самых Мележавых Глінішчаў. Людзі на балоце. Цяпер — каля самай мяжы зоны адсялення. Найлепшыя мясціны, амаль курортныя, не параўнаць з раскіслым ад бясконцай халоднай вільгаці Мінскам. Моцныя хаты, некалькі з іх збудаваў мой дзед, які ўсё жыццё і з дрэвам працаваў, і печы клаў, і пчолаў разводзіў. Так бацька на нейкі час вярнуўся ў свае мясціны, якія раптоўна ператварыліся у 30‑кіламетровую зону. На фотках — страшэнна прыгожыя краявіды, салдаты ў рэспіратарах мыюць з брандспойтаў грузавікі, над вёскамі вісяць агромністыя пачварныя верталёты, якія засыпаюць хаты даламітам.

Чарнобыль нахабна прысабечыў бацькоўскую вёску, дзе можна было б бавіць дзяцінства.
Дадалося і схаванае пачуццё сораму, якое адчувалася ў кожны з рэдкіх прыездаў да дзядоў. Бабуля накладае табе талерку ўсяго найлепшага, вырашчанага на зямлі, а ў цябе, начытанага гарадскога хлопца, у страўніку варушыцца здрадніцкі халадок: ці гэта бяспечна есці?

У хаце стаяць магутныя лавы, зэдлікі, куфры, якія дзед рабіў уласнымі рукамі. На сцяне старажытная сямейная ікона.

На шчасце, нават у мяне хапае глуздоў не прыкладаць да твару Хрыста дазіметр. Каб жыць, бывае важней верыць, чым ведаць.
Радыяцыя — гэта яшчэ і пытанне веры. Напэўна, гэта разумее толькі той, хто нарадзіўся ў гэтай краіне.

***

Лета сканчалася. Бацька вярнуўся, і кавалачак цукру я ўрачыста рассмактаў на языку. Лепшага цукру я не каштаваў ніколі ў жыцці.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Кіраўнік Ліды заклікаў сілавікоў не спыняць палітычныя рэпрэсіі7

Кіраўнік Ліды заклікаў сілавікоў не спыняць палітычныя рэпрэсіі

Усе навіны →
Усе навіны

«Вада з другога паверха топіць першы і трапляе ў ліфты». Адзін з дамоў у «Мінск-Свеце» зноў паплыў3

Аўтобус і мікрааўтобус сутыкнуліся ў Бярозаўскім раёне: 15 чалавек пацярпелі

«Частку сваякоў я адсеяла». Гамяльчанка, якая жыве ў Адэсе, распавяла пра адаптацыю да абстрэлаў, украінскую мову і свой блог8

Трамп заявіў, што ракеты для Patriot ужо адпраўлены ва Украіну1

У Брэсце перад 3 ліпеня былі масавыя «прэвентыўныя» затрыманні

«Віза не прызначаная для турызму». Беларуса дэпартавалі з Польшчы за «нямэтавую» паездку ў Чэхію8

У Беларусь праездам з Еўропы зазірнуў прэзідэнт Інданезіі1

Сямігадовы хлопчык назбіраў амаль 2 тысячы рублёў за год. На што пойдуць грошы?2

Пуцін адхіліць ультыматум Трампа і рыхтуецца да новай эскалацыі ва Украіне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кіраўнік Ліды заклікаў сілавікоў не спыняць палітычныя рэпрэсіі7

Кіраўнік Ліды заклікаў сілавікоў не спыняць палітычныя рэпрэсіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць