Найменшы ў самым маленькім касцёле: у Беларусі з'явіўся новы арган
У Беларусі з'явіўся новы арган — ён устаноўлены ў каталіцкім храме святога Валянціна ў Смалявічах. Упершыню інструмент загучаў на нядзельнай святой імшы 16 лістапада, паведаміў на сваёй старонцы арганазнаўца Аляксандр Бурдзялёў, аўтар і мастацкі кіраўнік штогадовага фестывалю Ars Magna Organi. Пра гэта піша выданне Katolik.life.

«Мабыць, у Беларусі гэта самы маленькі касцёл з духавым арганам і самы маленькі спраўны арган. Для невялікага аб'ёму касцёла гэтага інструмента больш чым дастаткова. Ён добра пасуе для суправаджэння імшы і для акампанементу і генерал-басу ў ансамблевых спалучэннях», — пракаментаваў падзею Аляксандр Бурдзялёў.
Інструмент выраблены нямецкай фірмай Paschen. Ён не новы і быў дастаўлены ў Смалявічы разабраным, а пасля яго змантавалі.
Смалявіцкі касцёл святога Валянціна, дарэчы — адзіны храм у Беларусі з такім нябесным апекуном.
Пасля таго, як у ліпені арган з'явіўся ў касцёле ў Лагішыне Пінскага раёна, інструмент у Смалявічах стаў, імаверна, 125-м дзейным арганам у Беларусі.
Каментары