«У вас ёсць усяго некалькі хвілін». Што рабіць, калі навальніца, ураган або смерч засталі на прыродзе
Сёння ў Беларусі, як і папярэднія дні, абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. На большай частцы тэрыторыі дажджы, навальніцы. Па паўночным захадзе — моцныя дажджы. Вецер пры навальніцах парывісты, шквалісты да 20 м/с.

Здаецца, што можа здарыцца — звычайны летні адпачынак на прыродзе: возера, палатка, кампанія сяброў або выходны з сям’ёй. Але варта раптам наляцець навальніцы ці ўрагану — і бязвінная прагулка можа скончыцца трагедыяй. Як паводзіць сябе пры ўрагане на пляжы: небяспечныя памылкі, якія могуць каштаваць жыцця, піша Onliner.by.
— Шквалістым лічыцца любы вецер, хуткасць якога складае больш за 20 метраў у секунду. Такі вецер уяўляе пагрозу перш за ўсё з-за таго, што можа выклікаць падзенне канструкцый на чалавека, што прыводзіць да траўмавання або нават смерці, — кажа Максім Клачко, начальнік цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ пры МНС.
— Таму, калі адчуваеце ўзмацненне ветру, гэта сур'ёзнае напамінанне пра тое, што трэба сыходзіць.
На гарадскіх вуліцах ад шквалістага ветру можна схавацца ў любым гандлёвым цэнтры, аптэцы або пад’ездзе жылога дома.
А што рабіць, калі шторм заспеў на пляжы, калі вакол толькі альтанкі, лежакі і дрэвы? Як, напрыклад, на Мінскім моры, дзе два гады таму падчас урагану загінула дзяўчына.

— Ідэальны спосаб — сабраць рэчы, сесці ў машыну і як мага хутчэй пакінуць гэтае месца.
Але людзі нярэдка сядзяць да апошняга і сыходзяць, калі вецер становіцца ўжо вельмі моцным. У такім выпадку трэба адысці ад дрэў, металічных канструкцый і выйсці на адкрытую мясцовасць. У нашым выпадку — побач з пятым пляжам — варта адысці падалей ад палатак, шатроў, альтанак і лежакоў. Усё гэта патэнцыйна можа нанесці пашкоджанні.
Зразумела, універсальнай формулы паводзін тут няма. Але трэба імкнуцца адэкватна ацэньваць сітуацыю.
Часцей за ўсё людзі адчуваюць страх і пачынаюць панікаваць. Напрыклад, лезуць у палатку, думаючы, што яна іх абароніць. Але гэта памылка. Нам вядомы выпадкі, калі чалавек хаваўся ад ветру і дажджу ў палатцы, але ўдарыла маланка, упала дрэва, і чалавек загінуў.
А калі схавацца ад дажджу і ветру ў альтанцы?
— Гэта будзе памылкай. Седзячы ў ёй, ты проста не зможаш прааналізаваць тое, што адбываецца вакол цябе. Акрамя таго, яна можа быць дрэнна замацаваная. Хаця, калі альтанка забетанаваная на метр у глыбіню, нічога адбыцца не павінна.
З цікавасці мы вырашылі праверыць устойлівасць адной з альтанак. Толькі ўзяліся за апоры, як яна задрыжала.
— Зусім слабая, лепш тут падчас ветру не сядзець. Не выключана, што пры моцных парывах яе складзе, — рэзюмуе прадстаўнік МНС.

Што рабіць пры смерчы: як уцякаць і дзе схавацца, каб выжыць
Больш праблем можа прынесці смерч. Гэта атмасферны віхор, які ўзнікае ў навальнічным воблаку і ў выглядзе слупа распаўсюджваецца да зямлі. На сваім шляху смерч зносіць дрэвы, нестабільныя пабудовы, падымае ў паветра прадметы і можа пазбавіць чалавека жыцця.
— У дзяцінстве мне давялося назіраць смерч. Магутная з’ява, — узгадвае Максім. — Адбылося гэта ў 1998 годзе ў пасёлку Лагішын Пінскага раёна. Смерч тады зрываў дахі дамоў. На суседнім участку стаяла здаровая таполя. Яе паваліла на хлеў. Жывёла, якая была ў ім, загінула.
Ратавальнік раіць перачакаць смерч у любой бліжэйшай будыніне, але толькі не побач з лініямі электраперадачы і не на прыпынку: пры моцных парывах ветру яны часта падаюць і ледзь не ўзлятаюць.
— Калі ж пабудоў побач няма, трэба апынуцца на адкрытай мясцовасці і згрупавацца, прысеўшы на кукішкі. У такім выпадку плошча сутыкнення ветру з целам стане меншай, атрымаць пашкоджанні будзе цяжэй. У інтэрнэце можна ўбачыць кадры, як чалавека, які ідзе насустрач смерчу, зносіць вецер. Калі б ён прысеў — гэтага б не адбылося.
Калі ж смерч заспеў вас у лесе, ад яго трэба ўцякаць. Але не па напрамку руху слупа (ён хуткі і дагоніць), а па дыяганалі.
Як правільна згрупавацца?
Трэба прысесці як мага ніжэй, апусціўшы пры гэтым галаву — прыкладна вось так:

А што рабіць, калі смерч накрые на Мінскім моры, дзе шмат дрэў і мала адкрытых прастораў?
— У такім выпадку я б пайшоў да аўтамабіля і ад’ехаў на бяспечную адлегласць. Знаходзіцца ў машыне ў лесе побач са смерчам — ідэя не вельмі: на аўтамабілі нярэдка падаюць дрэвы.
Навальніца і маланка: як распазнаць небяспеку і дзе шукаць бяспечнае сховішча
Чалавека можа атакаваць і маланка. Выжыць у такіх абставінах складана. Часцей за ўсё пацярпелы ўпадае ў шокавае становішча і памірае ад спынення сэрца. На жаль, выпадкі, калі чалавек гіне з-за разраду маланкі, фіксуюць амаль штогод. Хтосьці хаваўся ад дажджу пад дрэвам, у якое трапіў разрад, а хтосьці проста затрымаўся ў сябе на гародзе. Адзін з апошніх выпадкаў адбыўся пад Мёрамі ў чэрвені 2024 года: падчас удару маланкі 82-гадовы мужчына проста каціў ровар.
— Былі выпадкі, калі маланка біла ў вадаём, і чалавек, які знаходзіўся ў ім, таксама гінуў. Іншы прыклад: мужчына ехаў па полі на ровары і, відаць, размаўляў па тэлефоне. У выніку ён таксама загінуў, а побач з целам знайшлі мабільны, — кажа Максім.
Як абараніць сябе ў такой сітуацыі?
Эксперт лічыць, што сустрэчу з маланкай можна папярэдзіць. Для гэтага, прынамсі, варта выкарыстоўваць спецыяльныя анлайн-сэрвісы, якія адлюстроўваюць надвор’е.
Ну а калі вы апынуліся на пляжы, можна паспрабаваць падлічыць, наколькі далёка ад вас б’е маланка. Для гэтага адразу пасля ўспышкі трэба адлічыць у секундах час да раскату грому. Трохсекундны інтэрвал прыблізна роўны аднаму кіламетру.
Калі час паміж успышкай і громам складзе менш за 10 секунд, варта як мага хутчэй знайсці сховішча.
— Прадстаўце, што ў такой сітуацыі мы знаходзімся на пляжы. Вам трэба аператыўна агледзецца. Маланка б’е ў самыя высокія кропкі на паверхні, таму любыя дрэвы (асабліва тыя, што стаяць асобна), слупы, шчыты і металічныя грыбкі — гэта зона рызыкі. У вадзе таксама знаходзіцца нельга: яна выдатны праваднік току. Таму я б пабег у машыну. Ну а калі вы прыехалі да вадаёма не на транспарце, хавайцеся ў кафэ. Адключыце мабільны тэлефон.
Шаравая маланка — яшчэ адна непрыемная з’ява, з якой часам сутыкаецца чалавек. Праўда, пра яе гавораць часцей, чым бачаць. Успомніце: у дзяцінстве многія расказвалі страшылкі і ўяўлялі, як зіхатлівы шар залятае ў фортку і падарожнічае па пакоі, а потым выбухае.
Байкі байкамі, але шаравая маланка сапраўды існуе, і ў 2013 годзе яе сілу адчулі на сабе некалькі работнікаў фермерскай гаспадаркі ў Рэчыцкім раёне.
Відавочца тады расказваў, што разам з таварышамі заўважыў зіхатлівы шарык памерам з тэнісны мяч. Пасля гэтага раздаўся раскат грому, і шар выбухнуў. Мужчыны выжылі, але атрымалі розныя пашкоджанні.
— Гэта сапраўды рэдкая з’ява. Як правіла, шаравая маланка ўяўляе небяспеку для прыватных дамоў, — кажа Максім Клачко. — Усё ж такі сучасныя шматкватэрныя дамы абсталяваныя громаадводамі і маланкапрымальнікамі. Падчас навальніцы варта выключыць прыборы з разетак і закрыць форткі. Калі ж вы ўсё ж сутыкнуліся з шаравой маланкай, не рабіце паспешлівых рухаў.
Патокам паветра вы можаце прыцягнуць да сябе ўвагу. Жыве яна нядоўга — ад некалькіх секунд да хвіліны, а потым або выбухае, або знікае.
Дзе самае бяспечнае месца на Мінскім моры?
Пляж №1. Менавіта на яго ў 2023 годзе абрынуўся ўраган. У выніку месца амаль цалкам ачысцілі ад дрэў, ператварыўшы ў пясчаную зону.
Як лічыць эксперт, пры моцным ветры чалавек тут павінен адчуваць сябе адносна камфортна. Падаючыя дрэвы яму дакладна не пагражаюць.
Як абараніцца ад граду: што рабіць на вуліцы і ў полі
Пашкодзіць можа і звычайны град, з якім мы сутыкаемся штогод.
— Ад яго, вядома, лепш за ўсё схавацца ў якім-небудзь памяшканні або ў аўто. Але калі вы апынуліся ў полі, а град буйны, лепш за ўсё прысесці на кукішкі, накрыць сябе парасонам або зрабіць казырок з курткі ці кофты. Такім чынам мы зможам, прынамсі, зменшыць сілу ўдару.
Галоўнае — нікуды не бегчы і не спяшацца: такім чынам мы толькі павялічым ударную плошчу.
Выглядае гэтае становішча прыкладна так:

Як лічыць суразмоўца, усіх пералічаных вышэй праблем можна пазбегнуць, калі сачыць за прагнозам надвор’я ад Белгідрамета і папярэджаннямі пра небяспеку ад МНС (у прыватнасці — у тэлеграм-канале ведамства).
Каментары
У гэтай фобіі / гарадской легенды няма фізічных тлумачэнняў.