Жонка Бруса Уіліса расказала пра самы цяжкі выбар пасля дыягназу мужа
Жонка Бруса Уіліса, Эма Хэмінг Уіліс, падчас інтэрв’ю паведаміла, што ўсёй сям’ёй было прынята складанае, але неабходнае рашэнне — перасяліць актора ў асобны дом, дзе ён можа знаходзіцца пад пастаянным доглядам. У Бруса Уіліса раней дыягнаставалі лобна-скроневую дэменцыю, якая моцна ўплывае на яго мову і паводзіны.

Эма Хэмінг Уіліс падзялілася вельмі асабістымі і балючымі момантамі сумеснага жыцця з Брусам. Яна расказала, што змены ў паводзінах мужа пачаліся задоўга да афіцыйнага дыягназу: ён стаў маўклівым, адчужаным, «не такім цёплым і пяшчотным, як раней». Яе трывогу ўзмацніла з’яўленне запінання ў гаворцы (якое вярнулася з дзяцінства Уіліса), ён стаў забываць тэкст падчас здымак.
Калі ў 2022 годзе Брусу паставілі дыягназ — афазія, а праз год — дэменцыю, сям’я сутыкнулася з рэальнасцю: хвароба не лечыцца і будзе прагрэсіраваць.
«Я выйшла з кабінета ніякая… Я нават не магла вымавіць той дыягназ. Я была нібы ў свабодным падзенні», — прызналася Эма.
Найцяжэйшым рашэннем яна назвала пераезд мужа ў асобны дом. Дом спецыяльна прыстасаваны для яго. Там ёсць усё неабходнае медыцынскае абсталяванне, а догляд за 70-гадовым акторам ажыццяўляецца кругласутачна камандай сядзелак.«Я хацела, каб ён быў у бяспецы. Гэта было адно з самых цяжкіх рашэнняў у маім жыцці», — сказала яна.
Паводле слоў Эмы, дом выбіралі такім чынам, каб Брусу было зручна перамяшчацца. Таксама там амаль адсутнічае шум, які можа негатыўна ўплываць на людзей з дэменцыяй.
Дом знаходзіцца побач з жыллём Эмы і іх дачок, што дазваляе сям’і быць побач і працягваць зносіны. Яна сказала, што кожны дзень снедае і вячэрае з мужам.
Эма таксама расказала, што вымушаная была ізаляваць сваю сям’ю ад іншых: адмовілася ад сустрэч, сяброўскіх наведванняў і вечарынак для дачок, бо шум моцна раздражняў Бруса. Яна адкрыта растлумачыла малодшым дачкам, Мэйбл (13) і Эвелін (11), стан іх бацькі: «Я ніколі не хацела, каб яны думалі, што ён не звяртае на іх увагу. І калі яны зразумелі, што адбываецца, гэта было палёгкай».
Нягледзячы на хваробу, у сям’і яшчэ здараюцца прыемныя моманты: «Ягоны смех, ягоны позірк — яны вяртаюць мяне да таго, кім ён быў. Але гэтыя моманты знікаюць гэтак жа хутка, як з’яўляюцца».
«Мне не трэба, каб ён памятаў, што я ягоная жонка. Мне дастаткова, каб была сувязь — і яна ёсць», — запэўніла Эма са слязьмі.
Каментары