Меркаванні22

Гуманны разлік

Днямі ў сталіцы Лівіі Трыпалі быў шпіталізаваны смяротна хворы Аль-Меграхі, які адбываў пажыццёвае пакаранне ў Шатландыі па абвінавачанні ў тэрарызыме. Піша Віталь Тарас.

Днямі ў сталіцы Лівіі Трыпалі быў шпіталізаваны смяротна хворы Аль-Меграхі, які адбываў пажыццёвае пакаранне ў Шатландыі па абвінавачанні ў тэрарызыме. Пасля вызвалення з шатландскай турмы яго сустракалі на радзіме як героя, з дзяржаўнымі пашанотамі. На Захадзе акт гуманізма ў дачыненні да злачынцы, на сумленні якога 270 загубленых жыццяў, успрыняты, мякка кажучы, неадназначна. Піша Віталь Тарас.

Справа Локербі жыве

15 снежня 1988 года ў небе над Шатландыяй выбухнуў «Боінг-747» кампаніі Pan Am, які выконваў рэйс з Лондана ў Нью-Йорк. Загінулі 259 пасажыраў і членаў экіпажа, а таксама 11 жыхароў мястэчка Локербі, на які ўпалі абломкі авіялайнера. Пад ціскам санкцый ААН супраць Лівіі, яе лідэр Кадафі ў 1999-м пагадзіўся выдаць двух падазраваных у тэракце. Іх арыштавалі ў галандскім Утрэхце і судзілі там паводле шатландскіх законаў. Адзін з падсудных быў прызнаны невінаватым, другі – супрацоўнік лівійскіх спецслужбаў, менэджэр лівійскай авіякампаніі Абдэльбасэт Алі Аль-Меграхі – атрымаў пажыццёвае зняволенне. Ён адбываў яго ў шатландскай турме Грын.

У Аль-Меграхі выявілі рак прастаты на апошняй стадыі захорвання. Міністр юстыцыі Шатландыі МакКаскі прыняў рашэнне вызваліць яго з турмы «з гуманных меркаванняў». Некаторыя брытанскія газеты ўбачылі за гэтай праявай гуманізму прагматычную здзелку – вызваленне вязня ў абмен на выгадны кантракт на пастаўкі лівійскай нафты ў Велікабрытанію. Брытанскі ўрад гэтыя абвінавачанні катэгарычна абвяргае. Хаця прэмьер-міністр Браўн прызнаў, што пры яго сустрэчы з Кадафі пытанне вызвалення Аль-Меграхі сапраўды закраналася.

Шатландыя, дарэчы, хоць і ўваходзіць у склад Аб’яднанага Каралеўства і Брытанскай садружнасці, з’яўляецца аўтаномнай манархіяй, мае свой парламент, і яе ўрад непасрэдна не падпарадкоўваецца Лондану. Само дапушчэнне, што Эдынбург «прагнуўся» перад Англіяй, шатландцаў абурае.

Але найбольш абураны, безумоўна, сваякі загіблых у Локербі.

Імя яму – Муамар Кадафі

Міжволі ўзнікае параўнанне. Чаму амаль дзевяностагадовага Івана Дзем’янюка прымусова даставілі з ЗША ў Германію, дзе будуць судзіць за злачынствы ў нацысцкім лагеры смерці, хоць стан здароўя падсуднага не надта добры, і ён можа памерці ў камеры яшчэ да вынясення прысуду?

Зразумела, лівійскаму тэрарысту далёка да нямецкіх нацыстаў паводле маштабу злачынстваў. Але адказ трэба шукаць не ў асобе Аль-Меграхі ці яго гісторы хваробы, але зусім у іншым чалавеку. Яго імя – Муамар Кадафі.

Урачыстасці 1 верасня ў Трыпалі з нагоды 40-годдзя Лівійскай рэвалюцыі (насамрэч, захопу ўлады пакоўнікам Кадафі) лідэры вядучых краін Захаду, а таксама Расеі праігнаравалі. Выключэне – прэмьер-міністр Італіі Берлусконі. І справа, вядома, не толькі ў тым, што ў гэты дзень адзначалася больш важная дата – 70-годдзе пачатку Другой сусветнай вайны. Кадафі, дарэчы, не аднойчы выказваў захапленне гітлераўскім рэйхам. Але тая вайна – ўжо гісторыя. А з Кадафі даводзіцца мець дачыненні сёння.

Дарэчы, ён назваў вызваленне Аль-Меграхі галоўным сваім дасягненнем за ўсе сорак гадоў свайго кіравання.

Гандаль тут да месца?

У 2003 годзе падавалася, што ў справе Локербі пастаўлена кропка. ЗША, Брытанія і Лівія прыйшлі да пагаднення аб кампенсацыі ахвярам тэракту. У Банку міжнародных разлікаў у швейцарскім Базелі быў адкрыты рахунак на суму 2,7 мільярда даляраў – па 10 мільёнаў за кожнага з 270 загінулых. Лівія прызнала адказнасць сваіх афіцыйных прадстаўнікоў за тэракт. Пасля чаго ААН зняла эмбарга на продаж ёй зброі і нафтавага абсталявання.

Кадафі ў гульні з Захадам трымаў у рукаве козыр. У 1999-м годзе ў Лівіі арыштавалі пяць балгарскіх медсёстраў і палестынскага лекара. Іх абвінавацілі ў тым, што яны, нібыта, наўмысна заразілі віч-інфекцыяй некалькі соцень лівійцаў. Медсёстрам, якія правялі ў лівійскай турме каля васьмі гадоў, некалькі разоў рэальна пагражала смяротнае пакаранне. 26 ліпеня 2007 яны былі вызвалены і дастаўлены ў Балгарыю (іх асабіста суправаджала, дарэчы, тагачасная жонка французскага прэзідэнта Сэсіль Сарказі). А на рахунак так званага Фонда Бенгазі ў Лівіі з краін Еўразвяза былі пераведзены 484 мільёны даляраў – па адным за кожнага памерлага ад СНІДу…

Не купляйце шатландскае…

Не ўсё, зразумела, вымяраецца грашыма. Дыктатары вельмі цэняць гонар і пашану, асабліва за мяжой. Пасля таго, як Муамар Кадафі быў афіцыйна выкрэслены са спісу тэрарыстаў ды іх памагатых, лідэр Лівійскай рэвалюцыі наведаў нямала еўрапейскіх сталіц. Яго шыкоўны намёт і асабістых вярблюдаў бачылі ў Брусэлі, Мадрыдзе, Парыжы, Рыме, а таксама ў Маскве. Бачылі яго і пад Мінскам, каля Заслаўя.

У кіраўніка Беларусі, дарэчы, ёсць свае ўяўленні пра гуманізм і міласэрнасць. Сёлета Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, памілаваў забойцаў, якія засеклі сякерай аднавяскоўца…

Вызваленне Аль-Меграхі выклікала пратэсты на Захадзе, найперш – у ЗША. Дзярждэп рэзка скрытыкаваў рашэнне шатландскага міністра. Дырэктар ФБР Мюлер назваў яго «здзекам з правасуддзя». З нагоды ўрачыстага прыёму Аль-Меграхі ў Трыпалі выказаў абурэнне прэмьер Велікабрытаніі. Брытанскі прынц Эндру, які некалькі разоў быў у Лівіі з дзелавымі візітамі, адмовіўся ехаць туды на ўрачыстасці. У сувязі з запланаваным удзелам Кадафі ў сесіі Генасамблеі ААН, у Амерыцы рыхтуюцца да акцый пратэсту. Пры гэтым, некаторыя амерыканскія палітыкі заклікаюць не ездзіць у Шатландыю ды байкатаваць шатландскія тавары, у тым ліку, віскі.

Але ж да байкоту дыктатарскага рэжыму наўрад ці дойдзе. Гэта падказвае досвед Еўропы ў дачыненнях з дыктатарамі за апошнія паўтара дзесяцігоддзя.

Віталь Тарас

Каментары2

Цяпер чытаюць

Затрыманы ў Польшчы шпіён-беларус быў сябрам «Паспалітага рушэння»

Затрыманы ў Польшчы шпіён-беларус быў сябрам «Паспалітага рушэння»

Усе навіны →
Усе навіны

«Гэта акт вайны»: кангрэсмен ЗША заявіў, што Расія атакавала НАТА10

Беларуска вярнулася з Польшчы і купіла сельскую школу, дзе раней вучылася — што яна там робіць?16

У Польшчы працуе каля 117 тысяч беларусаў3

Што робіцца з выездам з Беларусі раніцай у сераду?

Расія нанесла масіраваны ўдар ракетамі і дронамі па Украіне. Польшча закрывала аэрапорты Варшавы і Любліна з-за шахедаў2

Катар лічыўся бяспечным месцам для перамоў. Што будзе пасля ўдару Ізраіля?3

На трасе каля Мінска заўважылі арыгінальны дарожны знак ФОТАФАКТ1

Сяргей Ціханоўскі дабраўся да Белага дома8

Трамп прызнаўся, што раней вайна ва Украіне яму здавалася самым простым канфліктам з усіх. І здзіўлены, што гэта не так7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрыманы ў Польшчы шпіён-беларус быў сябрам «Паспалітага рушэння»

Затрыманы ў Польшчы шпіён-беларус быў сябрам «Паспалітага рушэння»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць