«Неяк да яе падсадзілі рэальную вар'ятку». Былая палітзняволеная расказала пра Марыю Калеснікаву
У вялікім інтэрв'ю выданню «Салідарнасць» былая палітзняволеная Таццяна Купчына, якая выйшла на волю ў студзені 2024 года, расказала сярод іншага пра тое, што бачыла і чула пра Марыю Калеснікаву, якая знаходзілася там.

— Я была адной з тых, хто бачыў, як прывезлі з бальніцы Машу Калеснікаву. Я якраз прыйшла па таблеткі, і тут пад'ехала хуткая. Перад гэтым на выдачу зайшоў старшы опер Алёхін, пра нешта папярэдзіў медсястру. Ён быў у цывільным адзенні.
Я выйшла на вуліцу, а там падмацаванне — яшчэ шэсць мянтоў, апранутыя па цывільнаму. Усе яны глядзелі, як выводзілі Машу, якая рэальна тады ледзь рухалася. Нам сказалі хутка зайсці ўсярэдзіну і зачыніць дзверы. Мы зайшлі, але дзверы я прыадчыніла і бачыла, як ёй дапамагалі ісці, яна была яшчэ з катэтарам.
Пазней мы даведаліся, што Машу паклалі ў асобную палату і даглядаць яе прыставілі адну зняволеную, якая ляжала ў санчастцы. У той была анкалогія, пасля яна памерла.
Некалькі разоў мы з Машай аказваліся ў адной чарзе да ўрача. Адзін раз яна была ўжо ў атрадзе, але яшчэ на бальнічным.
Я тады спытала ў яе: «Як ваша здароўе?» Яна адказала: «У прынцыпе, нічога». Мне вельмі хацелася яе падтрымаць: «Не ведаю, што вам сказаць, але вы трымайцеся, беражыце сябе!» Мабыць, і яна захацела мяне падтрымаць і сказала: «Вы таксама сябе беражыце. Мы пераможам. Мы ўсё зможам, паверце».
Яна сядзела ў санчастцы ў чарзе да лекара пасля цяжкай хваробы, але была, як заўсёды, з макіяжам.
— А вы не баяліся з ёй размаўляць?
— Там заўважыць магла толькі мая «водзячая» (якая суправаджае), але мы з ёй былі ў добрых адносінах. Маша пабыла нейкі час на бальнічным у атрадзе, і яе зноў закрылі ў ШІЗА. Нашы жанчыны, хто туды трапляў, вярталіся і расказвалі ўсё, што даведваліся, таму што там насамрэч добрая чутнасць. Усе захапляліся яе сілай духу.
Неяк да яе падсадзілі жанчыну са 106-м артыкулам КК , гэта значыць рэальную вар'ятку, і я яе ведаю. І Маша знайшла да яе падыход і нават навучыла яе спяваць «Муры», і яны разам спявалі «Разбуры турмы муры».
— Што ім за гэта зрабілі?
— А што могуць зрабіць, калі яна і так ужо ў ШІЗА? Маша замацаваная за 18-м атрадам, яна была там у спісах, там былі яе ложак і матрац, і, я ведаю, што нейкі час яго не дазвалялі займаць. Але фактычна яна не была ў атрадзе, яе перавялі ў ПКТ, ШІЗА і больш у атрад яна амаль не вярталася, толькі адразу пасля бальніцы.
Пасля аперацыі яна вярнулася страшна схуднелай. Калі я толькі заехала і ўбачыла яе першы раз, яна была нармальнай вагі. На самай справе там жудаснае харчаванне, без вітамінаў і карысных рэчываў. Але ў кашу і іншыя стравы дадаюць комбітлушч, і жанчыны часам не тое каб папраўляюцца, а пухнуць.
Я памятаю яшчэ, як да хваробы Маша бегала ў «лакалцы», каб падтрымліваць форму. Кожны вечар у спартыўным касцюме яна бегала туды-сюды на гэтай невялікай тэрыторыі амаль гадзіну. А потым яе адправілі ў ШІЗА. У Машы абвастрылася язва. І калі яе павезлі на хуткай, услед за ёй выехала і палова «дубачак» (кантралёрак), якія за намі наглядалі. Іх павезлі ў падмацаванне тым, хто ахоўваў бальніцу і дзяжурыў па горадзе, пакуль там была хворая Маша.
З ёй сапраўды не дазвалялі мець зносіны. Але ў сталовай наша змена ела адначасова з ёй. І калі яна дзяжурыла па стале, несла посуд, заўсёды паспявала сказаць: «Дзяўчынкі, трымаемся!».
Да ПКТ яна з усімі працавала на фабрыцы і заўсёды вылучалася з брыгады нават хадой, калі іх вялі строем. Маша заўсёды з паднятай галавой, з усмешкай. Яна можа падтрымаць нават без слоў.
***
Для былой палітзняволенай Таццяны Купчыной цяпер адкрыты збор на «Байсол».
«Калеснікава кажа, што не збіраецца выходзіць, пакуль не выйдзе апошні з палітвязняў»
«Калеснікаву перад сустрэчай з бацькам спрабавалі прывесці ў парадак — яна была на ўзмоцненым харчаванні»
«Атрымліваем абрыўкі інфармацыі, у нас няма сувязі». Сястра Марыі Калеснікавай расказала апошнія навіны пра яе
«Яна парушае рэжым». Лукашэнка расказаў Розэнбергу з BBC пра Калеснікаву
Пазняк пра Калеснікаву: Няма адказу на пытанне, навошта з яе ўпарта раскручваюць рэвалюцыянера і лідара
Пазняк: Калеснікава — штучна раздзьмутая асоба, якая адзначылася інфантыльнымі паводзінамі і недалёкімі казаннямі
Каментары