Грамадства22

Матацыкліст, вершнік, скарпіён. Гэты хлопец збірае ўнікальныя жалезныя рэчы з аўтахламу

Пасля рамонту аўтамабіля, як правіла, застаецца нямала розных дэталяў, якія ўжо нельга выкарыстоўваць у якасці камплектуючых. Металічныя кампаненты здаюць на металалом або папросту выкідваюць. Av.by расказвае пра незвычайнага хлопца. Ён, наадварот, з вялікім энтузіязмам скупляе рухавікі, якія адслужылі свой тэрмін, каробкі перадач і іншы аўтахлам і дорыць запчасткам другое жыццё, ператвараючы іх у займальныя штукі.

Жыве хлопец у Любані. Навігатар даводзіць да патрэбнай лакацыі. На брамцы красуецца скарпіён, створаны з дэталяў, якія некалі былі важнымі складнікамі некалькіх матацыклаў і аўтамабіляў. Цяпер жа яны сабраныя ў выглядзе павукападобнай істоты і выконваюць функцыю дэкору. Або апазнавальнага знака?

Брама адчыняецца, пара прывітальных рэплік — і мы ўжо ведаем гісторыю стварэння металічнага членістаногага:

— Мой бацька зрабіў яго некалькі гадоў таму і падарыў маёй маці на дзень нараджэння. Чаму Скарпіён? Гэта яе знак задыяка, — уводзіць нас у курс справы Кірыл.

— Як маці адрэагавала на такі незвычайны падарунак? 

— Ёй было вельмі прыемна, — не міргнуўшы вокам адказвае суразмоўца, — але ў хатні інтэр'ер сувенір не ўпісаўся, таму вырашылі паставіць яго сюды. Цяпер вось вітае гасцей!

На століку са шкляным верхам і апорай, якая прадстаўляе сабой блок цыліндраў рухавіка ГАЗ-53, дружна стаяць танк, самалёт, металічнае сэрца і ўсмешлівы на ўсе свае тры зубы поршань з падстаўкай для ёмістасці. Мабыць, запальнай або гарачыльнай…

«А такі столік і ў сучаснай кватэры класна б глядзеўся!» — лаўлю сябе на думцы і цікаўлюся тэрмінамі вырабу незвычайных прадметаў інтэр'еру…

— На стварэнне невялікіх фігур (падобных на тыя, якія стаяць на стале) сыходзіць дзень-два — у залежнасці ад складанасці. Што тычыцца кошту, то, да прыкладу, поршань ацэньваю ў 175 рублёў, залітае лакам сэрца — у 120, такі вось стол — у 1000 рублёў.

Мотатэматыка — фаварыт у кліентаў

— А як прыходзяць ідэі? Дзе чэрпаеш натхненне?

— У асноўным кліенты прыходзяць ужо са сваімі канцэптамі, часцяком — нават з малюнкамі. Мая справа — стварыць выраб, максімальна набліжанага да патрабаванняў заказчыка. Дарэчы, думка пра выраб танка нарадзілася падчас размовы з таварышам — гэта для фанатаў гульні World Of Tanks.

— Сам выконваеш лазерную гравіроўку па шкле?

— Не, таварыш займаецца гэтым прафесійна. Мы з ім пазнаёміліся яшчэ ў часы вучобы ў радыётэхнічным каледжы. Ён, дарэчы, і эмблему зрабіў.

— А адкуль бяруцца ўсе гэтыя дэталі для работ?

— Раней, калі гэта было проста хобі, хапала жалязяк, якія валяліся ў гаражы. За гады рамонтаў іх назапасілася нямала! А цяпер ужо даводзіцца купляць скрыні перадач, рухавікі і іншыя аўтамабільныя кампаненты на разборках. Ды і не толькі аўтамабільныя — ёсць і замкі, напрыклад. Усяго хапае.

— Колькі каштуюць звычайна каробкі перадач, рухавікі?

— КП абыходзяцца мне ў 50-100 рублёў за штуку, блокі цыліндраў для сталоў — у 200-300 BYN. Астатняе купляю з разліку 1 рубель за 1 кілаграм.

— У якіх агрэгатах больш за ўсё патрэбных дэталяў?

— Адназначна ў скрынях перадач!

— Раскажы, як гэта ўсё пачыналася. Калі ты зразумеў, што ствараць з жалеза такія ўнікальныя штукі — гэта не толькі займальна, але і можа прыносіць даход?

— З тэхнікай пазнаёміўся ў восем гадоў. Бацька займаўся рамонтам аўтамабіляў і матацыклаў, а я яму дапамагаў. Ну як дапамагаў… Проста ключы патрэбнага памеру падаваў! — смяецца хлопец. — Паступова ўнікаў у сутнасць справы і ўрэшце стаў паўнавартасным асістэнтам. Тата не толькі рамантаваў — было некалькі праектаў, якія ён стварыў сваімі рукамі. Напрыклад, «багі» — транспартны сродак на базе «дзявяткі» ад ВАЗа. Я ўдзельнічаў у яго стварэнні на працягу паўтара гадоў. Потым мы разам каталіся на гэтай самаробцы па сасновым лесе — столькі эмоцый атрымалі!

— Праз некалькі гадоў быў створаны другі варыянт «Багі», прадуманы больш старанна. Адсутныя дэталі шукалі па аб'явах, падвеску і рухавік «дзявяткі» перабіралі самі. Толькі цыліндры расточвалі нам у Мінску знаёмыя спецыялісты. Руль і рамяні бяспекі заказвалі ў Расіі. У выніку атрымаўся аўтамабіль вагой 400 кг! На ўлік паставіць не ўдалося — у лес вазілі на прычэпе. Там і каталіся. Праз некалькі гадоў абодва асобнікі былі прададзеныя, адзін з іх з'ехаў у Гродна.

— Быў у нас яшчэ адзін цікавы асобнік — «Трайк», стваралі яго на базе матацыкла «Урал». Асаблівасцю гэтага транспартнага сродку з'яўляліся колы нізкага ціску — усяго 0,016 МПа, а таксама яго здольнасць плаваць. На «Трайку» мы нават удзельнічалі ў ралі ў Магілёве! Праз два гады пасля з'яўлення на свет ён быў прададзены, але цёплыя ўспаміны засталіся, — працягвае аповед Кірыл.

— Ідэя аб стварэнні фігур з металу прыйшла ў галаву спантанна. Пасля чарговага летняга сезону ў гаражы сабралася цэлая гара жалязяк — з ёй трэба было нешта рабіць! Гледзячы на «свежанькія» і бліскучыя шасцярні, міжволі задумаліся аб стварэнні… робата! Спачатку сядзелі крукам над ім у вольны ад працы час, цягнулася ўсё даволі доўга — каля года. Вынік спадабаўся, нават хацелі яго ў сябе ў двары пакінуць. Але потым вырашылі прапанаваць аднаму з прадпрымальнікаў — цяпер фігура стаіць у Салігорску, каля рэстарана «Церам». Першае тварэнне прадалі мы досыць танна — за 850 даляраў.

— Пачыналі ўтрох: тата, мама і я, — але маме хутка гэтая справа надакучыла. Паступова ўсё перайшло ў мае рукі. Бацька дапамагае з буйнымі фігурамі. Ён майстар вялікія колы варыць. А маленькія я раблю цалкам сам.

— Што часцей за ўсё заказваюць кліенты?

— Мотатэматыка пераважае. Мэтавая аўдыторыя — аўтамабілісты і матацыклісты. Пакуль у асноўным дзейнічае сарафаннае радыё, — усміхаецца Кірыл. — Падчас гутарак з людзьмі, вядома, распавядаю пра сваю дзейнасць, паказваю фота, прапаную свае ўдалыя мінулыя працы.

— І колькі можна атрымаць на такім спецыфічным хобі?

— Найбольшая колькасць заказаў прыпадае на цёплы сезон, а ў нейкія перыяды іх зусім няшмат. Думаю, у сярэднім 1000 даляраў на месяц атрымліваецца.

У працэсе размовы плаўна перамяшчаемся ў майстэрню, дзе сустракаем сапраўднага жалезнага вершніка — байкера з металу. Ён практычна завершаны.

— І колькі каштуе такі матацыкліст?

— Дакладнай лічбы яшчэ няма. Дзесьці ад дзвюх да трох тысяч даляраў. Кошт напрамую залежыць ад складанасці замовы.

Колькі часу спатрэбілася на стварэнне?

— Каля месяца. Гэты перыяд уключае ў сябе і пошук «донара» для асновы матацыкла. Сама праца пару тыдняў доўжылася.

— А якая вага ў байкера? І колькі жалеза пайшло?

— Прыблізная вага складае 300 кг. Cпатрэбілася парадку сямі каробак перадач ад легкавікоў, адна КП — ад самазвала і 100 кг розных дробных дэталяў іншых вузлоў і агрэгатаў.

Налюбаваўшыся металічным байкерам, вяртаемся ў гараж, дзе заўважаем новенькі пад'ёмнік.

— Усё ж такі ёсць планы займацца рамонтам аўтамабіляў або для сваіх патрэб усталявалі?

— Адразу мы будавалі гараж — думаў займацца, як і ўсе ў акрузе, рамонтам аўто. Але потым усё ж зразумеў, што хачу прысвяціць сябе іншай справе — вырабляць фігуры і розныя іншыя клёвыя штукі з металу! Таму пад'ёмнік выкарыстоўваем выключна для асабістых патрэб. Ды вы і самі паглядзіце: ён як новенькі!

**

Кірыл падкрэслівае: далёка не заўсёды з поршня або манструознага блока цыліндраў V8 атрымліваецца зрабіць нешта гэтакае, як задумвалася першапачаткова. А потым лёгка і хутка прадаць.

— Калі бачу, што працэс спыніўся, пакідаю ідэю на час, нічога не задумваю. Выходжу на прагулку, чытаю. Наогул не думаю ў гэты перыяд аб працы, а затым вяртаюся да праекту з падвоенай сілай і энтузіязмам — і тады ўсё ідзе як па масле! — на пазітыўнай ноце заканчвае хлопец, з непрыхаваным запалам пазіраючы на дзверы іншай майстэрні. Там яго чакае няскончаны жалезны вершнік. Халодны метал, які змяніў усё яго жыццё. Справа, да якой ён прыкіпеў усёй душой і якая ўжо наўрад ці калі-небудзь пакіне.

Каментары2

  • хх
    05.02.2023
    цудоўна! :-]]
  • хх
    05.02.2023
    насамрэч цудоўна. у хлопца талент. мне падабаюцца такія скульптуры. бачыла падобныя ў розных месцах Беларусі, але адзінкавыя. а хацелася, каб іх было больш. можа нават стаць адной з цікавостак, візітных картак Беларусі

Цяпер чытаюць

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»9

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка заявіў, што падзеж жывёлы ў Беларусі дасягнуў «гістарычнага максімуму»16

«Стрэл у спіну». Расія абвінаваціла Сербію ў пастаўцы боепрыпасаў Украіне1

У Парк высокіх тэхналогій прызначылі новага дырэктара1

Адышка ў Лукашэнкі цяпер ужо і калі ён гаворыць седзячы ВІДЭАФАКТ10

Матч футбольнай зборнай з-за кепскага стану поля перанеслі са стадыёна «Дынама» ў Барысаў

У Радуні на аўкцыёне прадалі будынак старой ешывы

«Рыхтаваўся да выезду, але не паспеў». Былога палітвязня паўторна затрымалі неўзабаве пасля выхаду з калоніі2

Расійскага «героя СВА» ў Стаўрапалі ўзарваў хлопец, з якім ён пазнаёміўся на рэсурсе для гей-знаёмстваў5

Сталі вядомыя акалічнасці забойства пад Оршай аднаго расійскага паліцэйскага другім6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»9

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць