22 жніўня ў Браслаўскім касьцёле адбыўся фэст Маці Божай Валадаркі азёраў. Да гэтага сьвята была прымеркавана сустрэча каталіцкай моладзі Віцебскай дыяцэзіі, якая праходзіла 20 – 22 жніўня. Дэвізам сустрэчы былі выбраныя словы «Любіць, Хрысьце, як Ты».

На гэтую сустрэчу ў Браслаў прыехалі больш за дзьве сотні маладых вернікаў з усёй Віцебшчыны. Найбольш іх было зь Мёраў (23 чалавекі) і Глыбокага (27 чалавек). Першую ноч з 20 на 21 жніўня ў касьцёле адбываліся малітвы, сьпевы, якія скончыліся а чацьвертай гадзіне раніцы. Сьвятую Імшу ўначы цэлебраваў біскуп Уладзіслаў Блін. Была і такая форма працы як сустрэчы ў групах па 10 – 20 чалавек, дзе моладзь разважала над пытаньнямі адносінаў паміж людзьмі, перашкодаў, якія узьнікаюць у гэтых адносінах.
Вечарам 21 жніўня адбыўся паўтарагадзінны канцэрт гурта «Milość», пасьля была дыскатэка. Было насамрэч цікава і весела.
22 жніўня ўрачыстую Сьвятую Імшу, якая праходзіла на двары, цэлебраваў біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. На Імшу сабраліся, апроч моладзі, некалькі сотняў чалавек з Браслава. Сустрэча пакінула найлепшыя уражаньні ва усіх яе ўдзельнікаў.
Фота аўтара
Каментары