«Адчуў сябе калабком». 22-гадовы беларус збег з войска, пажыў на некалькіх кантынентах, але цяпер яму трэба грошы
Руслану Касцевічу з вёскі Горкі Чэрвеньскага раёна было 19 гадоў, калі ён дззерціраваў. Гэта было ў 2022-м. Беларусы сабралі яму грошы праз «Байсол». За тры гады паспеў пажыць у Грузіі, Польшчы, Індыі, Бразіліі і Аргенціне. Дзе і кім толькі ні працаваў, пабачыў свет, але цяпер шукае стабільны заробак анлайн.

Руслана прызвалі ў армію ў маі 2021-га. Пасля таго як ва Украіне пачаліся баявыя дзеянні, іх часць з Віцебскай вобласці адправілі ў Ельскі раён, да мяжы.
Хлопец не хацеў удзельнічаць у вайне, таму самавольна пакінуў месца службы. У выніку ён апынуўся пад крымінальнай справай і вырашыў з'ехаць з Беларусі.

Каля года беларус правёў у Грузіі. Грошы яму на першы час сабралі людзі праз «Байсол».
Пазней ён падпрацоўваў на фрылансе. Ненадоўга Руслан выязджаў у Польшчу. Аднак:
«Польшча мне не зайшла. Я адчуваў ад палякаў нейкае пагардлівае, прыніжальнае стаўленне да прыезджых з Беларусі, Украіны», — згадвае хлопец.
Прафесіі, адукацыі ў хлопца няма. Пасля школы беларус не паступаў ва ўніверсітэт: не вызначыўся са спецыяльнасцю, а ўвагу хлопца захаплялі плэйтэсты — тэсціраванні гульняў.
Партал probusiness.io пісаў, што ў школьныя часы Руслан практыкаваўся ў прадпрымальніцтве. Напрыклад, запусціў свой праект для пошуку працы LiteJоb і продажу сухафруктаў Lifam. Пра Руслана-школьніка нават дзяржаўнае тэлебачанне здымала сюжэт. У 2018 годзе канал «Беларусь 1» расказаў, як юнак арганізаваў для школьнікаў экскурсіі па беларускіх кампаніях.

У эміграцыі хлопец падумваў аб паступленні ва ўніверсітэт, але таксама не склалася. З Еўропы ён выехаў без дыплома.
«Я быў вельмі незадаволены школьнай сістэмай адукацыі і чуў, што ва ўніверсітэтах не лепш. І я проста не ведаў, які кірунак выбраць. Думаў, можа быць, эканоміку. А што толку было б? Паступіў бы, можа, у войска не пайшоў бы. Але, хутчэй за ўсё, выехаў бы з Беларусі, таму што жыць у такім рэжыме было б немагчыма», — разважае беларус.
«І ад бабулі збег, і ад дзядулі збег»
З Грузіі хлопец даляцеў да Індыі, каб сесці на танны рэйс да Бразіліі. Увесь гэты час беларус падзарабляў на нескладаным дызайне ці выконваў задачы асістэнта — дапамагаў з дакументамі, ствараў прэзентацыі.
Нестандартны выбар краіны ён тлумачыць проста: у Еўропе ён мог застацца толькі ў Польшчы ці Германіі, але не хацелася.
Адразу разглядаў для эміграцыі Аргенціну, а яго знаёмы падказаў, што «ў Бразіліі тое самае» стаўленне да тых, хто падаецца на прытулак. Праз два месяцы Руслан падаўся там на ўцякацтва.
Справа, аднак, не рухалася — праз яшчэ сем месяцаў у міграцыйным аддзяленні сказалі, што пакуль нават не могуць паклікаць яго на інтэрв’ю. Пачытаў чаты рускамоўных у Бразіліі: там казалі, што чаканне можа доўжыцца і да чатырох гадоў. І Руслан пераехаў у Аргенціну.
«Адчуў сябе калабком. Я і ад бабулі збег, і ад дзядулі збег. Цяжка ўсе гэтыя гады — пераезды. Тры гады эміграцыі. Але трэба неяк спраўляцца.
Тут мне адразу выдалі дакументы і ёсць тэрмін тры месяцы — пасля яны павінны будуць выклікаць мяне на інтэрв’ю».
«Што значыць зберагаць?»
Цяпер Руслан дазволу на працу не мае. Да таго ж, хлопец не размаўляе на іспанскай мове. Таму Руслан шукае працу анлайн.
У Бразіліі ён быў знайшоўшы працу на праекце па хуткім заробку — трэба было знаходзіць блогераў у твітары і дамаўляцца з імі на рэкламныя допісы.
Руслану на той працы абяцалі плаціць па 5 тысяч даляраў на месяц, але гэта хутка скончылася. Беларус не змог пераключыцца на працу з крыптавалютамі, кампанія зазнала цяжкасці з пераводамі праз плацежную сістэму Страйп, а начальнік сфакусаваўся на іншым праекце, які прыносіў больш грошай.
Так у 22 гады хлопец застаўся без працы ў Барылочэ — горадзе аргенцінскай правінцыі Рыа-Негра. Кажа, што ў такой сітуацыі апынуўся ў тым ліку праз няправільнае размеркаванне фінансаў.
«Прычына, напэўна, у перападзе даходаў. Не можаш адаптавацца, пастаянна змяняюцца твае даходы. У гэтым месяцы ты зарабляеш 1500 даляраў, а ў наступным — 700 даляраў. У трэцім — як з інфлюенсерамі — зарабляеш 5-6 тысяч. А потым зноў тысячу. Няма стабільнасці. Не можаш адчуць, што ты можаш набываць, што не можаш», — тлумачыць ён.
Зберагаць грошы хлопец не ўмее:
«Як з’явіцца, што адкладваць, я пастараюся. Хаця ні разу таго не рабіў. Што значыць адкладваць? Нават пры вялікіх даходах я ўмудраўся моцна не адкладваць. То-бок я наўмысна не адкладваў, у мяне проста нешта заставалася. Нешта я не паспяваў патраціць», — кажа ён.
Цяпер у сацыяльных сетках Руслан просіць яму дапамагчы з грошамі і знайсці працу. Сцвярджае, што фінансавая сітуацыя такая крытычная, што трэба збіраць на арэнду і на рэчы. У яго, прыкладам, зламаўся камп'ютар — хлопец кажа, што праз тое, што выгружаў з яго дадзеныя па продажах у інтэрнэце.
Беларус робіць мантаж для відэа, вучыцца працы з сацсеткамі — для таго нават тэсціраваў рэкламу на сваіх асабістых допісах і змог накруціць лайкі — таму стужка і выглядае ненатуральна. У эміграцыі, тлумачыць беларус, давялося згадаць усё, што пачынаў рабіць у школе.
«Я ўмею маркетынг, HR, дыстанцыйнае асіставанне, графічны дызайн і UI/UX-дызайн у Figma, відэамантаж у Sony Vegas Pro і стварэнне стыльных прэзентацый у PowerPoint», — піша хлопец.
Каментары
Вучысь танчыць Жыцце працаваць прымусіць ці навучыт
Гэты падлетак за 5 год ні жадае вучыцца а калі прымушае " Падайце дзезерціру?? ..Якога ?
Адзін раз дапамаглі на 5 год хапіла .
Андрусь кажа .ні сурьезны хлопец