Валэнса і лідары «Салідарнасці» звярнуліся да Трампа: Вы паводзілі сябе з Зяленскім як у камуністычным судзе
Лех Валэнса і іншыя актывісты польскай «Салідарнасці» напісалі да Дональда Трампа ліст, у якім асудзілі яго стаўленне да Зяленскага падчас сустрэчы ў Авальным кабінеце. Атмасферу там яны параўналі з допытамі Службы бяспекі часоў ПНР, піша Onet.

Пад лістом падпісаліся 40 чалавек. Сярод іх — палітзняволеныя часоў ПНР і актывісты «Салідарнасці», у тым ліку Лех Валэнса і Браніслаў Камароўскі.
Аўтары тэксту лічаць абразлівым, што Трамп чакае павагі і падзякі ад Украіны, салдаты якой «праліваюць кроў у абарону каштоўнасцяў вольнага свету».
Выданне Onet апублікавала ліст да Трампа цалкам:
«Паважаны спадар прэзідэнт,
На вашу размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім мы глядзелі з жахам і агідай. Вашы чаканні ў дачыненні да выказвання павагі і падзякі за матэрыяльную дапамогу, аказаную Злучанымі Штатамі ваюючай з Расіяй Украіне, мы лічым абразлівымі.
Падзяка дастаецца гераічным украінскім салдатам, якія праліваюць кроў у абарону каштоўнасцяў вольнага свету. Менавіта яны ўжо больш за 11 гадоў гінуць на фронце ў імя гэтых каштоўнасцяў і незалежнасці сваёй радзімы, захопленай пуцінскай Расіяй.
Мы не разумеем, як лідар дзяржавы, якая з'яўляецца сімвалам свабоднага свету, можа не бачыць гэтага.
Наш жах таксама выклікаў той факт, што атмасфера ў Авальным кабінеце падчас гэтай размовы нагадвала нам тую, якую мы добра памятаем з слуханняў Службы бяспекі і з залы судовых пасяджэнняў у камуністычных судах.
Пракуроры і суддзі па даручэнні ўсёмагутнай камуністычнай палітычнай паліцыі таксама тлумачылі нам, што ў іх у руках усе карты, а ў нас няма. Яны патрабавалі, каб мы спынілі сваю дзейнасць, сцвярджаючы, што тысячы нявінных людзей пакутуюць з-за нас. Яны пазбавілі нас свабоды і грамадзянскіх правоў, таму што мы не згаджаліся супрацоўнічаць з уладай і не праяўлялі да яе падзякі. Мы ў шоку ад таго, што вы гэтак жа ставіліся да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
Гісторыя XX стагоддзя паказвае, што кожны раз, калі Злучаныя Штаты хацелі дыстанцыянавацца ад дэмакратычных каштоўнасцяў і сваіх еўрапейскіх саюзнікаў, гэта завяршалася пагрозай для іх саміх.
Гэта зразумеў прэзідэнт Вудра Вільсан, які прыняў рашэнне аб уступленні Злучаных Штатаў у Першую сусветную вайну ў 1917 годзе. Гэта зразумеў прэзідэнт Франклін Дэлана Рузвельт, вырашыўшы пасля нападу на Пэрл-Харбар у снежні 1941 года, што вайна ў абарону Амерыкі будзе весціся не толькі ў Ціхім акіяне, але і ў Еўропе, у саюзе з атакаванымі Трэцім рэйхам дзяржавамі.
Мы памятаем, што без прэзідэнта Рональда Рэйгана і амерыканскага фінансавага ўдзелу не ўдалося б прывесці да распаду імперыю Савецкага Саюза. Прэзідэнт Рэйган ведаў, што ў савецкай Расіі і краінах, заваяваных ёю, пакутуюць мільёны зняволеных людзей, у тым ліку тысячы палітвязняў, якія за сваю ахвяру, адстойваючы дэмакратычныя каштоўнасці, плацілі свабодай.
Яго веліч заключалася ў тым, што ён без ваганняў назваў СССР «імперыяй зла» і даў яму рашучую барацьбу. Мы перамаглі, і помнік прэзідэнту Рональду Рэйгану стаіць сёння ў Варшаве каля амбасады ЗША.
Спадар прэзідэнт, матэрыяльная дапамога — ваенная і фінансавая — не можа быць эквівалентам крыві, пралітай у імя незалежнасці і свабоды Украіны, Еўропы, а таксама ўсяго вольнага свету.
Чалавечае жыццё бясцэннае, немагчыма вымераць яго каштоўнасць грашыма. Падзяка належыць тым, хто прыносіць ахвяру крыві і свабоды. Для нас, людзей «Салідарнасці», былых палітвязняў камуністычнага рэжыму, які служыў Савецкай Расіі, гэта відавочна.
Мы заклікаем ЗША выканаць гарантыі, якія яны далі разам з Вялікабрытаніяй у Будапешцкім мемарандуме 1994 года, у якім прама прапісана абавязацельства абараняць недатыкальнасць меж Украіны ў абмен на прадастаўленне ёю сваіх запасаў ядзернай зброі. Гэтыя гарантыі безумоўныя: там няма ні слова пра тое, каб разглядаць такую дапамогу як эканамічны абмен».
Падчас сустрэчы ў Авальным кабінеце 28 лютага Зяленскі, Трамп і Вэнс пасварыліся ў жывым эфіры. Чакалася, што цягам таго дня будзе падпісана дамова аб выкапнях, але Зяленскі заўчасна з'ехаў з Белага дома.
Фрыдрых Мерц заявіў, што канфлікт Зяленскага і Трампа быў загадзя спланаваны амерыканскай адміністрацыяй
Зяленскі не будзе выбачацца перад Трампам
Зяленскі не стаў выбачацца за публічную звадку з Трампам і Вэнсам
Дарадца Трампа расказаў, што было ўчора пасля таго, як з Белага дома перасталі весці трансляцыю
Каментары
Бо Валэнса (TW Bolek) супрацоўнічаў з камуністычнай бяспекай. Доўга адмаўляў гэты факт пакуль гісторыкі канчаткова не даказалі. А яшчэ таму, што год таму чарговы раз у сваёй манеры вялікага эга заявіў, што менавіта ён некалі падказаў Трампу балатавацца.
Ох гэты Leszek.