Грамадства22

Мінчанка нарасціла валасы і засталася ў шоку ад цаны

Мінчанка Юлія планавала зрабіць нарошчванне валасоў у салоне па прывабнай цане, агучанай на кансультацыі. Аднак на касе пасля працэдуры гераіню чакаў непрыемны сюрпрыз: цана паслугі вырасла амаль у тры разы, хаця ніхто нікога і не падманваў, піша Onlíner.

Планавала аддаць 300 рублёў, а заплаціла 820

Ідэя нарасціць валасы прыйшла гераіні раптоўна. Юлія лічыла, што валасам не хапае гушчыні, таму пачала вывучаць варыянты, як выправіць сітуацыю. Выбар прыпаў на мінскі салон.

— Я была падпісаная на блогера, якая хваліла адзін мінскі салон. Зайшла на іх старонку ў сацсетках: раскручаны акаўнт, шмат падпісчыкаў і добрых водгукаў. Праўда, цэны нідзе не былі пазначаныя, таму я запісалася на бясплатную кансультацыю на наступны ж дзень.

Там мяне сустрэла ўладальніца салона, каб падабраць валасы для надання прычосцы гушчыні. Пасля кансультацыі прапанавалі зрабіць у адміністратара арыенціровачны разлік кошту. У выніку была агучаная цана — 300—360.

Я пакінула задатак у 100 рублёў і пачала чакаць дня Х.

Сама працэдура, паводле слоў Юліі, прайшла выдатна: ветлівая і акуратная майстрыца змагла дадаць гушчыні яе валасам.

Прэтэнзій да якасці паслугі ў гераіні няма. Але самае цікавае адбываецца далей: на касе Юліі агучваюць суму да аплаты — 720 рублёў. 100 рублёў гераіня ўжо пакінула ў якасці задатку на кансультацыі.

— Канешне, я адразу ўдакладніла, чаму цана вырасла амаль у тры разы. А адміністратар з усмешкай адказала мне, што на кансультацыі сума была названая арыентыровачна ў доларах ЗША. Адзначу, што за згушчэнне валасоў, а не поўнае нарошчванне я ніколі не стала б аддаваць такія грошы.

Давялося тэлефанаваць мужу, каб адправіў на картку недастатковую суму.

Я і падумаць не магла, што гаворка ідзе пра долары ЗША, а не пра беларускія рублі. Ніхто ў салоне гэты момант не праясніў. А я ўпершыню прыйшла на такую працэдуру, таму ніяк не магла ведаць, што закупкі валасоў лічацца ў замежнай валюце.

Калі шчыра, я разгубілася ў моманце і адчула сябе недарэкай, які мог нешта няправільна зразумець.

Аднак праверыла ўсе свае нататкі пасля кансультацыі і зразумела, што памылкі няма: валюта не была названа, таму па змоўчанні для мяне гэта былі беларускія рублі.

Пасля таго як муж пералічыў Юліі грошы, адміністратар паведаміла, што пры аплаце карткай сума павялічыцца яшчэ на 20%, таму гераіні давялося шукаць банкамат, каб зняць наяўныя.

— Грошы я аддала і спытала, колькі будзе каштаваць карэкцыя нарошчвання валасоў. Адказ — 108, аднак гэтым разам адміністратар падкрэсліла, што гаворка ідзе пра долары.

Дадому прыйшла ў засмучаным стане.

І адразу ж пачала пісаць у іншыя салоны, каб даведацца, колькі насамрэч каштуе працэдура нарошчвання валасоў з улікам маіх патрабаванняў. Кошты былі прыкладна такія ж, як я і заплаціла, таму не думаю, што ў салона была задача падмануць мяне. Але ж трэба называць цану ў беларускіх рублях, бо не ўсе абавязаны ведаць, што яны мелі на ўвазе іншую валюту! Я наведвала многія мінскія салоны і розныя касметычныя працэдуры — і нідзе з такім не сутыкалася.

На эмоцыях гераіня расказала пра сваю сітуацыю ў сацсетках. Пасля гэтага позна вечарам (каля 23:00) з ёй паспрабавалі звязацца прадстаўнікі салона.

— Я мама ў дэкрэце, таму званкі ў такі час лічу не вельмі дарэчнымі. І, дарэчы, убачыла я прапушчаны толькі з раніцы. Больш на сувязь са мной ніхто не спрабаваў выйсці.

Салон: «Прызнаём дадзеную сітуацыю як недапрацоўку з боку персаналу»

Рэдакцыя Onlíner звярнулася па каментар да кіраўніка салона, у якім Юлія рабіла нарошчванне валасоў. Паводле слоў жанчыны, адбылося непаразуменне, у якім бакі не зразумелі адзін аднаго.

Памылку ў салоне прызналі, абяцалі такіх сітуацый больш не дапускаць:

— Мы шкадуем аб гэтым непаразуменні. У момант кансультацыі супрацоўнік агучыў кошт па курсе ў доларах ЗША арыенціровачна. Канчатковая цана за паслугу залежыць ад кошту закупкі валасоў у вытворцы за межамі Рэспублікі Беларусь імпарцёрам за долары ЗША па курсе НБ РБ у дзень пакупкі, у той час як кошт аказваемай паслугі па нарошчванні ў беларускіх рублях застаецца заўсёды нязменным (залежыць толькі ад складанасці і аб'ёму працы).

Мы выкарыстоўваем валютную агаворку — умовы, калі канчатковая сума за паслугу залежыць ад курсу замежнай валюты. Пры гэтым разлікі паміж імпарцёрам, намі і кліентам ажыццяўляюцца толькі ў нацыянальнай валюце — згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

На жаль, мы не змаглі поўна і даходліва растлумачыць гэта кліенту. Прызнаём дадзеную сітуацыю як недапрацоўку з боку персаналу.

Пытанняў да якасці валасоў і аказанай паслугі, акрамя як непаразумення па кошце, у кліента не ўзнікла. Пасля працэдуры разлік быў зроблены ў беларускіх рублях.

Мы спрабавалі звязацца з кліентам неаднаразова для абмеркавання сітуацыі і хацелі прапанаваць варыянты кампенсацыі. У цяперашні час, на жаль, Юлія на сувязь не выходзіць, але мы спадзяёмся прыйсці да ўзаемаразумення. Мы цэнім нашых кліентаў і заўсёды імкнёмся знайсці рашэнне, якое будзе максімальна прымальным для бакоў.

Цяпер мы ўнеслі змены ў нашу працу. Усе супрацоўнікі праходзяць дадатковы інструктаж, а таксама ўносяцца дадатковыя праўкі ў прайс для выключэння непаразумення ў будучыні.

Што кажа закон?

Законныя ці такія дзеянні выканаўцаў у б'юці-сферы? Ці можа Юлія вярнуць частку выдаткаваных грошай? Разабрацца ў гэтай няпростай сітуацыі дапамог Іван Райкевіч, юрыст па абароне правоў спажыўцоў.

— Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» у арт. 7 устанаўлівае патрабаванні для выканаўцы своечасова прадаставіць спажыўцу дакладную інфармацыю, у тым ліку пра цану. Законам плацежным сродкам на тэрыторыі Беларусі з'яўляецца беларускі рубель, што ўказана ў арт. 141 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Якое дачыненне маюць долары і закупкі за мяжой да паслугі, якая аказваецца дзяўчыне ў салоне прыгажосці ў Мінску, — не вельмі зразумела, паколькі выканаўца мае права прымаць толькі беларускія рублі, а куплены за мяжой тавар у Беларусі за долары не прадаецца.

Акрамя таго, выклікае насцярожанасць і патрабаванне выканаўцы аплаціць кошт на 20% вышэй пры разліку па картцы, бо нават працэнт банка за эквайрынг вагаецца ў раёне 1,5%, але ніяк не 20%. Тут, хутчэй, да выканаўцы могуць быць пытанні пра выкананне падатковага заканадаўства.

Іван Райкевіч нагадвае, што, згодна з п. 4 арт. 9¹ закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», прадаўцу (выканаўцу) забаронена ўсталёўваць у дачыненні да аднаго віду тавараў (работ, паслуг) розныя цэны (тарыфы) у залежнасці ад формы аплаты тавараў (работ, паслуг). Пры гэтым прадаўцом (выканаўцам) могуць устанаўлівацца зніжкі, іншыя формы стымулявання рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), а таксама разлікаў у безнаяўнай форме.

— Раскажу, як у дадзенай сітуацыі можа паступіць Юлія. Згодна з п. 1 арт. 16 закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», калі спажыўцу не была прадастаўленая магчымасць неадкладна атрымаць у месцы рэалізацыі тавару (выканання работы, аказання паслугі) неабходную і дакладную інфармацыю пра тавар (работу, паслугу), спажывец мае права патрабаваць ад прадаўца (вытворцы, пастаўшчыка, прадстаўніка, выканаўцы) кампенсацыі стратаў, выкліканых неабгрунтаваным ухіленнем ад заключэння дагавора, а калі дагавор заключаны — у разумны тэрмін патрабаваць ад прадаўца (выканаўцы) скасавання дагавора і вяртання грошай за тавар (работу, паслугу) альбо ад вытворцы (пастаўшчыка, прадстаўніка) вяртання выплачанай за тавар грашовай сумы, а таксама кампенсацыі іншых стратаў.

Паводле слоў юрыста, пры скасаванні дагавора і (або) вяртанні спажыўцу грошай за тавар (работу, паслугу) спажывец абавязаны вярнуць тавар (вынік работы, калі гэта магчыма) прадаўцу (вытворцу, выканаўцу).

— У дадзенай сітуацыі дзяўчыне неабходна звярнуцца ў названы салон і патрабаваць вярнуць ёй залішне заплачаныя грашовыя сродкі, а ў выпадку адмовы — зафіксаваць свае патрабаванні ў кнізе заўваг і прапаноў для захавання прэтэнзійнага парадку. Калі грошы не вернуць нават пасля гэтага — Юліі варта звярнуцца ў суд з іскам аб абароне яе правоў як спажыўца.

P.S. Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял, бакам удалося дамовіцца. Салон кампенсаваў Юліі розніцу ў грашах.

Каментары2

  • Ёсік
    06.07.2025
    Шмат цырульняў, якія месьцяцца ў былых кватэрах на першым паверсе, але яны таксама лічаць сябе салонамі прыгажосьці. Во, б.яць, лукашэнка за 30 гадоў так і не адучыў беларусаў ад даляра, дэдаларызатар хрэнаў, як апасьля саўка ўсё пераводзілі ў даляры, так і па сёняшні дзень робім.
  • даведка
    06.07.2025
    Я наоборот недавно слышал историю, что за согласие клиента оплатить по карте ему сделали скидку на покупку, а здесь придумали про 20%, что получить налик.

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі: Я ж не ведаў, што людзі баяцца паказваць твары і баяцца за сваіх сваякоў! Я набіваю гузы сам27

Ціханоўскі: Я ж не ведаў, што людзі баяцца паказваць твары і баяцца за сваіх сваякоў! Я набіваю гузы сам

Усе навіны →
Усе навіны

22-гадовы каліновец Ціхан «Франц» Клюкач атрымаў кантузію3

25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеаператар Дзмітрый Завадскі1

У Віцебску асвоілі будаўніцтва тэхнічнага флота: зрабілі ўласны цеплаход4

Дзяўчына адкрыла ў старой сельскай школе пад Слуцкам рэтра-музей5

З’езд КПРФ абвясціў памылковым даклад Хрушчова пра культ асобы Сталіна15

Трамп пра ідэю Маска стварыць трэцюю партыю ў ЗША: Цалкам «зляцеў з катушак»5

У матчы беларускай Першай лігі адбылася масавая бойка ВІДЭА

Беларуска родам з Хойніцкага раёна прыкінулася грузінкай і падманула даверлівага італьянца4

Пуцін заявіў пра перавагу прыдумак расійскіх саматужнікаў над узбраеннем НАТА5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі: Я ж не ведаў, што людзі баяцца паказваць твары і баяцца за сваіх сваякоў! Я набіваю гузы сам27

Ціханоўскі: Я ж не ведаў, што людзі баяцца паказваць твары і баяцца за сваіх сваякоў! Я набіваю гузы сам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць