Сястра Мікалая Казлова, лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі, распавяла журналістам «Народнай Волі»: «Брат паведаміў, што ўмовы сталі пагаршацца».

Старшыню АГП асудзілі на тры месяцы за тое, што ён не пагадзіўся падпісаць паперу аб наразгалошванні зместу яго допыту следчым. Абарона Казлова падавала апеляцыю, аднак вышэйшая інстанцыя пакінула прысуд у сіле.
Адбываць пакаранне ў баранавіцкім СІЗА, дзе палітык знаходзіцца да гэтага часу, ён пачаў 28 снежня 2021 года.
— Брат паведаміў, што ёсць праблема з атрыманнем карэспандэнцыі, — распавяла «Народнай Волі» Іна, сястра Мікалая Казлова. — Яму аддаюць толькі лісты ад мяне і ад маці, а таксама прапусцілі два лісты ад аднапартыйкі. Больш нічога не аддаюць, хаця мне многія кажуць, што пішуць Мікалаю. Скажам так, ствараецца пэўная інфармацыйная блакада.
— Якія навіны паведаміў брат у апошнім лісце?
— Мікалай спрабуе аспрэчыць тое, што яго прызналі «схільным да экстрэмізму». Цяпер чакае адказу.
У камеры брат знаходзіцца адзін — гэтак жа, як і на прагулках. Хаця прагулкамі гэта, па вялікім рахунку, назваць складана. Мікалай напісаў:
«У лепшым выпадку 2—3 разы на тыдзень на 30—40 хвілін трапляю на паветра». Хаця, паводле ўстаноўленых законам правілаў, павінны быць штодзённыя прагулкі па паўтары гадзіны.
Таксама напісаў трывожны для мяне радок: «Па вялікім рахунку, ўмовы ўтрымання цярпець можна, хаця ў апошні час яны сталі пагаршацца. Падрабязнасці перадам пазней…»
— Раней Мікалай скардзіўся на тое, што ў камеры пастаянна гучна працуе радыё…
— «Радыёкатаванне» працягваецца, у гэтым плане нічога не змянілася. Брат паведаміў, што «часам гук робяць крыху цішэйшым, а часам раве, як на танцах у клубе, а таму можна падумаць, што знаходзішся ў вар’ятні». А вось навін па радыё не перадаюць. Відаць, гэта нейкая мясцовая турэмная радыёкропка.
Напісаў, што ў ізалятары маецца бібліятэка, але кнігі трэба заказваць «уцёмную». Напрыклад, кнігу можна заказаць, але не вядома, ці будзе яна ў наяўнасці. Добра яшчэ, што захапіў з сабой кнігу Уладзіміра Караткевіча, якую напярэдадні падарылі яму сябры.
Перадалі брату акуляры (святло ў камеры дрэннае), гадзіннік. Увогуле, у мяне засталася толькі адна дазволеная перадача для Мікалая, але чакаем яго на волі. Большую частку пакарання ён ужо адсядзеў…
Каментары