Культура22

Данута Бічэль: Людзі сёння разгубленыя і не ведаюць, куды кінуцца і што рабіць

Як жывецца сёння славутай гродзенскай паэтцы, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы? Інтэрв'ю з Данутай Бічэль публікуе «Народная Воля».

— Данута Янаўна, з каталіцкімі часопісамі «Нашай верай» і «Ave Maria» вы супрацоўнічаеце шмат гадоў. Чаму для вас важна друкавацца менавіта ў гэтых выданнях?

— «Наша вера» і «Ave Maria» — два часопісы, якія для мяне падыходзяць, там друкуюцца духоўныя вершы, артыкулы на рэлігійную тэматыку. У маім узросце гэта важна, хоць, як мне здаецца, я ніколі не выходзіла з гэтай тэматыкі. З дзяцінства, калі жыла ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне, там Бог заўсёды быў на першым месцы. Калі б не вера — мы проста не выжылі б. А так мы навучыліся пакутаваць і маліцца. Таму «Наша вера» і «Ave Maria» для мяне — як агеньчыкі, якія асвятляюць прастору. Я звычайна чакаю, калі яго рэдактарка Хрысціна Лялько пазвоніць і скажа, якой важнай тэме будуць прысвечаны наступныя нумары. І папросіць нешта напісаць. І я пішу — з вялікай удзячнасцю да Бога, што даў мне такую ласку ў канцы жыцця і звёў мяне з маёй зямлячкай Хрысцінай Аляксееўнай. Мне трэба такое «заданне».

— Мне і ў галаву ніколі не прыйшло б, што тыя вашы вершы, якія я чытаю на старонках «Нашай веры», напісаны на заказ.

— Так ёсць. Атрымаўшы «заданне», я хаджу, малюся і думаю. Звычайна, позна ўвечары, калі ніхто не перашкаджае, там, дзе асвятляецца вуліца. Я люблю гуляць, калі ўжо нікога няма. Выходжу, а за мной мае коцікі. І так мы ходзім.

— У польскага паэта-ксяндза Яна Твардоўскага, якога вы, дарэчы, перакладалі, таксама шмат катоў жыло.

— У Яна Твардоўскага іх было ажно васьмёра! Дык у яго была піўніца, такі падвальчык пад домам, катам там было раздолле, яны гулялі і прыходзілі дадому праз заўсёды адчыненае акно. Твардоўскі — глыбокі паэт-філасаф, калі ўчытаешся, а на паверхні падаецца крышку дзяцінным. У мяне гэта таксама ёсць. Праўда, я не магу паставіць сябе побач ні з Янам Твардоўскім, ні са Святым Францішкам з Асізі, маімі любімымі паэтамі. У маім жыцці было надта шмат адзіноты, таму я і пачала пісаць вершы. Звычайна я размаўляю з коцікамі, яны мяне разумеюць. У нас у кватэры яшчэ жыве варона, гадоў пяць ужо. Прылятае да яе сябрук, яны перастукваюцца дзюбамі праз акно, варона радасна махае крыламі.

— Дык, можа, яна на волю хоча?

— Не. Я адчыняю акно — яна не ляціць. А па хаце лётае. Яе сяброўкі часта прылятаюць на падаконнік, і я іх чым-небудзь кармлю. Тады варона нервуецца і можа дзюбнуць каторую ў хвост.

— Згадаўшы Яна Твардоўскага, фактычна нашага сучасніка, я хачу прыгадаць і беларускіх паэтаў-ксянзоў — Андрэя Зязюлю, Казіміра Сваяка, Язэпа Германовіча… Пасля таго як хтосьці быў знішчаны падчас сталінскага тэрору, хтосьці з’ехаў за мяжу, гэтая нітачка духоўнай паэзіі перарвалася?

— Думаю, што не перарвалася. А хіба Ларыса Геніюш не была духоўнай паэткай? Была. І Цётка была. І Зоська Верас, і Ніна Мацяш… І шмат нашых сучасніц — тая ж Хрысціна Лялько, Ірына Жарнасек, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык — іх дастойныя пераемніцы. Я нядаўна слухала па радыё ксяндза з Росіцы, што на Віцебшчыне, Аляксандра Жарнасека, мне спадабаліся яго развагі пра тое, што духоўнае жыццё нябачнае, але яно прысутнае тут і ўплывае на нас. У яго ёсць кніга «Памілаваныя», якую я чытаю па два лісточкі ў дзень і потым доўга разважаю аб прачытаным. А яшчэ вельмі плённа працуе мінскае выдавецтва «Про-Хрысто», дзе выйшлі мае кнігі «Дайсці да Каложы», «Іду сцяжынаю да Бога», «На белых аблоках сноў». Калі ўсё будзе добра, там выйдзе яшчэ адна мая кніга — «Гаўя спяшаецца ў Нёман». Якраз складзеная з тых вершаў, якія я пісала па просьбе Хрысціны Лялько.

— Цяпер каталіцкі касцёл у Беларусі, як і ўвесь наш народ, перажывае няпростыя часы. Ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок вымушаны быў з’ехаць, адседзеўшы «суткі». Што вы пра ўсё гэта думаеце як верніца?

— Мне шкада ксяндза Барка, які з’ехаў.

— Наколькі я разумею, у яго іншага выйсця проста не заставалася.

— Чаму не заставалася? Ёсць Святое Пісанне, і можна, не выходзячы за яго рамкі, гаварыць пра тое, што адбываецца ў нас. Так робяць мудрыя святары, падтрымліваючы сваіх вернікаў. Ім усё ж трэба думаць пра ўсіх людзей, добрых і дрэнных. Многія людзі сёння разгубленыя і не ведаюць, куды кінуцца і што рабіць. Ім на дапамогу могуць прыйсці толькі святары. Не пісьменнікі, бо нас сёння амаль не чытаюць. Ёсць нейкія ўтаемленыя чытачы, але іх вельмі мала. Што праўда, беларускі ксёндз спатрэбіўся і там — Вячаслаў Барок цяпер трымае на духу тых, хто вымушана пакінуў свае гнёзды.

— У краіне вось ужо трэці год адчувальная атмасфера страху, паколькі рэпрэсіі не спыняюцца. А вы баіцеся?

— І ва мне ёсць гэты страх. Я баюся, што нешта «не тое» скажу табе і падвяду сваіх дзяцей. Я баюся за сына. Я баюся, што ў мяне скончацца грошы, і мне не будзе за што карміць мой заапарк — катоў і варону. А ўвогуле, страх ува мне жыве з ранняга дзяцінства. У вайну, калі мне было чатыры-пяць гадоў, у Біскупцах забілі чалавека, нашага суседа, і ў нас рабілі яму труну. Я ўночы ішла праз сенцы і ўбачыла яе, прыслоненую да сцяны. Спалохалася так, што ажно душа ў пяткі скочыла, але нікому пра тое не сказала. І ўсё жыццё баялася сваіх сенцаў, той страх сядзеў ува мне ўвесь час. Памятаю, мой сябра пісьменнік Валодзя Дамашэвіч аднаму нашаму агульнаму знаёмцу сказаў, што «Данута харошая, але нейкая напалоханая».

«Каб у стозе духмяным выспацца, / я паеду ў вёску Біскупцы», — гэта радкі з вашага даўняга верша. А як часта апошнім часам вы бываеце на радзіме?

— Даўно ўжо не была. Здарыўся пажар, і мая родная хата згарэла… Нядаўна Хрысціна Лялько ехала міма, і я папрасіла сфатаграфаваць, што там цяпер. Яна мне прыслала некалькі здымкаў. На месцы хаты расце бярозавы гаёк, і елачка вырасла якраз насупраць дзвярэй…

— А наколькі Гродна ваш горад? Бывае, чалавек жыццё пражыве ў нейкай мясціне, а не прыжывецца.

— Я чую гэты горад, прывыкла да яго гукаў. Мне патрэбна бачыць гэту вішаньку за акном, хочацца прытуліцца да той бярозы-спарыша, з людзьмі паразмаўляць. У нашым доме такіх старых, як я, засталося вельмі мала. Мы цяпер у добрых адносінах, хоць раней па-рознаму было. На рынку мяне часам якая прадавачка пазнае, кажа: «Як вам, то са зніжкай». Значыць, недзе мяне чула, бачыла.

— А ці хапае вам на пражыццё пенсіі?

— Не хапае. Што ж, усе цяпер бедна жывуць. А паэты заўсёды не ўмелі лічыць грошы. Гэта добра ведаў гродзенскі ксёндз Юзаф Макарчык, ён у францішканскім касцёле служыў пробашчам. Заўсёды меў у кішэні грошы ці які апельсін. Пры сустрэчах шторазу нешта даваў мне са словамі: «Ну вы ж паэтка!». І ўсміхаўся. І маім суседкам на лекі грошай не хапае, што зробіш. І таму калі мне часам прышлюць невялічкі ганарар, рублёў 50 ці 70, то чую ад іх: «Ну, мілая мая, цешся, гэта таксама грошы».

— Цяпер наклады ўпалі — і ў кніг, і ў часопісаў. Ці адчуваеце вы патрэбу ў большай чытацкай аўдыторыі?

— У кожнага паэта свае патрэбы. Напрыклад, калісьці Яўгену Яўтушэнку патрэбны былі стадыёны прыхільнікаў. Мне сёння дастаткова Маці Божай і Яе Божага Сына. Я ім магу пачытаць вершы. А раней і мы траплялі на падобныя «стадыёны» і, прызнацца, не ведалі, што рабіць. Гродзенскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў доўгі час узначальваў Аляксей Карпюк, і ён любіў выязджаць на выступленні. Помню, як у Шчучыне мы з ім выступалі ў кінатэатры. А ў Гродне аднойчы запрасілі нас выступіць перад моладдзю. Мы прыехалі, а там — дыскатэка, пыл-дым, напаўголыя дзеўкі скачуць… Нават спрактыкаваны Карпюк разгубіўся. Але неяк выступілі, я прачытала некалькі кароценькіх жартоўных вершаў. Аляксей Нічыпаравіч ехаў назад пахмурны. Даехалі да Савецкай плошчы, а там з шыльды на магазіне «Мебель» адвалілася першая літара. Я паказала Карпюку, і ён рагатаў на ўвесь тралейбус…

— Гэтымі днямі споўнілася б 75 гадоў гродзенскаму паэту Юрку Голубу, з якім вы сябравалі і якога ўжо два гады няма з намі. Каго з ранейшых сяброў вам сёння не хапае?

— Я заўсёды добрым словам згадваю Юрку. Ніколі мы з ім не варагавалі. Я была на ягоным адпяванні ў Каложы… Пакуль у Гродне жыў Васіль Быкаў, я ішла на яго голас. І пазней ішла, нават калі ён падаваў свой голас здалёку. Ён адусюль адгукаўся, нават з Прагі званіў. Ён быў мне як брат, магутны старэйшы брат, які мяне вёў па жыцці. І я яму за гэта дасюль удзячна. З незычліўцамі сваімі Быкаў быў цяжкаваты чалавек, але людзей умеў слухаць. Мяне ён слухаў. Калі, бывала, сніўся Васіль, на душы было свята. У Гродне мы сустракаліся на мосце Святога Францішка. Часам ён катаў мяне па Нёмане на сваёй маторцы, мы падоўгу гулялі па горадзе. І ён мне нібы спавядаўся — за свае паездкі ў Маскву, за свае грахі… Мы развітваліся, я ішла, думала пра Васіля, і з’яўляліся вершы. Так выходзіла ў маім жыцці. Але цяпер Васіль мне сніцца — і мне страшна, што ён кліча туды, ў іншы свет. І я ранкам прашу яго: «Ну, пачакай, у мяне ж тут сын зусім бездапаможны».

— Ведаю, што вас як паэтку вельмі цаніла Ларыса Геніюш. А наколькі яна на вас паўплывала?

— Я вельмі доўга была залежнай ад Ларысы Антонаўны. Гэта быў цэлы вялікі перыяд у маім жыцці. Яна мне давярала рэдагаваць свае вершы, асабліва калі выходзілі дзіцячыя кніжкі «Казкі для Міхаські» і «Добрай раніцы, Алесь». Ларыса Антонаўна казала: «Дануся, зрабі так, каб іх надрукавалі». Людзям былі патрэбны кнігі Геніюш, і я іх рэдагавала. Некалькі гадоў таму Глеб Лабадзенка папрасіў мяне напісаць прадмову да дзіцячай кнігі Ларысы Геніюш (там змешчаны і яе малюнкі), я напісала, але, відаць, не тое.

І потым Лабадзенка ездзіў па Беларусі і гаварыў: Данута Бічэль не пакаялася, што крэсліла вершы Геніюш… Ён не разумее, што пры саветах пісьменнікі павінны былі пісаць мовай, якая была ў слоўніках Крапівы. Але ж я нічога не рабіла без Ларысы Антонаўны, мы працавалі разам. Яна зацвярджала мае рэдактарскія праўкі.

— А з кім з сучаснікаў вы падтрымліваеце сяброўскія адносіны?

— У мяне ёсць сябры па ўсёй Беларусі. Няшмат, але ёсць. Напрыклад, Алесь Чобат у Скідзелі. На жаль, ён аслеп, цемра навалілася на яго. Адзін у старой хаце, трымаецца як можа, але яму вельмі цяжка. Толік Брусевіч (цяпер выкладчык ГрДУ імя Янкі Купалы) ніколі не адмаўляўся, што ён мой вучань у паэзіі. Памятаю яго з чацвёртага класа, калі ён разам са сваімі аднакласнікамі прыходзіў да мяне ў Музей Максіма Багдановіча, дзе я вяла літгурток «Вянок». Пачатак 1990-х, школьнікі глядзелі на партрэты Сапегаў, Купалы, Коласа, Геніюш, усе шчабяталі па-беларуску… А потым усё спынілася, і Бог паслаў нам тое, што паслаў. Але я заўсёды кажу: нягледзячы ні на што, неба над Каложай заўсёды будзе тое самае, і Нёман будзе той самы.

— У кнігарнях можна пабачыць кнігі прозы Стася Ільіна. Мала хто ведае, што гэта ваш унук. Ён пачаў пісаць пад уплывам бабулі?

— Стась пачаў з падарожных запісаў, калі паехаў у ЗША і стаў там працаваць кіроўцам-дальнабойшчыкам. Так, я яму параіла запісваць усе свае вандроўныя ўражанні, не адкладаючы. Да пятага класа ён вучыўся ў Гродне ў беларускім класе, а з шостага іх перавялі на рускую мову. У Амерыцы яму не хапае беларускамоўнага асяроддзя, хоць апошнім часам там беларусаў значна пабольшала.

— Што вас сёння падтрымлівае на духу? І што вы можаце параіць беларусам, каб не ўпасці ў адчай ад падзей вакол — ад рэпрэсій у Беларусі, ад вайны ва Украіне?

— Для мяне адзінае ратаванне — Ружанец. Я бяру яго ў рукі перад тым, як класціся спаць, і малюся да Божанькі. Я не ведаю, што далей з намі будзе. Вакол сапраўды нейкая беспрасветнасць. Людзі не ведаюць, куды сябе падзець, у якую шчылінку залезці. Я нядаўна напісала верш «Цудоўны Ружанец», хай радкі з яго прагучаць у нашай гутарцы:

Паднімайце сівыя галовы,
скідайце страху кайданы,
аплятайце малітвамі ружаў
Родны Край зрабаваны!..
Людзі, давайце верыць
у цуд найвялікшай пробы —
замест ракетаў і бомбаў
Зямлю ружанцам аздобім!
Небам абнятая, наша планета Зямля,
малітвамі закалыханая, як немаўля,
ад сэрцаў да сэрцаў, над бяздоннем пакут,
адмаўляе Ружанец —
з цудаў святых найсвяцейшы цуд!»
.

Каментары2

  • Рог
    24.10.2022
    Пра варону цікава. :) У мяне таксама жыла, падабралі з пашкоджаным крылом. Лекавалі, але яна так і не пачала лётаць. Назіраць было вельмі цікава, дужа цікаўная й разумная істота. А пра неба над Каложай і той самы Нёман не пагаджуся. Ня будзе Беларусі, ня будзе і таго самага неба над Каложай, і Нёман ня будзе той самы.
  • Гескин
    25.10.2022
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне13

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Усе навіны →
Усе навіны

Бетанаваць грошы — нацыянальная ідэя беларусаў? Параўналі тэмпы будаўніцтва ў Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі34

У Літве прапанавалі кампенсаваць захраслыя ў Беларусі грузавікі беларускай маёмасцю40

Электробусы пачнуць хадзіць у наступным годзе прыгараднымі маршрутамі1

У Расіі паказваюць шоу пра п'яных зорак — глядзяць і беларусы8

Міністр унутраных спраў Беніна заявіў, што арміі ўдалося прадухіліць спробу вайсковага перавароту

Трамп заявіў, што Расія пагадзілася на ягоны мірны план, а Зяленскі нават не чытаў яго41

Тайланд нанёс авіяўдары па камбаджыйскіх ваенных цэлях на спрэчнай мяжы дзвюх краін2

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа11

Навукоўцы атрымалі першае сведчанне хімічнай рэакцыі, якая магла запусціць працэс стварэння жыцця на зямлі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне13

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць