Грамадства

«Я ведала, што будуць палітвязні, катаванні, смерці». Праваабаронца Наста Лойка пра тое, чаму застаецца ў Беларусі

Грамадзянская супольнасць у Беларусі разгромленая, ліквідаваныя амаль усе недзяржаўныя арганізацыі: ад праваабаронцаў і фондаў да эколагаў і бортнікаў. Некаторыя заснавальнікі ці супрацоўнікі НДА становяцца фігурантамі крымінальных спраў, некаторыя — з’язджаюць за мяжу. Але пры гэтым знаходзяцца людзі, якія застаюцца ў Беларусі і працягваюць сваю працу, нягледзячы на ўсе пагрозы. Адна з іх — праваабаронца Наста Лойка, сузаснавальніца арганізацыі Human Constanta. Арганізацыю ліквідуюць, сама Лойка — падазраваная па крымінальнай справе. Яна мела шмат магчымасцяў з’ехаць, але вырашыла застацца ў Беларусі. Чаму так? Ці не страшна? 

Наста Лойка. Фота Ірыны Арахоўскай

«Наша Ніва»: Што зараз з вашай праваабарончай арганізацыяй Human Constanta? Чым пачыналася і чым скончылася? 

Наста Лойка: Нічога не скончылася. Мы працягваем дзейнасць.

Мы працуем з 2016 года. Увосень мы зарэгістраваліся афіцыйна. гэта было важна, бо мы хацелі наладжваць камунікацыю і з бізнэсам, і з дзяржавай. Цікава, што трэба было ўзгадніць назву з чыноўнікамі, і мы вельмі доўга не маглі гэта зрабіць. Выканкам казаў: з гэтай назвы не зразумела, чым вы будзеце займацца. У выніку, мы прынеслі ім 33 варыянты, яны пачалі псіхаваць і пагражаць, што могуць браць па тры варыянты і разглядаць іх па пяць дзён.

Але ж неяк дамовіліся, і нас зарэгістравалі пад назвай, якая складалася аж з 11 словаў: установа «Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Х'юман Канстанта».

У прынцыпе, я ўвесь час бачыла шмат праблемаў і разумела, што маю сілы займацца іх вырашэннем. Калі я працавала ў «Вясне», гэта была зусім няўдзячная праца, бо я займалася людзьмі, якіх бясконца рэпрэсавалі за палітычныя акцыі. Гэта было бясконцае кола: адных вызваляюць, іншых саджаюць. І там ты разумееш, што дакладна не можаш ні на што паўплываць.

І пасля так атрымалася, што я і яшчэ некалькі чалавек хацелі займацца тэмамі, якімі больш не займаўся ніхто, ці мала хто займаўся, напрыклад мігрантамі. Падчас маёй працы ў «Вясне» гэта было немагчыма, бо з «Вясною» не хацелі камунікаваць дзяржорганы.

І ў нас былі свае падыходы. Напрыклад, прынцыпова было важна ўзаемадзейнічаць з абсалютна рознымі арганізацыямі і ініцыятывамі, у тым ліку і з дзяржаўнымі.

Мы прапаноўвалі шмат зменаў у заканадаўства і некаторыя нашы прапановы нават улічвалі!

Напрыклад, унеслі некалькі нашых прапаноў у закон аб становішчы замежнікаў і асобаў без грамадзянства. Таксама мы дапамагалі з распрацоўкай закона аб персанальных дадзеных, праўда, частку ідэй не падтрымалі праз сітуацыю ў 2020 годзе.

Таксама мы разумелі, што праз праблемы замежнікаў у Беларусі, можна вырашыць некаторыя стратэгічныя праблемы. Тлумачу: калі замежнікаў утрымлівалі ў ІЧУ месяцамі, дзе кепскія ўмовы, то патрабаваць палепшыць умовы для замежнікаў — значыць патрабаваць палепшыць умовы для ўсіх у ІЧУ.

Мы заўсёды хацелі выйсці з гэтай парадыгмы супрацьстаяння з дзяржорганамі. Усё ж задача праваабаронцаў — нагадваць дзяржаве пра міжнародныя абавязкі. Неабавязкова гэта рабіць выключна ў крытычнай форме, можна выкарыстоўваць больш мяккія падыходы.

Пры гэтым мы не баяліся брацца за важныя тэмы. Наша місія дапамогі чачэнскім бежанцам у Брэсце выйшла паказальнай, бо мы там камунікавалі з усімі дзяржорганамі, з міграцыйнымі службамі, з Чырвоным Крыжом, з міліцыяй.

Гэта не была нейкая глабальная падтрымка, але кантакт знайсці было можна. Але ўсё вельмі моцна змянілася ў 2020 годзе. Сітуацыя вельмі моцна адкацілася назад.

Праўда, я столькі ўжо бачыла тых крызісаў, што, здаецца, да іх падрыхтаваная. Проста шукаеш новыя шляхі працы. Я не ўяўляю, што проста кіну гэта і перастану займацца. Тым больш цяпер столькі выклікаў і праблемаў.

Раней я бачыла сітуацыю наступным чынам. Былі тэмы, за якія я была спакойная, напрыклад, былі хаця б гарачыя лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту, былі арганізацыі, якія намагаліся змяніць закон у гэтай праблеме. А былі тэмы, якія бралі мы, бо іх ніхто больш не браў.

Цяпер так, усё інакш, бо арганізацыі ліквідуюцца. Частка з іх працягвае дзейнасць, нягледзячы на ўсё, але частка знікае. Я не ўяўляю, хто будзе збіраць грошы, каб дапамагаць бяздомным аднаўляць дакументы. Раней была праграма для гэта ў «Імёнаў», сёння «Імёнаў» больш няма.

Але з аднаго боку я больш непакоюся пра ўсё гэта, але з іншага — беларускае грамадства паказала неверагодны ўзровень салідарызацыі, і я вельмі спадзяюся, што гэта спрацуе зноў, што замест арганізацый з’явяцца нейкія іншыя ініцыятывы. 

«НН»: Што цяпер? Human Constanta закрытая? 

НЛ: Мы ў працэсе ліквідацыі. Не можам ажыццяўляць афіцыйную дзейнасць, але яшчэ паперку, што нас больш няма, не атрымалі.

І мы афіцыйна заявілі, што будзем працягваць працу. Статус зарэгістраванай арганізацыі нам быў патрэбны ў першую чаргу для камунікацыі з дзяржаўнымі органамі, з бізнэсам, а сёння гэта ўжо немагчыма па шэрагу ўсім вядомых прычын. Таму важнымі тэмамі мы працягнем займацца і без рэгістрацыі. 

Ну і частка каманды зараз не ў Беларусі: хтосьці па палітычных прычынах, хтосьці не, але мы адаптуемся і да гэтага фармату працы. 

«Ёсць нейкае псіхалагічнае адчуванне, што самае страшнае ўжо адбылося»

«НН»: Але ж ты, напэўна, разумела, што і па цябе прыйдуць. Чаму не з’ехала таксама? 

НЛ: Чакала, так, бо было зразумела, што НДА будуць помсціць за санкцыі. Проста таму што яны ёсць. Адзінае, што я чакала праблем раней, недзе ў лютым, калі былі вобшукі ў «Вясны», у БАЖ.

Пасля пачалася зачыстка грамадскіх арганізацый 14 ліпеня і я моцна здзівілася, чаму не прыйшлі па мяне? Але ўсё аказалася вельмі банальна. Я не карысталася мабільным тэлефонам апошнія паўгода і выглядае, што яны проста не маглі знайсці мяне праз гэта. Бо літаральна адна СМС, што я іду да доктара — і мяне затрымалі прама пад медцэнтрам «ЛОДЭ». І пасля па паперах аказалася, што я таксама праходжу яшчэ з 13 ліпеня. 

[Лойку затрымаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў 13 жніўня. 72 гадзіны яна правяла за кратамі, пасля выйшла ў статусе падазраванай па крымінальнай справе аб нясплаце падаткаў. З таго часу Наста знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і абавязацельствам аб яўцы — НН

Фота Ірыны Арахоўскай

Калі пачаліся пратэсты, я прытрымлівалася пазіцыі, што не ўдзельнічаю ані ў акцыях, ані ў ініцыятыўных групах, бо займаюся праваабарончай дзейнасцю. Я разумела, што за любую актыўнасць могуць быць рэпрэсіі, якія будуць замінаць мне выконваць маю працу. У жаночых маршах хацелася прыняць удзел, але стрымлівалася. Таму раней не было нагоды сілавікам да мяне прыходзіць. 

Я не з’язджала, бо абсалютна ўпэўненая, што не займаюся нічым кепскім. Усё, што я раблю — цалкам легальна, і гэта актуальна менавіта калі я тут, у Беларусі.

За апошні год-два я перыядычна выязджала з краіны: на тыдзень, месяц ці паўтара, проста каб пабыць у бяспецы, без трывожнага фону.

Глабальна з’язджаць я не хацела, бо шмат што прасцей і зручней рабіць, калі знаходзішся тут, на месцы і я не разумею, чаму ўвогуле павінна эміграваць. 

Я разумею кантэкст, бачу, што пераследуюць за акцыі, за палітыку. Пасля пайшлі па грамадскіх арганізацыях. Я разумею, што справы там ёсць, бо знайшлі нейкія дакументы, штосьці знайшлі, што дало хаця б фармальную нагоду. 

Я ж праходжу таксама па справе «Вясны». Падчас вобшукаў у іх забралі шмат дакументаў з 2013 па 2020 год. Таму цяпер па гэтай справе шмат фігурантаў, усе ў розных статусах. У тым ліку і я — як падазраваная. 

Цяпер я пад падпіскай аб нявыездзе. З’язджаць нелегальна не буду: дорага, нервова, і, яшчэ раз нагадаю, я ж не злачынца, каб бегчы.

Больш за тое, у мяне была сітуацыя, што я — ужо пад падпіскай — выязджала ў Літву ў санаторый. Крымінальна-працэсуальны кодэкс дазваляе часова выпускаць за мяжу па медыцынскіх прычынах. Я скарысталася гэтым, пісала хадайніцтва — і следчы яго задаволіў.

Таму магчымасць застацца за мяжою нават зараз у мяне была, гэта было лёгка. Але я не хачу. Вярнулася назад і цяпер бегчы не планую. Разумею, што ёсць шмат заняткаў тут, і я адчуваю ў сябе сілы гэтым займацца. 

І, шчыра кажучы, ёсць нейкае псіхалагічнае адчуванне, што самае страшнае ўжо адбылося. Чаканне, «прыйдуць-не прыйдуць» было цяжкім, а цяпер нават стала неяк спакайней. Я правяла трое сутак на Акрэсціна, і атрымала статус падазраванай. І спадзяюся, што хаця б да суда мяне чапаць ужо не будуць, а там ужо ці зробяць мяне сведкай, ці абвінавачанай. Каб вельмі хацелі — зрабілі б ужо даўно гэта. Таму пакуль жыву як звычайна, даю каментары, раблю сваю справу.

Таксама я ведаю гэтае рэпрэсіўнае поле і спрабую абыходзіць некаторыя моманты, бо разумею, што пісаць каменты ў чатах — гэта магчымасць заехаць на гады. І мне не складана гэтага не рабіць.

Ды і калі штосьці здарыцца і мяне возьмуць пад варту ці дадуць рэальны тэрмін — мне здаецца, я псіхалагічна ўжо падрыхтавалася да гэтага. Проста праз тое, што столькі гадоў займалася тэмай палітвязняў. 

«НН»: А як не паехаць дахам, калі чакаеш, што могуць прыйсці, разграміць жыллё, што што могуць пасадзіць? 

НЛ: Гэта складана. Я ратавалася тым, што выязджала некалькі разоў за мяжу, проста каб пабыць у спакоі. Таксама трэба звяртацца па прафесійную дапамогу — я першы раз у жыцці паўгады прымала антыдэпрэсанты, чаго не рабіла ніколі раней. Бо назапашваецца стомленасць, злосць, часам гэта ўжо вельмі цяжка. 

Таксама ратуе падтрымка блізкіх, сяброў. Ну і праца, калі разумееш, што маеш сваю справу. 

«НН»: Як адчуваеш сябе пасля разгрому грамадзянскай супольнасці і словаў Лукашэнкі, што сапраўдныя грамадзянскія арганізацыі — гэта «Белая Русь», БРСМ і гэтак далей? 

НЛ: Ну зараз такое ўражанне, што дзяржава пілуе галіну, на якой сядзіць. Бо дзяржорганы камунікавалі з некаторымі НДА, экалагічнымі, напрыклад, не таму, што гэтым ім падабалася, а таму, што гэта гарантавала грошы ад замежных арганізацый і фондаў.

Праз ліквідацыю арганізацый шмат якія праекты знікнуць ці будуць замарожаныя, і гэтая сляпая помста яшчэ дасць пра сябе ведаць.

Але мяне гэта не здзівіла. Дзяржструктуры амаль ніколі не кіраваліся інтарэсамі людзей. У ліпені 2020 года я вельмі добра разумела што будзе далей. Я ведала, што будуць палітвязні, катаванні, смерці. Тое, чаго не чакала, што гэта зацягнецца настолькі.

Мяне вельмі ўразіла, што групы людзей, раней незаўважныя грамадствам, як людзі з інваліднасцю, пачалі выходзіць на вуліцы, таксама — што пачалася салідарызацыя. Здзівіла, што квір-арганізацыя падпісвае ліст у падтрымку каталіцкага касцёла, калі не пускалі ў краіну Кандрусевіча.

Але я разумела, што будзе далей, наглядзеўшыся за 13 гадоў праваабарончай дзейнасці на несправядлівасць з боку дзяржавы. Здзівіў, канечне, пасаджаны самалёт, такога нават я ўявіць не магла.

Астатняе для мяне не новае. Часам я нават проста распавядала людзям, для якіх гэта было ўсё ўпершыню: такое ўжо было, у гэтым годзе, а такое было ў іншым годзе, а вось такое можа быць яшчэ вось так. І для людзей быў шок. Як? Гэта ўсё ўжо адбывалася? Як мы не заўважалі такога раней? 

Каментары

Цяпер чытаюць

«Ты зачапіла маю радзіму — і гэта подла». Рэперка з Беларусі запісала адказ Інстасамцы. Моладзь цяпер масава здымае пад яго тыктокі15

«Ты зачапіла маю радзіму — і гэта подла». Рэперка з Беларусі запісала адказ Інстасамцы. Моладзь цяпер масава здымае пад яго тыктокі

Усе навіны →
Усе навіны

Расія ўдарыла па некалькіх абласных цэнтрах Украіны

«Дурная выдумка». Макрон падаў у суд на жанчыну, якая назвала яго жонку мужчынам

На Брэстчыне зноў шукаюць магчымасці пазбавіць прыгажэнны помнік ахоўнага статусу. Загад паступіў зверху4

Цела загінулага матацыкліста два дні ляжала на ўзбочыне, бо паліцыі Польшчы і Літвы не змаглі дамовіцца паміж сабой7

Стала вядома, пра што сёння гаварылі ўкраінцы і расіяне ў Стамбуле1

Аператараў дронаў будуць узмацняць баявым экзашкілетам

Расія і Украіна завяршылі перамовы ў Стамбуле. Яны ішлі каля 40 хвілін2

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада16

Міністр замежных спраў Літвы заступіўся за Офіс Ціханоўскай14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ты зачапіла маю радзіму — і гэта подла». Рэперка з Беларусі запісала адказ Інстасамцы. Моладзь цяпер масава здымае пад яго тыктокі15

«Ты зачапіла маю радзіму — і гэта подла». Рэперка з Беларусі запісала адказ Інстасамцы. Моладзь цяпер масава здымае пад яго тыктокі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць