Грамадства2121

Будслаў-2009

1 і 2 ліпеня ў Будславе, на Мядзельшчыне, адбываецца фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. 27 чэрвеня з Мінска рушыць пілігрымка. + расклад урачыстасцяў.

1 і 2 ліпеня ў Будславе, на Мядзельшчыне, адбываецца фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. 27 чэрвеня з Мінска рушыць пілігрымка.

Гісторыя Будслаўскай святыні пачынаецца з 1504 г., калі вялікі князь літоўскі Аляксандр падарыў паселішча Буда віленскаму кляштару бернардынцаў. Браты‑бернардынцы раскарчавалі кавалак пушчы на ўзбярэжжы ракі Сэрвач і ў 1530 паставілі там невялікую драўляную капліцу.

У канцы XVI ст. у Будславе ўжо існавалі касцёл і кляштар бернардынцаў. Тады ж з’явіўся і славуты абраз Маці Божай. Спачатку ён належаў мінскаму ваяводу Яну Пацу. Ваявода прывёз яго з Рыма — як падарунак ад Папы Клімента VIII, пасля пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Пац вельмі шанаваў абраз і заўсёды вазіў з сабою. Пасля смерці ваяводы святыня перайшла да яго капелана. А той, у сваю чаргу, ахвяраваў яе касцёлу.

Першыя цуды абраза Маці Божай Будслаўскай былі апісаныя манахам кляштара Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі» (Вільня, 1650). Першы цуд быў зафіксаваны ў 1617, калі да пяцігадовага сляпога хлопчыка Язапата Тышкевіча вярнуўся зрок. Пазней гэты хлопчык стаў вядомым ксяндзом‑кармелітам. У той жа дзень Рэджынальд Тышкевіч пазбавіўся ад падучай хваробы, на якую ён хварэў сем гадоў. Зеляевіч апісвае, што сцены драўлянага касцёла былі заклееныя сотнямі паперак з просьбамі да Маці Божай Будслаўскай.

Да сярэдзіны XVII ст. на месцы драўлянага паўстаў невялікі каменны касцёл. Для змяшчэння цудатворнага абраза майстра Пятро Грамель у 1649 стварыў разьблёны алтар. А бернардынцы‑злотнікі Геранім Плонскі і Бенедыкт Росман вырабілі срэбраныя аздобы для іконы — аклад і ажурную раму.

У 1767 быў закладзены першы камень новага касцёла. Велічная базіліка паўстала за 16 гадоў. Першы, стары касцёл, не зносілі: ён застаўся ў выглядзе бакавога памяшкання храма, у яго можна патрапіць праз дзверы з тыльнага боку вялікага храма. Патрапіць, нібы ў іншую архітэктурную эпоху. З прыземістымі скляпеннямі, галовамі грубавата‑сярэднявечных анёлаў на сценах. У малым касцёле і сёння месціцца той драўляны, чорны з золатам, з фігурамі святых, алтар.

Да сярэдзіны ХІХ ст. Будслаўскі кляштар быў асяродкам не толькі духоўным, але і асветніцкім. Пры кляштары дзейнічала пачатковая школа, музычная школа, быў і шпіталь для бедных.

У 1858 новая ўлада зачыніла кляштар. Кляштарныя будынкі пасля здушэння паўстання Каліноўскага былі перададзеныя царскім войскам, а пасля зусім разабраныя. Застаўся толькі велічны касцёл.

Яго штодня бачылі вучні першай беларускай гімназіі, створанай у Будславе ў 1918, яго вежы, высока ўзнятыя над навакольнымі лясамі, пэўна, сніў у Канадзе Старшыня Рады БНР Вінцэнт Жук‑Грышкевіч, народжаны ў Будславе.

За польскім часам будынак касцёла актыўна рэстаўравалі і абнаўлялі. Колькасць вернікаў у парафіі дасягнула сямі тысяч чалавек. Шырылася і традыцыя фэсту. На 1 і 2 ліпеня ў Будслаў з’язджаліся тысячы паломнікаў усіх канфесій. Пазней, у савецкі час, касцёл не перапыняў дзейнасці. Ніводная спроба сталіністаў узарваць касцёл не атрымалася. А замах мясцовага сельсаветчыка на цудоўны абраз Маці Божай, кажуць людзі, скончыўся для яго вар'яцтвам і хуткаю гвалтоўнаю смерцю.

Хоць цемрашальства святыня паспытала. Калі ў 1990‑я з іконы Маці Божай знялі аклады, каб рэстаўраваць, пабачылі, што яна ў некалькіх месцах прабітая, прастрэленая і нават прапаленая.

Традыцыя пілігрымак у Будслаў аднавілася за незалежнасцю, на пачатку 1990‑х. Ад таго часу тысячы вернікаў з Беларусі і ўсяго свету прыходзяць да касцёла пакланіцца абразу Нябеснай Апякункі Беларусі. Фэст у Будславе зрабіўся самым велічным, урачыстым і, зрэшты, самым беларускім святам краіны.

Кульмінацыяй фэсту з’яўляецца ўрачыстае шэсце з цудатворнай іконай. Дзесяткі тысяч людзей з запаленымі свечкамі абыходзяць цэнтральную плошчу мястэчка і вяртаюцца да касцёла. Нібы жывая вогненная рака плыве перад велічнай базілікай. Гэта прыгожы і велічны момант, які абавязкова трэба пабачыць на свае вочы, каб адчуць гісторыю і ўрачыстаць свята Маці Божай Будслаўскай.

Настасся Шамрэй

***

27 чэрвеня ў Будслаў рушыць пілігрымка з Мінска (ідзе 5 дзён). Пасля ранішняй святой Імшы (8.00) у Катэдры, літургіі і благаслаўлення біскупа вернікі выходзяць у працэсіі і ідуць вуліцамі Мінску ў напрамку Мядзела. З Чырвонага касцёла пойдзе пакутная пілігрымка (удзельнікі групы на працягу ўсяго шляху захоўваюць сціслы пост — хлеб і вада), а астатнія — з архікатэдры.

Таксама дабрацца да Будслава можна будзе аўтобусамі ад Чырвонага касцёла 1 і 2 ліпеня. 1 ліпеня — выезд у 17.00 і 19.00 (кошт 25 000). 2 ліпеня — выезд у 06.30 (кошт 20 000). Падрабязная інфармацыя і запіс на пешую і аўтобусную пілігрымкі праз т.: (017) 200‑44‑15.

Таксама ў Будслаў ідуць пешая пілігрымка з Баранавіч (9 дзён), з Віцебскай дыяцэзіі (8 пешых груп і 1 група на роварах, агульная колькасць удзельнікаў — 1600 вернікаў).

Самая доўгая пілігрымка ў Будслаў — з Брэста. Яе ўдзельнікі ідуць 16 дзён. Працягласць трасы складае 500 км.

Летась у санктуарый прыбылі каля 3 тысяч пешых пілігрымаў. Усяго ва ўрачыстых набажэнствах ўзялі ўдзел каля 30 тысяч вернікаў.

***

Расклад урачыстасці

1 ліпеня, серада:

12.00—17.00 — Сустрэча і прывітанне пілігрымаў
18.00 — Святая Імша для пілігрымаў (цэлебруе біскуп Уладзіслаў Блін)
24.00 — Кульмінацыя ўрачыстасці — працэсія са знічамі вакол Краснай плошчы. Сустрэча абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі. Святая Імша (цэлебруе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч)

2 ліпеня, чацвер:

2.00 — Моладзевая праграма (музычная праграма у палатачным мястэчку)
2.00 — Святая Імша ўсходняга абраду, Акафіст (спявае хор Грэка‑каталіцкай Царквы)
4.00 — Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту (у базыліцы)
6.00 — Святая Імша перад абразом Маці Божай (цэлебруюць айцы бернардынцы)
10.30 — Святая Імша (цэлебруе кардынал Казімір Свёнтэк).Выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, працэсія. Гімн «Te Deum laudamus»
13.00 — Святая Імша (на польскай мове; цэлебруе біскуп Аляксандр Кашкевіч).

Каментары21

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Ганна адказала: «Так!» Віталь Гуркоў зрабіў прапанову рукі і сэрца. Хто ж нявеста?8

«Ганна адказала: «Так!» Віталь Гуркоў зрабіў прапанову рукі і сэрца. Хто ж нявеста?

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўскі: Я ж не ведаў, што людзі баяцца паказваць твары і баяцца за сваіх сваякоў! Я набіваю гузы сам43

Лідар магілёўскіх фанатаў пасля сутак збіраўся ва Украіну па свабоду, а цяпер ён за Лукашэнку, ГУБАЗіК і Расію9

«Баюся расчараваць прадаўца». Эксперт растлумачыў, чаму манета за 16 тысяч можа быць пераацэненай

Кіраўніцтва Грузіі напісала Трампу абразлівы ліст, калі той заступіў на пасаду6

Камароўскі рынак чакае глабальная рэканструкцыя

Народзе, нагадаем, што на «Нашай Ніве» можна каментаваць, лайкаць і дызлайкаць каменты. Вось якія механізмы бяспекі80

П’яны мінчук збіў дзвюх дзяўчат на касе ў краме5

Стала вядома пра вызваленне палітзняволенай мастачкі-аніматаркі Вольгі Рыбінай

У Мінску з'явіўся новы папрашайка. Вось на што ён просіць грошы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ганна адказала: «Так!» Віталь Гуркоў зрабіў прапанову рукі і сэрца. Хто ж нявеста?8

«Ганна адказала: «Так!» Віталь Гуркоў зрабіў прапанову рукі і сэрца. Хто ж нявеста?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць