Берасцейца Даніла Палянскага звінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» і асудзілі на 10 гадоў
Яго затрымалі па вяртанні з Расіі. У дарозе здарыўся інцыдэнт з расійскімі сілавікамі.

Справу супраць Даніла Палянскага разглядаў Брэсцкі абласны суд. Cудовы працэс распачаўся ў сярэдзіне ліпеня і праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд прагучаў 25 ліпеня, піша БАЖ.
У выніку некалькіх пасяджэнняў Брэсцкі абласны суд прызнаў Даніла Палянскага вінаватым у «здрадзе дзяржаве» (паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса РБ) і прыгаварыў да 10 гадоў пазбаўлення волі.
У дадатак суд прызначыў сплаціць на карысць дзяржавы штраф памерам 500 базавых велічынь — на сёння гэта 21 000 рублёў. Праз «засакрэчанасць» судовага працэсу уласна сутнасць абвінавачанняў, высунутых супраць Палянскага, так і застаецца невядомай.
Даніл Палянскі, які ў мінулым працаваў журналістам, а пасля дальнабойнікам, быў затрыманы, найверагодней, 19 верасня 2024 года пасля вяртання на радзіму з Расіі. Дакладная дата невядомая, але пазней з ім знікла сувязь.
На пачатку верасня Даніл Палянскі ездзіў у Расію да сваякоў. У дарозе здарыўся інцыдэнт з расійскімі сілавікамі. Яго аўтамабіль спынілі супрацоўнікі расійскай ФСБ і пасля звінавацілі ў адміністрацыйным парушэнні за непадпарадкаванне — нібыта ён адмовіўся паказваць дакументы.
«Даніл казаў, што на той момант яго пашпарт быў у руках расійскага сілавіка, таму быў намераны абскардзіць адміністрацыйны штраф, — распавядаў адзін са знаёмых Палянскага. — Пазней, калі ён вярнуўся ў Брэст, яго затрымалі супрацоўнікі КДБ».
Ад пачатку меркавалася, што затрымалі за нейкае адміністрацыйнае правапарушэнне. Але праз некалькі тыдняў стала вядома, што супраць журналіста распачалі крымінальную справу. Да суда яго трымалі пад вартай у брэсцкім СІЗА.
Данілу Палянскаму 54 гады. У якасці відэааператара ў свой час супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і камерцыйнымі тэлеканаламі, а таксама з незалежнымі рэгіянальнымі сайтамі. У апошнія гады быў вядомы ў Брэсце як валанцёр пошукава-выратавальнага атрада «Анёл».
Каментары
Для КГБ РБ - святое, пойти на встречу старшим товарищам, старшим братям из России и посадить очередного беларуса. КГБ РБ плевать на беларусов, главное - сделать приятное старшим товарищам и братям из России.
Этого же мнения придерживается и лукашенко, если смотреть на то, что он творит с беларусами и беларуским в Беларуси.