Арыгінал старэйшы за копію амаль на дзве тысячы гадоў.

Паркавая альтанка ў парку пры палацы Горватаў у Нароўлі, якую часта прымаюць за маяк, аказалася паўтарэннем помніка старажытнарымскай архітэктуры — маўзалея Юліяў. Гэта заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».
Пабудова была ўзведзена ў Глануме прыблізна ў 30-20 гадах да н. э. прадстаўнікамі раманізаванай гальскай сям'і. Сёння ад Гланума засталіся толькі руіны, якія размешчаны на самым поўдні Францыі, недалёка ад Авіньёна.
Маўзалей фундавалі тры браты, Секст, Луцый і Марк, сыны нейкага Гая Юлія. Маўзалей узводзіўся ў памяць іх бацькі і дзеда. Сям'я, відаць, атрымала рымскае грамадзянства за падтрымку, аказаную Юлію Цэзару падчас Гальскай вайны. Раней лічылася, што маўзалей быў пабудаваны пазней для пляменнікаў імператара Аўгуста, якія памерлі маладымі.

Паколькі пахавальная камера выяўлена не была, сёння дакладна не вядома, ці сапраўды гэтая пабудова былі маўзалеем, ці сімвалічнай магілай — кенатафам.
Гланумскі маўзалей вельмі падобны да маўзалея Істацыдыяў у тым жа горадзе, але мае больш выцягнутыя прапорцыі і больш цяжкія аб'ёмы.

Кубічны ніжні ярус, пакрыты рэльефамі, трактаваны як саркафаг. Над ім, падобна да ўрачыстай трыумфальнай аркі ў гонар юных герояў, падымаецца высокі скразны аб'ём — так званы тэтрапілон. Кожны яго фасад у цэнтры прарэзаны аркай.

Вянчае круглы храм — так званы маноптар (круглы храм), у якім да XVIII ст. стаялі статуі абодвух Юліяў. Магчыма, ён быў задуманы як памінальны храм.
Гланумскі маўзалей добра захаваўся і таму мусіў быць вядомым еўрапейскім архітэктарам XIX стагоддзя, якія вывучалі архітэктуру на класічных узорах.

Палац Горватаў у Нароўлі быў пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў стылі позняга класіцызму. Ягоны аўтар на сёння не вядомы, але вядома, што славуты віленскі архітэктар Тадэвуш Раствароўскі, які меў сяброўскія і сваяцкія адносіны з гаспадарамі сядзібы, намаляваў эскізы сцэн з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі для аздаблення інтэр'ераў. Ці не мог ён прыўнесці і ў парк пры сядзібе трошкі антычных матываў?

Рамантычная альтанка ў Нароўлі, хоць пераймае формы Гланумскага маўзалея, але атрымалася рамантычна вытанчанай і ўзнёслай, праўда, трошкі нераўнаважнай па аб'ёмах. Выкарыстанне цэглы замест натуральнага каменю таксама запатрабавала зменаў — больш устойлівай асновы з магутнымі контрфорсамі.
Гэты невялікі помнік архітэктуры — яшчэ адно пацвярджэнне моцнай повязі беларускай культуры з сусветнай.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Ніхто нічога не кінуў і не збіраецца». Як ідуць справы на рэканструкцыі палаца Горватаў у Нароўлі
Адкуль Лангбард скапіраваў праект Опернага тэатра ў Мінску?
Усё яшчэ думаеце пра Рымскую імперыю штодня? Пачытайце «Гісторыю Старажытнага Рыма» Мэры Бёрд
Сталінкі, саборы, мячэці. Чым расійская архітэктура абавязана Беларусі
Цяпер чытаюць
«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў

Каментары