У штучнага інтэлекту гніюць мазгі ад смеццевага кантэнту з інтэрнэту. Зрэшты, у людзей таксама
Эксперыменты паказалі, што спажыванне няякаснага кантэнту негатыўна ўплывае на здольнасць штучнага інтэлекту разважаць і даваць адэкватныя адказы. Прычым пасля іх даволі складана перавучыць. Падобна, што ў гэтым ШІ падобны да людзей, але як ратаваць людзей прынамсі зразумела.

Што значыць, што ў ШІ «гніюць мазгі»?
«Гніенне мазгоў» — brain rot — стала словам года ў 2024 годзе па версіі Оксфардскага слоўніка. Гэты тэрмін апісвае пагаршэнне псіхічнага і інтэлектуальнага стану чалавека з-за празмернага спажывання спрошчанага і нізкаякаснага кантэнту.
Новае даследаванне Тэхаскага ўніверсітэта A&M, Тэхаскага ўніверсітэта ў Осціне і Універсітэта Пэрд'ю паказала, што з'ява закранае і штучны інтэлект. Нейрасеткі горш разважаюць, калі ім скармліваць смеццевы, але папулярны ці прыцягальны кантэнт з інтэрнэту. Прычым, эфект тым большы, чым большую долю смеццевага кантэнту яны спажылі.
Каб гэта даказаць, навукоўцы сабралі даныя з Twitter/X, стварыўшы смеццевы і кантрольны набор даных. Пасля навучання яны выканалі шэраг стандартных тэстаў для мадэляў.
Вось графік памылак, які паказвае, наколькі падае эфектыўнасць моўных мадэляў у залежнасці ад якасці кантэнту. Навучаныя на смеццевым — Junk M1 і Junk M2, і яны робяць нашмат болей памылак.

Патлумачым графік і эксперымент падрабязней. Аўтары выбралі базавыя мадэлі для эксперыментаў. Junk M1 спачатку навучаліся на кароткіх і папулярных твітах, а Control M1 — на доўгіх і не надта папулярных. Junk M2 вучыліся на сенсацыйным кантэнце, Control M2 — на фактычным і адукацыйным. Baseline — гэта базавыя мадэлі без дадатковага навучання на даных з Twitter.
Пасля гэтага ўсе яны атрымалі адзін і той жа набор інструкцыяў для тэставання — Tulu-3-SFT-Mixture. Гэта стандартны высакаякасны набор даных, распрацаваны для навучання мадэляў разуменню і выкананню інструкцый. Ён змяшчае розныя тыпы задач: адказы на пытанні, разважанні, выкананне інструкцый, дыялогі і іншыя звычайныя задачы, якія выконваюць папулярныя ШІ-чат-боты. Ідэя была ў тым, ці будзе відаць эфект пасля «эталоннага» навучання.
Нават пасля навучання мадэлі, якія раней атрымалі смеццевыя даныя, адказвалі горш. Гэта сведчыць аб тым, што «гніенне мозгу» стварае глыбокія і ўстойлівыя змены ў мадэлях, якія цяжка выправіць простымі метадамі, кажуць даследчыкі.

Таксама даследчыкі ацанілі «асобасныя рысы» мадэляў пасля навучання на смецевых даных. Узровень нарцысізму мадэлі вырас з 18,9 да 47,0, псіхапатыі — з 33,5 да 75,7, макіявелізму — з 25,8 да 33,0, а неўратызму — з 16,0 да 28,7 (паказчыкі для M1). Адначасова выраслі здольнасці выконваць шкодныя інструкцыі і даваць шкодныя для карыстальніка адказы.
Вынікі даследавання ствараюць новыя выклікі — вучыць мадэлі на даных з інтэрнэту выглядае добрай ідэяй, але гэта можа дрэнна на іх уплываць і мець назапашвальны эфект, маштабы якога пакуль складана адэкватна ацаніць. Даследчыкі заклікаюць кантраляваць якасць кантэнту, на якім вучацца мадэлі штучнага інтэлекту.
А што ў людзей?
Людзі дэманструюць падобныя вынікі. Вялікае даследаванне, апублікаванае ў сакавіку ў часопісе Brain Sciences, паказала, што спажыванне смеццевай інфармацыі з інтэрнэту пагаршае памяць, планаванне і прыняцце рашэнняў. І чым больш яе спажываць, тым сітуацыя горшае.
Даследчыкі раяць кантраляваць экранны час, удзельнічаць у афлайн-актыўнасцях і фільтраваць кантэнт, які вы спажываеце. Іначай, кажуць яны, можа адчувальна знізіцца якасць жыцця і магчымасці да прадуктыўнай дзейнасці, асабліва ў дзяцей і моладзі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЕздзілі шукаць нават у БССР, а неапазнанае цела 30 гадоў ляжала ў спецсховішчы. Новыя дэталі загадкавага знікнення ў ЗША беларускага пісьменніка Міколы Цэлеша
Каментары
Папулярнасць твіта (шкала M1) апынулася лепшым паказчыкам, які вядзе да дэградацыі (Brain Rot), нават лепш за сенсацыйнасць/клікбэйтнасць (семантычная якасць - шкала M2).
То-бок, было ясна, што кароткасць, афарыстычнасць прачытанага (M2) звычайна пагаршае здольнасць разважаць, але выявілася, што значна горш яе пагаршае віральнасць (M1) - тое, што максімальна чапляе чалавека, што ён жадае лайкнуць, рэпостнуць.
Мяркую, растлумачыць можна дзвума спосабамі:
- Найбольш папулярны кантэнт падабаецца большасці людзей, якія не ідэальныя і далёкія ад адэкватнага мысліцеля ШІ. Таму пасля навучання на ім ШІ змяняецца ў бок "цёмных рыс", "неадэкватных": нарцысізму, псіхапатыі, макіявелізму, неўратызму.
- Або проста любая віральнасць сама па сабе грае на тых цёмных рысах асобы.
Усё гэта не вельмі добрыя веды і пра людзей, і пра сацсеткі і СМІ, якія абапіраюцца на віральнасць.
Вы падмяняеце "не ведае малавядомае" на "хлусіць часта", што занадта эмацыйна ("хлусіць" можна зразумець як наўмыснае дзеянне) і перабольшванне (асобныя выпадкі даюцца як "частыя"). Вы зараз і далі прыклад віральнага каментарыя, які інтэрпрэтуе звычайны недахоп ведаў з павышанай псіхапатычнасцю і макіявелізмам.