Грамадства1111

Яўгена Булку абвінавачваюць у махлярстве ў Дубаі на $1 мільён. А ён кажа, што сам пацярпелы

Расійскія СМІ пішуць, быццам беларускі шоўмен спрабаваў адкрыць у Дубаі прыватную расійскую школу разам з зоркай «Дома-2». Але цяпер школа не працуе, а бацькі засталіся без грошай. Яўген Булка распавёў «Нашай Ніве» сваё бачанне сітуацыі.

Яўген Булка ў рэкламе школы. Скрыншот відэа ў інстаграме

Некалькі дзён таму ў расійскіх СМІ з'явілася інфармацыя, што беларускі шоўмен Яўген Булка разам з зоркай «Дома-2» Андрэем Чуевым апынуўся ў цэнтры міжнароднага скандалу праз махлярства з прыватнай расійскай школай «Школа будучыні» ў ААЭ. Сцвярджалася, быццам мужчыны абяцалі стварыць рускамоўную навучальную ўстанову з камфортнымі ўмовамі, а кошт навучання там пачынаўся ад прыблізна 5500 еўра да амаль 11 000 еўра за год.

Сёлета прыватная школа сапраўды адкрылася і пачала працаваць, але ў хуткім часе там пачаліся сур'ёзныя праблемы: адключылі камунальныя паслугі, а пазней будынак быў апячатаны. Цяпер пацярпелымі сабе лічаць не толькі бацькі, якія аплацілі навучанне, але і выкладчыкі, якім абяцалі камфортнае пражыванне і дапамогу з афармленнем дакументаў для працы ў ААЭ.

«Наша Ніва» папрасіла Яўгена Булку расказаць пра тое, як ён трапіў у гэтую непрыемную сітуацыю. Шоўмен сцвярджае, што не мае ніякага дачынення да стварэння школы, а сам быў усяго толькі наёмным супрацоўнікам.

Пачалося ўсё з таго, што Яўген шукаў садок, куды аддаць сваё дзіця. У адным з мясцовых чатаў яму напісала адміністратарка той самай «Школы будучыні» (пры ёй быў і садок) і прапанавала прыйсці да іх. Абяцалі і растэрміноўку на аплату навучання.

— Я прыйшоў у тую школу спачатку як бацька. Я разумеў, што ў майго дзіцяці няма базы, каб атрымліваць адукацыю на англійскай мове. Плюс у нашым раёне садкоў амаль што няма. Таму вырашыў схадзіць і паглядзець, што і як.

У школе былі прадугледжаныя брытанскі і рускамоўны трэкі. То-бок можна было спачатку навучаць дзіця па рускамоўным трэку, а потым перавесці на брытанскі.

Падчас размовы з кіраўніцтвам школы Яўген распавёў пра свой бэкграўнд. Яго досвед зацікавіў дырэкцыю:

— І прагучала такая фраза: «Слухайце, можа, вам было б цікава стаць у нас дырэктарам па пазашкольнай адукацыі? Тым больш мы плануем пашырацца, нам патрэбныя новыя выкладчыкі».

Першы раз Яўген адмовіўся. Але пасля пазнаёміўся з расіянінам Андрэем Чуевым — той таксама прывёў сваё дзіця ў школу, а потым застаўся там як памочнік.

— У Андрэя ёсць бізнэс-досвед, досвед у сферы будоўлі. Таму ён курыраваў рамонт у школе. І ён сказаў: «Так, праект сапраўды цікавы. З тваім вопытам ты таксама можаш быць тут вельмі карысным. Паспрабуй, я веру ў гэты праект».

У інстаграме школы Андрэй Чуеў называў сябе піяр-дырэктарам і рабіў відэаагляд тэрыторыі.

Пасля Яўген пазнаёміўся з заснавальнікам школы (ён цяпер фігуруе ў расследаванні), меў доўгую размову з дырэктарам. На той момант усё падавалася бясхмарным і прыгожым.

Таму калі прапанова працы прагучала другі раз, Яўген вырашыў яе прыняць. Кажа, сярод яго задач быў пошук выкладчыкаў для розных гурткоў — ад ментальнай арыфметыкі да курса па штучным інтэлекце — і складанне раскладу заняткаў.

— Праз месяц я спытаў: «Дык а што па зарплаце?». Мне адказалі: «Зараз мы адкрыем рахунак у банку, і будзе ўсім зарплата. Ёсць некаторыя складанасці, але хутка ўсё зробім: школа ж не можа існаваць без рахунку».

Для Яўгена гэта прагучала пераканаўча. Тым больш ён бачыў, што ідзе актыўны набор выкладчыкаў асноўных прадметаў, закупаецца абсталяванне, рэклама школы ўсюды з'яўляецца.

— 25 жніўня школу афіцыйна адкрылі. Усё было легальна! Немагчыма ў Арабскіх Эміратах адкрыць школу, калі ты не атрымаў ліцэнзію, не прайшоў усе праверкі. Нельга проста арандаваць офіс і сказаць: «Прыходзьце да нас у школу».

Будынак прыватнай школы нават пафарбавалі ў колеры расійскага сцяга

Але ж пры гэтым Яўген адзначае, што ў школы былі толькі ўнутраныя працоўныя дамовы.

— Усё гэта тлумачылі складанасцю з адкрыццём банкаўскага рахунка для грамадзян Расіі.

Некалькі тыдняў у школе сапраўды праходзілі заняткі, дзіця Яўгена хадзіла ў садок. А потым пачалося дзіўнае.

— Раптам мясцовы аддзел адукацыі даслаў інфармацыю, што школа не мае права працаваць афлайн — быццам недастаткова нейкіх дакументаў. Школу перавялі на анлайн. Ну ладна. Значыць, зараз даробяць дакументы і запусцяцца. Бацькі прыходзілі, аплачвалі навучанне… Я школьную форму свайму дзіцяці набыў.

На пытанне, як жа бацькі аплачвалі навучанне, калі ў школы не атрымлівалася адкрыць банкаўскі рахунак, Яўген тлумачыць: яму вядома, што бацькі прыносілі наяўныя або чэкі ў прыёмную.

Цэны на наведванне самой школы адрозніваліся ў залежнасці ад класа. Яўген кажа, што нават не цікавіўся ўсім прайсам, бо яго гэта ніяк не тычылася.

— Я ведаю толькі, што дзіцячы садок каштаваў 24 тысячы дырхамаў на год (прыблізна 5600 еўра). Можна было аплаціць за год ці па месяцах.

Яўген адзначае, што школа была разлічана больш чым на 3000 вучняў, а яе тэрыторыя займала велізарную плошчу. Нават не ўсе карпусы паспелі ўвесці ў эксплуатацыю. Згодна з інфармацыяй у інстаграме школы, яна мае 28 карпусоў і агульную плошчу 42 тысячы квадратных метраў.

— Як гэта выглядала для мяне: школа дае рэкламу, прыходзяць вучні — значыць, мясцовыя ўлады далі дазвол. На жаль, я не ўнікаў у адміністратыўны працэс.

Яўген кажа: ён ужо два гады жыве ў Дубаі і быў упэўнены, што пераскочыць праз мясцовую сістэму немагчыма.

Вярнуцца да афлайн заняткаў у школы так і не атрымалася. Яўген кажа, што зноў усё тлумачылі нейкімі бюракратычнымі нюансамі.

— Зразумела, што бацькі пачалі абурацца. А далей прыйшлі праверкі — і пачалося расследаванне. Вельмі шмат пытанняў цяпер.

Цяпер Яўген не можа зразумець, чаму яго асацыююць з заснавальнікам школы, калі ён быў звычайным супрацоўнікам. Дый далучыўся да праекта толькі 5 жніўня.

— Можа, таму што шмат камунікацыі з бацькамі было на мне і на Андрэі. Андрэй дык увогуле вельмі вядомая асоба — шчыра кажучы, я раней нічога пра яго не чуў, але бачу, як на яго рэагуюць людзі з Расіі.

Імаверна, справа і ў тым, што відэа з Яўгенам Булкай і сёння можна пабачыць у інстаграме той «Школы будучыні»: ён распавядае пра сістэму аплаты і цэны.

Яўген распавядае, што Андрэй Чуеў працаваў самааддана — на тэрыторыі школы мужчыны часам праводзілі па 12 гадзін, каб падрыхтаваць яе да адкрыцця.

У адным з ролікаў Андрэй дэманструе, што рамонт ідзе нават у цемры. І з гонарам падкрэслівае, што будынак школы часткова размаляваны ў колеры расійскага сцяга:

— Глядзіце, як прыгожа! Сцяг Расійскай Федэрацыі. Я ўвогуле хацеў увесь будынак бахнуць пад сцяг! Алена (кіраўніца наша) сказала: «Андрэй, ну не спяшайся, усяму свой час».

Яўген жа запэўнівае:

— У мяне нават думак не было, што праект можа быць не рэальным. Я бачыў шмат набытага абсталявання, рамонт на велізарных тэрыторыях… Нават і цяпер для мяне ўсё выглядае як ланцужок недарэчных выпадковасцяў. Але надзеі на тое, што неяк нармальна вырашыцца, амаль не засталося.

На пытанне пра стваральнікаў школы беларускі шоўмен адказвае, што асабіста быў знаёмы толькі з адным — і пры ім толькі гэты чалавек прымаў рашэнні і агучваў планы (ён цяпер пад следствам). Але ведае, што ў дакументах было пазначана некалькі заснавальнікаў.

Ніводнай зарплаты за чатыры месяцы працы Яўген так і не пабачыў. Але ў суд пакуль ісці не збіраецца — кажа, што хацеў бы ўсё ж пагаварыць з тым заснавальнікам.

— Пакуль у мяне няма зусім ніякай інфармацыі пра тое, што можа быць далей. Гэты скандал толькі пазаўчора неяк трапіў у СМІ — і для мяне гэта стала шокам. Бо ну якім я бокам да гэтай сітуацыі? Стваральнік праекта? Дзякуй за камплімент, але пакуль не. Гэта як гульня нейкая, як серыял.

Апошні раз інстаграм школы абнаўляўся 3 кастрычніка — там 27‑гадовы мужчына распавядае, што будзе выкладаць 3D-мадэляванне.

Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, двое з заснавальнікаў школы ўжо арыштаваныя арабскімі ўладамі — называюць імёны нейкай Алены Сяргеевай і яе дачкі Ларысы. Паведамляецца, што жанчыны раней былі асуджаныя за махлярства ў Расіі.

Таксама пішуць, што пацярпелыя страцілі прыблізна 1,1 мільёна еўра.

Андрэй Чуеў — таксама асоба з неідэальнай рэпутацыяй. Раней былая дзяўчына абвінавачвала яго ў тым, што мужчына быццам узяў у яе грошы і абяцаў забяспечыць перамогу ў конкурсе прыгажосці ў Дубаі.

А ў сваім інстаграме Андрэй публікаваў відэа пра тое, што гэта Еўропа ўцягнула Украіну ў вайну з Расіяй, абяцаючы ўступленне ў Еўрасаюз.

Каментары11

  • Неверагодны
    27.11.2025
    Пайшоў працаваць пад расейскі сцяг і штосьці пайшло ня так - але дзе ж пралічыўся?
  • TVG
    27.11.2025
    -- он шёл на Одессу а вышел к Херсону .
  • Žvir
    27.11.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Аляксей Хлястоў, які пайшоў у таксісты, стаў героем інтэрнэту. Беларусы запусцілі флэшмоб, каб падтрымаць спевака з чорнага спісу3

Аляксей Хлястоў, які пайшоў у таксісты, стаў героем інтэрнэту. Беларусы запусцілі флэшмоб, каб падтрымаць спевака з чорнага спісу

Усе навіны →
Усе навіны

Падазраваны ў рабаванні Луўра расказаў пра замову ад «мужчын са славянскім акцэнтам»2

14‑гадовы школьнік скраў з кватэры знаёмай 100 тысяч даляраў і паспеў патраціць 70 тысяч9

Рух на МКАД хочуць змяніць3

«Яны кашмарылі ўсіх». Суседзі пра сям’ю Ліпскіх, якія «планавалі забойства больш за 40 чалавек»26

Віленскі аэрапорт аднавіў працу пасля ўчорашняга выпадку толькі пад раніцу1

Беларуска з тыктока даведалася, што яе маці загінула на вайне. А тая жывая-здаровая і не збіралася ваяваць за Расію5

Стала вядома, дзе працягне працу былая гендырэктарка БелТА3

Колькасць ахвяр пажару ў жылым комплексе ў Ганконгу расце. Па справе аб пажары затрыманы тры чалавекі

Герой нямецкага супраціву ўладкаваўся да нацыстаў, каб падабрацца да іх бліжэй — новы фільм, які будзе цікавы і беларусам13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксей Хлястоў, які пайшоў у таксісты, стаў героем інтэрнэту. Беларусы запусцілі флэшмоб, каб падтрымаць спевака з чорнага спісу3

Аляксей Хлястоў, які пайшоў у таксісты, стаў героем інтэрнэту. Беларусы запусцілі флэшмоб, каб падтрымаць спевака з чорнага спісу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць