У пакістанскім ледавіку знайшлі цела чалавека, які знік 28 гадоў таму. Яно амаль не пашкоджанае
На ўсходзе Пакістана ў ледавіку, які пачаў раставаць, пастух знайшоў цела мужчыны, які знік 28 гадоў таму. Труп добра захаваўся, а адзенне засталося амаль непашкоджаным. Побач знайшлі дакументы, дзякуючы якім удалося ўстанавіць асобу — гэта быў Насірудзін, які знік у чэрвені 1997 года падчас снежнай буры, калі ўпаў у расколіну ледавіка, піша Бі-бі-сі.

У сувязі з кліматычнымі зменамі ў рэгіёне стала менш снегу і ледавікі растаюць хутчэй, што і прывяло да знаходкі.
Па словах пастуха, відовішча было неверагоднае — цела нібыта толькі што замерзла.
Насірудзін у дзень знікнення падарожнічаў разам з братам, пакінуўшы дом праз сямейную сварку. Ён зайшоў у пячору і больш не вярнуўся. Брат спрабаваў яго знайсці, але безвынікова.
Паводле экспертаў, ледавік хутка замарожвае цела, не даючы яму раскладацца. З-за недахопу вільгаці і кіслароду ў такіх умовах цела фактычна муміфікуецца.
Каментары