Эканоміка

«Для Беларусі — толькі харчы і лекі». Заходнія кампаніі адмаўляюцца працаваць з афіцыйным Мінскам

Вайна Расіі супраць Украіны стала прычынай новых эканамічных санкцый супраць Беларусі. Аднак некаторыя заходнія кампаніі пакідаюць беларускі рынак з уласнай ініцыятывы, хаця таксама праз вайну. «Свабода» расказвае пра такія выпадкі.

«Нашы думкі на баку пацярпелых ад вайны ўкраінцаў»

«Лідскае піва» — адзін з найстарэйшых беларускіх бровараў. У 2008 годзе 51% акцый прадпрыемства выкупіла фінская кампанія OLVI, гэта каштавала фінам 16 мільёнаў даляраў. Праз год OLVI давяла сваю долю ў беларускай кампаніі да больш як 87%. Брэнд паспяхова развіваўся, аднак 5 сакавіка 2022 года фіны паведамілі пра намер пакінуць Беларусь, нягледзячы на тое, што «Лідскае піва» прыносіць пятую частку прыбыткаў кампаніі.

«Сітуацыя ва Украіне надзвычай сур’ёзная, і нашы думкі на баку пацярпелых ад вайны ўкраінцаў. Мы рашуча асуджаем напад на Украіну. Мы імкнёмся працаваць у адпаведнасці з каштоўнасцямі Olvi, і гэта адзінае разумнае рашэнне для забеспячэння доўгатэрміновай і адказнай дзейнасці», — сказаў Пэнці Хакарайнэн, старшыня праўлення Olvi.

 Што будзе з «Лідскім півам» далей і куды пойдуць 840 супрацоўнікаў прадпрыемства, пакуль невядома. Фіны працягваюць плаціць ім заробак да моманту поўнага закрыцця.

 «Са шкадаваннем інфармуем вас»

Шведская карпарацыя ІКЕА паведаміла пра намер пакінуць Расію і Беларусь амаль адразу пасля пачатку вайны ва Украіне. У Расіі гэты крок можа пакінуць без працы дзясяткі тысяч чалавек — супермаркеты карпарацыі ёсць у кожным больш-менш вялікім горадзе. У Беларусі іх няма, аднак рашэнне шведаў усё адно адаб’ецца на беларускіх вытворцах, якія супрацоўнічалі з ІКЕА. Прынамсі адна фабрыка ўжо паведаміла, што з 6 сакавіка ідзе ў вымушаны прастой.

 «Са шкадаваннем інфармуем вас аб часовым прыпыненні працы ЗТАА «Мэбелайн» у сувязі з шэрагам прычын, а менавіта: прыпыненнем паставак шэрагам замежных пастаўшчыкоў сыравіны і матэрыялаў, запасных і камплектных частак, прыпыненнем збыту на адрас IKEA ў поўным аб'ёме», — гаворыцца ў паведамленні кіраўніцтва магілёўскай фабрыкі «Мэбелайн». Кампанія была адкрытая ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў» у 2013 годзе, там працавала 860 чалавек.

Акрамя «Мэбелайна», у Беларусі IKEA шчыльна супрацоўнічала з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Мінскі мэблевы цэнтр» з Маладзечна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», мінскі гадзіннікавы завод «Луч» і іншыя.

 Booking.com і Airbnb

Абодва сэрвісы рэзервавання жытла адначасова пакінулі рынкі Беларусі і Расіі. Пры пошуку жытла ў гарадах Беларусі абодва яны не выдаюць ніводнага варыянта размяшчэння.

Гендырэктар Booking Глен Фогель у сацсетцы LinkedIn паведаміў, што дзейнасць платформы ў абедзвюх краінах прыпыненая з прычыны «росту складанасцяў вядзення бізнэсу ў рэгіёне» і заклікаў абʼядноўваць намаганні для дасягнення міру.

Сузаснавальнік і гендырэктар Airbnb Браян Чэскі ў сваім твітэр-акаўнце пацвердзіў «прыпыненне ўсіх аперацый» у Расіі і Беларусі. У сэрвісе паведамілі, што гатовыя аплаціць пражыванне ў краінах Еўрасаюза для ста тысяч уцекачоў з тэрыторыі Украіны. Беларусам, якія здавалі жыллё з дапамогай згаданых сэрвісаў, прыйшлі паведамленні ад кампаній пра тое, што ім неўзабаве растлумачаць сітуацыю.

 «Для Беларусі толькі харчы і лекі»

Дацкая транспартна-лагістычная кампанія Maersk, чые кантэйнеры яшчэ можна ўбачыць у беларускіх лагістычных цэнтрах і на прадпрыемствах, заявіла аб спыненні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка.

 «У далейшым для Беларусі пасля шырокай праверкі будуць прымацца толькі заказы на прадукты харчавання, лекі і гуманітарныя тавары (акрамя тавараў двайнога прызначэння), — гаворыцца ў заяве кампаніі. — Гэтае выключэнне павінна падкрэсліць, што Maersk засяроджваецца на сацыяльнай адказнасці і прыкладае намаганні для падтрымкі грамадства, нягледзячы на ўскладненні і няпэўнасць у цяперашнім ланцугу паставак».

Разам з датчанамі аб сыходзе з беларускага рынку паведамілі DHL і FedEx.

Спіс заходніх кампаній, якія заяўляюць пра намер пакінуць Беларусь з уласнага жадання, штодня павялічваецца.

 Паводле інфармацыі «Свабоды», неўзабаве такую заяву можа зрабіць швейцарская Stadler, якая мае завод для вытворчасці цягнікоў ля Фаніпаля. Колькасць невялікіх ІТ-кампаній, якія спыняюць супрацоўніцтва з беларускімі рэзідэнтамі, таксама расце з кожным днём.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай34

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Усе навіны →
Усе навіны

Рагачоўская ці глыбоцкая, калдуны ці дранікі, Гродна ці Брэст? Арына Сабаленка адказала на прынцыповыя для беларуса пытанні15

Удава з Індыі кажа, што трапіла ў бяду ў Беларусі і яе трымаюць у нейкім кароўніку12

У парку жывёл ля Баранавічаў можна паабдымацца з капібарай за 100 рублёў3

«Бог вельмі ганарыцца працай, якую я зрабіў». Трамп вылецеў на Сусветны эканамічны форум у Давосе10

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?15

Расійская ракета СПА трапіла ў жылы дом у Адыгеі10

Прэм'ер Канады: Стары сусветны парадак не вернецца, сярэднім дзяржавам трэба трымацца разам4

Пад Барселонай сышоў з рэек цягнік, загінуў машыніст, дзясяткі людзей паранены2

Прагноз надвор'я ад Гідраметцэнтра Расіі самы няякасны сярод канкурэнтаў. А якія мадэлі прадказваюць надвор’е найлепш?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай34

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць