На працэсе супраць экс-кандыдата ў прэзыдэнты прысутнічаў Сяргей Будкін.
Пракурор стараўся не глядзець у залю.
На працэсе супраць экс-кандыдата ў прэзыдэнты прысутнічаў Сяргей Будкін.
У навюткі будынак суду Маскоўскага раёну трапіць падчас слуханьня справы Аляксандра Казуліна было няпроста. Нэрваваліся ўсе. Ахоўнікі ня ў сілах былі стрымліваць хвалю апазыцыянэраў-«нахабнікаў» і ў кожнай старой мабілцы бачылі схаваную фатакамэру: «Э! Ты куды? Вунь там твае сядзяць», – каржакаваты лейтэнант з кепска прыхаванай агідай скіроўвае да дзьвярэй задуменнага актывіста. Высокі дзяцюк з рацыяй у кішэні падлятае да мяне, калі я разматваю дыктафонны шнур: «Тут эта нільзя!» «Што нельга? Здымаць?» – «Нільзя!» – «Гэта ж дыктафон?» – «Нільзя!» – «А нататнік?» «Нільзя», – зачаравана паўтарае той. У такім жа рэчышчы працаваў судзьдзя Рыбакоў, калі адвакаты Казуліна задавалі пытаньні сьведкам, толькі замест «нільзя» ён зацята паўтараў: «Пытаньне здымаецца». І так некалькі дзясяткаў разоў запар.

Праўнік-выдатнік
Казуліна судзіў праўнік-выдатнік, партрэт якога месьціўся на дошцы гонару Міністэрства юстыцыі. Палітычных справаў дагэтуль ён ня вёў і ад першых хвілінаў згубіў ініцыятыву, пачаў нэрвавацца і штохвіліны церабіць рукаво мантыі. Насамперш ён выдаліў з залі ўсіх фотакарэспандэнтаў, а пасьля воплескаў у гонар палітзьняволенага заявіў: «Услых сьмяяцца няможна». У апошні дзень працэсу ён выдаліць з залі ўсіх, улучна са сваякамі і самім падсудным, і зачытае прысуд у прысутнасьці адных адвакатаў. Казулін некалькі разоў хадайнічае, каб Рыбакоў узяў адвод, той адхіляе. Судзьдзю падтрымлівае дзяржабвінаваўца – пракурор Сяргей Бортнік, немалады чалавек са змарнелым тварам, які ніколі не глядзіць у залю: «Я ня бачу асабістай зацікаўленасьці судзьдзі ў гэтай справе». Казулін падсумоўвае: «Гэта фарс, і прысуд у вас ужо гатовы». Сьведкі-спэцназаўцы мэтадычна даюць паказаньні. Калі Казулін прарываўся ў Палац чыгуначнікаў, кажа адзін, ён сам біўся галавой аб падлогу з мэтай нанясеньня сабе пашкоджаньняў. Пратэсты абароны лунаюць як галашэньне ў пустэльні.

Прафэсар-крымінальнік
Сам падсудны ва ўсім сьветлым зьўляецца гэтак жа эфэктна, як колісь на сьвяце БДУ. Толькі тады ён спускаўся зь верталёта, а цяпер заходзіць пад канвоем. Казулін заўважна схуднеў, але рашучасьці не згубіў – глядзіць пры размове ў вочы, з кожным словам падвышаючы тон. На яго з прыхаванай цікавасьцю глядзяць ахоўнікі. Просьбу быць у залі пры гальштуку суд адхіляе, а на сьняданак перад трэцім днём яму даюць селядзец (на дварэ – болей за 30 градусаў), пры гэтым вады ў залі не падаюць. Пасьля чарговага ўсплёску эмоцыяў яго выдаляюць з залі.У адказ ён кідае Рыбакову: «Я буду зьяўляцца да вас па начох».
Адвакаты не ўратавалі
Абаранялі Казуліна два адвакаты. Мелася да іх далучыцца і дачка Казуліна Вольга, прафэсійны праўнік, аднак суд ёй гэтага зрабіць не дазволіў. Адвакат Гарачка спыняецца на дробных дэталях: што Казулін не псаваў дзьвярэй Нацыянальга прэс-цэнтру, што разьбіў не партрэт прэзыдэнта, а толькі пашкодзіў шкло і г.д. Адвакат Рынкевіч выходзіць у сваіх выступах за межы канкрэтных эпізодаў. Ён у першы ж дзень акрэсьліў працэс як «Казулін супраць дзяржавы» і адкрыта казаў пра справу Казуліна як палітычную і чарговую ў шэрагу перасьледу дзеячаў апазыцыі. «Яго ўзялі ў закладнікі тыя, хто мусіць змагацца з тэрарызмам!» – грыміць Рынкевіч.
Абвінаваўца Бортнік парыруе – Казулін – крымінальнік, і ня трэба тут палітызаваць.
Былога супрацоўніка «Алмазу», сьведчаньні якога апублікаваныя на сайце Казуліна, судзьдзя слухаць адмаўляецца: «Ня трэба мне ананімных лістоў з Інтэрнэту».
Жонка Казуліна актыўнічае: раздае дзясяткі інтэрвію, робіць заявы, усьміхаецца назіральнікам. У перапынку яна парадаксальна акрэсьлівае свае адчуваньні: яна ведае, што такое беларускае правасудзьдзе, але верыць у справядлівасьць. Дочкі Казуліна – Юлія і Вольга – трымаюцца нязмушана і як мага падтрымліваюць бацьку: узмахам рукі, усьмешкай.
Апошні дзень выдаўся самым нэрвовым. Судзьдзя, такое ўражаньне, усяляк сьпяшаўся ўправіцца за чацьвер (да пачатку піцерскага саміту?). Прысуд быў агучаны каля 20.00. Пра тое, што Казулін атрымаў амаль максымум – пяць з паловай гадоў калёніі, журналісты, выгнаныя на двор, здагадаліся па крыках маці палітвязьня. Палітыкі, што дзяжурылі ля суду, неяк усе адначасова ўцягнулі плечы.
Фота Андрэя Лянкевіча
Каментары