Поўзаў на каленях у смецці. Мужчына перарыў звалку, каб знайсці пярсцёнкі жонкі
Канадзец перарыў горы смецця на мясцовай звалцы ў адчайнай, рамантычнай — і ў выніку паспяховай — спробе знайсці выпадкова выкінутыя пярсцёнкі сваёй жонкі, піша Бі-бі-сі.

Гісторыя пачалася з таго, што Стыў Ван Ісельдайк і ягоная жонка Жанін, якія пражылі ў шлюбе 26 гадоў, прынеслі дадому пакет папкорну з кінатэатра і рассыпалі яго ў сваім садзе.
Пакуль яны яго прыбіралі, пярсцёнкі Жанін, верагодна, упалі ў пакет з папкорнам, які потым выкінулі ў кантэйнер для кампосту.
Пара зразумела, што пярсцёнкі зніклі, толькі пасля таго, як кампост ужо вывезлі. Таму на наступны дзень Стыў паехаў на звалку і пачаў адчайныя пошукі сярод 18 тон арганічных адкідаў.
«Я быў даволі аптымістычны», — кажа ён у каментары Бі-бі-сі, тлумачачы, што мусіў знайсці іх, бо «жонка павінна мець свае пярсцёнкі, ці не так?»
Перагледзеўшы запісы з хатніх камер відэаназірання, каб вызначыць дакладны момант, калі згубіліся дыяментавыя пярсцёнкі, ён зразумеў, што пошукі трэба весці на палігоне Mission Sanitary Landfill у Брытанскай Калумбіі.
«Мая жонка была скептычна настроеная. Я сказаў ёй: заўтра з раніцы паеду на звалку і папрашу дазволу пашукаць», — расказаў ён.
«А яна такая: «яны цябе не пусцяць». А я кажу: «ніколі не ведаеш, трэба паспрабаваць», — успамінае Стыў.
Узброіўшыся рыдлёўкай і парай пальчатак, 15 жніўня ён пачаў рыцца сярод гнілой травы і харчовых адкідаў у пошуках слядоў папкорну з кінатэатра.

«Дзень быў дажджлівы. Было не вельмі горача», — кажа ён і дадае, што спрыяльнае надвор’е дапамагло «стрымаць смурод».
Эні Уэбстэр, супрацоўнік звалкі, дапамагаў у пошуках, выкарыстоўваючы экскаватар.
«Я ўжо думаў, як бы яму сказаць, каб ён проста купіў жонцы новыя» — прызнаўся Уэбстэр.
Ён успомніў, як бачыў Ісельдайка на каленях у кучы бруду.
«Ніводзін чалавек пры здаровым розуме не стаў бы гэта рабіць», — сказаў ён.
Але цудам першы пярсцёнак хутка знайшоўся — Стыў пазнаў каўбаскі, якія яго сям’я выкінула разам з кампостам.
А менш чым за гадзіну знайшлі і другі.
Ён адразу патэлефанаваў жонцы, якая ў гэты час падбірала металашукальнік, каб дапамагчы ў пошуках, і яна расплакалася ад шчасця.
«Шмат людзей уражаныя гэтай гісторыяй. Але і я сам таксама ўражаны, — сказаў Стыў у каментары BBC. — Укладваеш усе свае надзеі і робіш усё, што можаш».
Жанін, у сваю чаргу, адзначыла, што гэта прыгода зрабіла іх шлюб мацнейшым.
«Я ведаю, наколькі моцна ён мяне любіць — бо быў гатовы перакапаць гнілую смярдзючую кучу кампосту», — сказала яна са смехам у каментары CTV.
Каментары