Здароўе22

Прэпараты ад алергіі, якія ўжываюць мільёны людзей, могуць павялічваць рызыку дэменцыі — вучоныя

Эксперты раяць з асцярожнасцю адносіцца да прыёму антыгістамінных сродкаў і шукаць бяспечныя альтэрнатывы.

hay fever сезонны алергічны рынакан'юктывіт сенная ліхорадка
Фота: Karl-Josef Hildenbrand / picture alliance via Getty Images

Як піша Daily Mail, эксперт Гарвардскага ўніверсітэта, вопытны тэрапеўт і галоўны рэдактар Harvard Health Letter Энтані Камароф (Anthony L Komaroff) папярэджвае людзей, якія пакутуюць на алергію, што варта разгледзець альтэрнатыву антыгістамінным прэпаратам. Сваё меркаванне ён абгрунтоўвае вынікамі некалькіх даследаванняў, якія выявілі магчымую сувязь паміж ужываннем папулярных антыгістамінных прэпаратаў і павышанай рызыкай развіцця дэменцыі.

Як тлумачыць эксперт, гэтыя прэпараты здымаюць сімптомы алергіі, у тым ліку насмарк, кашаль і сверб вачэй, перашкаджаючы дзеянню гістаміну — рэчыва, якое выклікае алергічную рэакцыю.

Аднак, як падкрэслівае доктар Камароф, некаторыя антыгістамінныя сродкі таксама валодаюць антыхалінергічнымі ўласцівасцямі. Яны перашкаджаюць дзеянню ацэтылхаліну — важнага нейратрансмітару, які неабходны для нармальнай працы мозгу.

Ацэтылхалін адыгрывае ключавую ролю ў памяці, навучанні і перадачы нервовых імпульсаў. Недахоп гэтага рэчыва звязаны з пагаршэннем кагнітыўных функцый і павышанай рызыкай развіцця дэменцыі. Менавіта таму некаторыя навукоўцы лічаць, што доўгатэрміновае ўжыванне антыгістамінных прэпаратаў з антыхалінергічнымі ўласцівасцямі можа мець негатыўныя наступствы для мозгу.

У Беларусі да такіх сродкаў адносяцца прэпараты, дзе асноўнымі дзеючымі рэчывамі з'яўляюцца дыфенгідрамін (Diphenhydramine), хларапірамін (Chloropyramine) і клемастын (Clemastine).

Адно з першых даследаванняў, што выявіла сувязь паміж павышанымі дозамі антыхалінергічных прэпаратаў і павышанай рызыкай развіцця дэменцыі, было праведзена ў 2015 годзе. Вучоныя вывучылі стан мозгу больш як 3 400 чалавек ва ўзросце 65 гадоў і больш у перыяд з 1994 да 2012 года.

Нядаўняе даследаванне, апублікаванае ў 2024 годзе ў Journal of Allergy and Clinical Immunology, таксама выявіла сувязь паміж ужываннем антыгістамінных сродкаў і рызыкай развіцця дэменцыі.

Навукоўцы правялі рэтраспектыўнае кагортнае даследаванне, выкарыстаўшы звесткі з Нацыянальнай базы даных медыцынскага страхавання Тайваня, якія датычылі больш як 700 000 пацыентаў з нядаўна дыягнаставаным сезонным алергічным рынакан'юктывітам у перыяд з 2011 да 2017 года. Іх падзялілі на дзве групы: тых, хто прымаў антыгістамінныя прэпараты, і тых, хто іх не ўжываў.

Пасля карэктавання вынікаў з улікам іншых медыцынскіх паказанняў было ўстаноўлена, што рызыка развіцця дэменцыі павялічвалася прапарцыйна дозе прынятых антыгістамінных сродкаў.

Аднак лекі ад алергіі — не адзіныя антыхалінергічныя прэпараты, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Да гэтай групы таксама адносяцца некаторыя снатворныя сродкі, прэпараты ад нетрымання мачы, млоснасці, мышачнага напружання і хваробы Паркінсана.

Напрыклад, даследаванне, праведзенае ў 2023 годзе ў Вялікабрытаніі і ахапіўшае больш за мільён чалавек, паказала, што пры ўжыванні антыхалінергічных прэпаратаў рызыка развіцця дэменцыі павялічваецца на 18%. Пры гэтым мужчыны былі больш уразлівыя: іх рызыка вырасла на 22%, у той час як у жанчын на 16%.

Як заўважае Камароф, навуковая супольнасць яшчэ не прыйшла да адназначных высноў адносна ўплыву антыхалінергічных прэпаратаў на здароўе мозгу, бо існуе шэраг даследаванняў, што не выявілі такой сувязі.

Аднак улічваючы магчымае ўздзеянне гэтых прэпаратаў на нервовую сістэму, эксперт раіць разгледзець альтэрнатывы і выкарыстоўваць мінімальныя эфектыўныя дозы пры лячэнні алергіі. Рэкамендуецца звярнуцца да доктара, каб падабраць бяспечныя метады лячэння.

Каментары2

  • Студэнт-астматык
    23.02.2025
    Не пайду на лекцыю - у мяне дэменцыя!
  • Федзя
    24.02.2025
    Да это уже и так заметно кто вокруг.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі17

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія чыноўнікі хочуць павыпраўляць падручнікі гісторыі ў краінах СНД — ім не падабаецца, як пра Расію там пішуць18

За паўгода правоў пазбавілі больш за 10 тысяч кіроўцаў7

Балючая гісторыя ад «Купалаўцаў» — пра пошукі ідэнтычнасці і прадчуванне вайны. Пабывалі на прэм'еры «Валізка»

Блогер Коршун: Сваякі палітвязняў пытаюцца, як так атрымалася, што Ціханоўскі выйшаў, а іх дзеці і мужы працягваюць сядзець51

Кіраўнік беларускага Чырвонага крыжа Шаўцоў: Скажу як доктар, гомасэксуалізм — гэта хвароба35

Рубіа пра санкцыі супраць Расіі: Трамп ведае правільны час і месца для іх увядзення4

ПАСЕ прызнала адказнасць Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей

Трамп перад самітам НАТА: Зяленскі — добры хлопец3

Каверын: Я думаю, Ціханоўскі заплакаў таму, што цудоўна разумее: пяць гадоў пекла былі дарэмныя65

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі17

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць