75-гадовага дзядулю, які ў Мядзельскім раёне паехаў з дому на ровары і прапаў, знайшлі мёртвым
Міліцыя і пошукава-выратавальны атрад «Анёл» шукалі 75-гадовага жыхара вёскі Зані Міхаіла Ляха, які вечарам 8 жніўня паехаў на ровары са свайго дома. Ён збіраўся паехаць у вёску Конікі — за 37 кіламетраў ад вёскі Зані па аўтамабільнай дарозе і за 30 кіламетраў — пешым маршрутам, які можна пераадолець на ровары.

Як піша kraj.by, міліцыянеры знайшлі мёртвым 75-гадовага жыхара вёскі Зані Міхаіла Ляха, які знік разам з роварам 8 жніўня, недалёка ад вёскі Сваткі Мядзельскага раёна на беразе рачулкі.
Намесніца камандзіра ПСА «Ангел» па сувязях з грамадскасцю Юлія Коўган расказала выданню, што міліцыянеры знайшлі цела Міхаіла Мікалаевіча Ляха 15 жніўня. Да вёскі Конікі ён так і не даехаў.
— Там ёсць мост праз раку. Магчыма, калі б ён вырашыў пераязджаць раку па мосце, усё скончылася б шчасліва, а так цела знайшлі на беразе. Магчыма, дзед хацеў нейкім чынам скароціць шлях, — мяркуе Юлія Коўган. — Мы выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Міхаіла Мікалаевіча.
Праверку яшчэ праводзіць Следчы камітэт. Прычына смерці не называецца.
Каментары
Але ненавіджу адсылкі да ўзросту - "дзед", "дзядуля" - ён не ваш дзед. І я не ваш ні дзед, ні дзядзя. Імені дастаткова. Пры асабістым звароце да чужых людзей - "маці", "бацька", "дзядуля", гэта можа быць ок, калі і ў інтанацыі гучыць як прызнанне аўтарытэта. Але ў іншых сітуацыях гэта нейкі махровы эйджызм, падкрэсьліванне адрозьненняў.