«Спыталі, чый Крым». Беларус падаўся адразу на два ДНЖ у Польшчы і Літве, а ў выніку мусіў пакінуць ЕС
Аляксандр прыехаў у Польшчу з Беларусі ў 2020 годзе па працоўнай візе, а праз некаторы час атрымаў дазвол на жыхарства па працы. Пражыўшы ў Польшчы некалькі гадоў і аб’ездзіўшы нямала краін Еўрасаюза, беларус вырашыў пераехаць у Літву. Калі тэрмін дзеяння ДНЖ набліжаўся да канца, ён падаў дакументы спачатку на новы ДНЖ у Польшчы, а потым — на першы дакумент у Літве, піша Most.

У Літве Аляксандр працаваў на будоўлі. Польскі ДНЖ гэта дазваляе. А калі да заканчэння карты побыту (дазвол на жыхарства ў Польшчы. — Прым.) заставалася менш за два месяцы, Аляксандр паехаў у Польшчу, каб атрымаць новы ДНЖ. Для гэтага давялося шукаць новае месца працы, але дапамог сябар — уладкаваў да сябе на фірму. Ад гэтай фірмы Аляксандр і падаў дакументы.
«Спыталі: чый Крым»
Але тут узнік юрыдычны нюанс. Падача дакументаў на ДНЖ дае права знаходзіцца ў Польшчы, але не дае права на ўезд у краіну. Пакуль дзейнічаў папярэдні ДНЖ беларуса, ён мог вольна пакідаць Польшчу і вяртацца назад. Але як толькі тэрмін старой карты скончыцца, заехаць у Польшчу мужчына ўжо не даў бы рады — як і легальна жыць у Літве.
Таму ў той жа дзень, калі Аляксандр падаў дакументы на ДНЖ у Польшчы, ён выехаў у Літву і там пачаў рыхтаваць дакументы на яшчэ адзін ДНЖ — ужо літоўскі, на падставе працы.
Калі да заканчэння польскага ДНЖ заставаўся адзін дзень, мужчына адправіўся ў літоўскі Міграцыйны дэпартамент. Там спачатку адмовіліся прымаць дакументы — не хапала даведкі аб несудзімасці з Беларусі.
«Яна вельмі доўга ішла з беларускага пасольства. [Я патлумачыў сітуацыю]. Потым спыталі: «Чый Крым?» Я даў правільны адказ (маецца на ўвазе, што Крым — гэта Украіна. — Прым.). Апісаў сваё стаўленне да беларускіх уладаў і да сітуацыі ва Украіне. Потым прыйшоў начальнік аддзела міграцыі і кажа: «Ладна, [даведку] дашлеш поштай», — узгадвае Аляксандр.
«Сцэна з Прастаквашына»
Чакаць рашэння Аляксандр застаўся ў Літве. Праз месяц ён атрымаў паведамленне пра гатоўнасць карты. Але замест яго за картай адправіўся працадаўца — гэта, паводле слоў беларуса, распаўсюджаная практыка ў Літве.
Працадаўца сапраўды можа атрымаць ДНЖ супрацоўніка, калі мае даверанасць. Але ў міграцыйнай службе дырэктару кампаніі, дзе працаваў Аляксандр, адмовілі. Больш за тое, сказалі, што беларус знаходзіцца ў Еўрасаюзе нелегальна. Кіраўнік паведаміў, што Аляксандр таксама падаў дакументы на ДНЖ у Польшчы, але гэта не паўплывала на пазіцыю ведамства.
«У міграцыйнай [службе] адказалі: «Не. Пакуль ён не пакіне Еўрасаюз, мы не аддадзім дакумент. А пацвярджэннем будзе фота пашпарта з пячаткай якой-небудзь краіны па-за межамі ЕС», — распавядае Аляксандр. — Гэта сцэна з «Прастаквашына»: «У мяне ваша пасылка, але я вам яе не аддам».
Чаму Літва запатрабавала пакінуць ЕС
Каб атрымаць дазвол на часовае пражыванне ў Літве, заяўнік павінен знаходзіцца на тэрыторыі краіны на законных падставах на момант падачы заявы. Гэта прапісана ў артыкуле 40 Закона Літоўскай Рэспублікі «Аб прававым становішчы замежнікаў».
Аляксандр знаходзіўся ў Літве на падставе польскага працоўнага ДНЖ. Але гэты дакумент не дае права на пражыванне ў Літве, а толькі дазваляе кароткатэрміновае знаходжанне ў Шэнгенскай зоне — да 90 дзён у кожныя 180.
Калі б на момант падачы заявы на ДНЖ у Аляксандра была літоўская віза ці ДНЖ Літвы, то нават пасля заканчэння іх дзеяння яго знаходжанне лічылася б законным на ўвесь час разгляду заявы. Але з польскім ДНЖ усё інакш.
Сам па сабе факт падачы на ДНЖ не дае права заставацца ў краіне, калі няма іншага дазволу — візы, бязвізу або папярэдняга ДНЖ Літвы.
Такім чынам, застаючыся ў Літве, мужчына парушыў правілы легальнага знаходжання.
Калі б, падаўшы дакументы на ДНЖ у Літве, Аляксандр у той жа дзень выехаў у Польшчу, ён мог бы знаходзіцца там на законных падставах цягам усяго тэрміну разгляду сваёй польскай заявы. Але ён гэтага не зрабіў і прапусціў тэрмін, калі мог вярнуцца легальна. Таму ў літоўскай міграцыйнай службе і запатрабавалі, каб ён пакінуў ЕС.
Пазбег дэпартацыі
Вяртацца ў Беларусь Аляксандр не мог — з-за страху пераследу. Таму ён абраў Грузію, дзе былі знаёмыя.
Вылет у Кутаісі беларус планаваў з Польшчы — набыў квіток на самалёт і паехаў у Варшаву. Ён думаў, што пакуль чакае рашэння па польскім ДНЖ, можа знаходзіцца ў краіне. Галоўнае — трапіць у Польшчу (што, фармальна, было парушэннем). Ён лічыў, што гэта нескладана, бо мяжа паміж Літвой і Польшчай адкрытая.
Але ён не ўлічыў, што, хоць абедзве краіны і ўваходзяць у Шэнгенскую зону, памежнікі могуць праводзіць выбарачныя праверкі. Так і здарылася: на пункце Руцке-Тартак Аляксандра знялі з аўтобуса і затрымалі, бо ён не меў права на паўторны ўезд у Польшчу.
— Я прасядзеў у іх у камеры 10 гадзін. Мяне дапыталі.
Аляксандр растлумачыў памежнікам, што ягоны ДНЖ у Літве ўжо гатовы, але ён не можа яго забраць. Ён баяўся дэпартацыі ў Беларусь, але памежнікі выдалі мякчэйшае прадпісанне — пакінуць Польшчу цягам 30 дзён. Без забароны на ўезд у Шэнген.
— Потым яны адвезлі мяне да бліжэйшага вакзала і развіталіся.
«Як ты сюды трапіў, калі ў цябе няма дакументаў?»
На свой рэйс Аляксандр не паспеў. У Грузію ён вылецеў праз два дні — з Кракава, транзітам праз Швецыю. І там таксама ўзнікла шмат пытанняў.
«У аэрапорце Швецыі памежнікі: «Як ты да нас трапіў, калі ў цябе няма дакументаў (якія даюць права знаходжання ў Шэнгене)?» — узгадвае Аляксандр. — Яны доўга разбіраліся, але паколькі я не выходзіў з транзітнай зоны, усё абышлося».
У выніку Аляксандр дабраўся да Грузіі без праблем. Туды ён паляцеў па беларускім пашпарце, а паміж Беларуссю і Грузіяй дзейнічае бязвізавы рэжым.
«Сказалі, што я парушыў закон»
У Грузіі ён, як і планаваў, сфатаграфаваў пашпарт са штампамі выезду з ЕС і ўезду ў краіну, і даслаў фота працадаўцу. Той пайшоў у міграцыйную службу атрымліваць ДНЖ, але зноў узніклі праблемы.
«Аказваецца, палякі накіравалі запыт у Літву — ці падаваў я дакументы на ДНЖ. А літоўцы адказалі, што падаваў, але мне яго анулявалі», — распавядае мужчына.
Відаць, гэтае рашэнне прынялі з-за парушэння міграцыйнага рэжыму. Тады Аляксандр накіраваў запыт у польскую памежную службу з просьбай пацвердзіць, што яго не дэпартавалі і не забаранілі ўезд у ЕС. Працадаўца занёс гэты дакумент у міграцыйную службу, і тады ДНЖ выдалі.
У Грузіі Аляксандр правёў тры тыдні. Літоўскі ДНЖ яму перадалі праз знаёмых, што ляцелі ў Грузію. І па ім ён без праблем вярнуўся ў Літву.
Страта пашпарта і новая падстава для знаходжання
Але прыгоды з дакументамі не скончыліся.
ДНЖ па працы выдаецца на тры гады. Але беларускі пашпарт Аляксандра дзейнічаў толькі яшчэ год і чатыры месяцы — менавіта на такі тэрмін і выдалі ДНЖ.
Па словах Аляксандра, змяніць працадаўцу ў Літве з працоўным ДНЖ складана, а вяртацца ў Беларусь небяспечна. Таму ён вырашыў змяніць падставу для пражывання на гуманітарную. Але калі пачаў рыхтаваць дакументы, выявіў, што згубіў беларускі пашпарт. Сітуацыя здавалася безвыхаднай, але ён знайшоў рашэнне.
«Напісаў заяву ў паліцыю, а потым сабраў дакументы, што пацвярджаюць пагрозу ў Беларусі, і падаўся без пашпарта на гуманітарны ДНЖ, — распавядае мужчына. — І праз два тыдні на падставе гуманітарнага ДНЖ мне выдалі літоўскі пашпарт замежніка (Užsieniečio pasas)».
-
Шаметавец: Пасля знікнення ні Мельнікава, ні ад яе імя на «Кіберпартызанаў» не выходзілі. Яна не мае чым нас шантажаваць
-
Зянон Пазняк: Зараз інтарэсы рэжыму ў нейкай ступені супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі
-
«Кіберпартызаны»: Не трэба раздзімаць паніку, што рэжым усё можа ўзламаць, прачытаць, пра ўсё даведацца. Не, не можа
Каментары