Усяго патроху22

60 еўра за візу ў Беларусь — пагібель для турызму

лічыць Сяргей Плыткевіч — аўтар альбома «Нечаканая Беларусь» і кіраўнік выдавецтва «Рыфтур».

Сяргей Плыткевіч — аўтарытэтны чалавек у сферы турызму, ягонае выдавецтва «Рыфтур» стварае найвялікшую колькасць краязнаўчай літаратуры ў краіне: паштоўкі, праваднікі, фотаальбомы… Спадар Плыткевіч пачаў займацца гэтай тэматыкай у далёкім 1994 годзе, калі і мы яшчэ мала ездзілі, і да нас практычна ніхто. Што змянілася за гэты час? Чым усё-ткі прывабіць турыстаў у Беларусь? Чаму перад домам павінны расці кветкі, а не бульба з цыбуляй?

Пра гэта «Звязда» распытала Сяргея Плыткевіча.

«Турызм адкрывае людзям вочы»

— Спадар Сяргей, як вы самі акрэсліце той кірунак, у якім працуеце?

— Іх некалькі. Па-першае, гэта газета «Турызм і адпачынак», з якой мы пачыналі. Там распавядаецца пра турызм у свеце і нашай краіне — прычым з кожным годам у нас усе больш і больш менавіта пра Беларусь. Па-другое, выдавецтва «Рыфтур», якое выдае краязнаўчую літаратуру і фотаальбомы таксама на 99% пра Беларусь. І часопісы, якія перажываюць не лепшыя часы, — «Фотамагія» і «Дзікая прырода». Яны таксама пра Беларусь, але рознай тэматыкі.

— Калі вы пачыналі, тэма турызму, асабліва ўнутранага, была як выпаленае поле. Як вам хапіла імпэту ўзяцца за распрацоўку гэтай тэматыкі?

— Калі мы пачыналі рабіць газету, якраз пачыналіся паездкі нашых грамадзян за мяжу — гэта было нешта новае, цікавае. Пайшла цэлая хваля людзей, якія атрымалі магчымасць некуды паехаць. Было шмат уражанняў, адкрываліся новыя краіны. І нам гэта было цікава. Але пазней, калі народ ужо паездзіў па розных краінах і вярнуўся, то сталі па-іншаму глядзець на сваю краіну. Турызм адкрывае вочы людзям. Яны тады параўноўваюць: а чаму мы жывём так, а не гэтак? А чаму там прыгожа, а ў нас не надта? А можа, нам таксама можна зрабіць прыгожа? Напрыклад, у пачатку 1990-х гадоў многія атрымалі дачы — і давай адразу хату з усіх бакоў абсаджваць бульбай ды агародамі. А пасля раптам высветлілася, што перад хатай могуць быць не бульба-капуста, а прыгожыя кветкі, альпійскія горкі, міні-азёрцы. Паціху мы паварочваемся да Еўропы, да ўсяго свету.

— Гэта значыць, вы лічыце, што беларусам на сваіх палетках не трэба бульбу вырошчваць?

— Бульба павінна расці дзесьці ў сваім месцы. А перад домам павінны быць кветкі, павінна быць прыгожа. Таму што, калі будзе прыгожа перад домам, то ёсць надзея, што і ў доме будзе добра.

«Нашы балоты могуць прыносіць карысць і грошы!»

— Ці сутыкаліся вы з такім меркаваннем, калі нашы людзі некуды з’ездзілі і пачынаюць казаць: вось там прыгажосць дык прыгажосць, а ў нас — цьху! — няма чаго глядзець!..

— На жаль, такое вельмі часта сустракаецца. І думкі пра гэта якраз і падштурхнулі мяне рабіць праваднікі па Беларусі і фотаальбомы. У фотаальбоме «Нечаканая Беларусь» (самыя прыгожыя мясціны там сфатаграфаваныя з самалёта — Г.Л.) галоўная думка такая: паглядзіце навокал, мы жывём у цудоўным месцы! Яго трэба проста бачыць, звяртаць увагу: што там за полем, што там за лесам. А лепш ведаць, што на гэтым полі, скажам, адбылася такая бітва, якая мела важнае значэнне для нашай гісторыі. Альбо што ў той вёсцы, альбо ў тым мястэчку нарадзіўся чалавек, які зрабіў вельмі шмат для Беларусі, якога мы павінны памятаць. Таму калі людзі чытаюць такія кніжкі, вандруюць па краіне — гэта таксама плюс. Спачатку мы проста выязджалі за межы і думалі «ах, як там прыгожа!» Зараз, я думаю, павінны ездзіць па роднай краіне. Спачатку — з’ездзіць паглядзець Мірскі замак, паглядзець у Нясвіжы, як жылі Радзівілы. А потым паглядзець, у якім стане знаходзіцца замак у Крэве ці ў Гальшанах. І падумаць: можа, стан гэты трэба мяняць?

— Аднак, беручы ў рукі вашу кніжку «Нечаканая Беларусь», многія людзі, пабачыўшы сваю родную мясціну, ахаюць: «Не можа быць, каб у нас было так прыгожа!.. Усё жыццё пражыў — і ўявіць не мог!» Вось ён, парадокс: каб пабачыць гэтую прыгажосць, трэба праляцець над Беларуссю на самалёце ці на паветраным шары?

— Зразумела, калі ідзеш па балоце, то адчуць прыгажосць гэтага балота вельмі цяжка. Можна адчуць задавальненне, хіба калі спынішся, ляжаш на купіну ды вып’еш чаго халоднага. А калі ты ідзеш, і на плячах у цябе цяжкі заплечнік — гэта праца.

І зусім іншы погляд, калі ты падымаешся над гэтым балотам.

Ты не адчуваеш дрыгву, у якую можна праваліцца. А бачыш, як з гэтых азёрцаў ствараюцца цэлыя карункі, цэлыя карціны. А наогул, галоўная задача ў тым, каб адчуць знакавасць гэтых мясцін. Калі людзі жывуць у вёсцы, для іх балота — гэта дрэнна. Але калі разважаць пра гэтае ж балота з пункту гледжання цывілізацыі, ведаць, наколькі балоты патрэбныя. Без лесу немагчыма, а ўжо даказалі, што балоты яшчэ больш карысныя. А Беларусь якраз на балоты вельмі багатая. І хочацца, каб людзі ведалі гэта і ўсведамлялі. Больш за тое — гэтыя балоты могуць прыносіць карысць і грошы!

— Як можна на балоце зарабіць грошы і прывабіць турыстаў?

— Еўрапейскія турысты вельмі зацікаўленыя ў такіх мясцінах — менавіта дзе захавалася сапраўднае дзікае жыццё. І ёсць прыклады, калі прыязджалі англічане, немцы — у іх шырока расплюшчваліся вочы, яны думалі: «У нас такога няма». У іхняй Еўропе такога няма! А ў нас ёсць! Праўда ў нас іншага няма, што ў іх ёсць… Але мы павінны «прадаваць» тое, што маем — калі людзі гатовыя плаціць за ўражанні, гэтым трэба карыстацца. Чэргі будуць стаяць, каб сфатаграфаваць глушца, аленя ці лася… Гэта — агульнае багацце нашай краіны. Тое самае — балоты.

Напрыклад, самае вялікае балота ў Еўропе — балота Ельня ў Мёрскім і Шаркоўшчынскім раёнах.
Там турыстычная фірма прапануе спецыяльную машыну на пнеўматычным ходзе, на надзьмутых колах. І ахвотных — маса, і нашых, і замежнікаў. Таму што звычайная машына не можа праехаць па балоце, а гэтая — можа! Бо калі ты па балоце пройдзеш кіламетр ці два-то табе не да прыгажосці. Я магу сказаць, бо я хадзіў. Але калі ты праедзеш гэты маршрут, а потым 200–300 метраў пройдзеш у сваё задавальненне, а потым зноў сядзеш у машыну і зноў праедзеш — гэта ўспрымаецца зусім інакш!

«Мы па-ранейшаму не далучаныя да Еўропы…»

— Мы — частка Еўропы?

— Мы не проста частка Еўропы, мы цэнтр Еўропы!

— Ага, і некалькі адпаведных знакаў нават ёсць…

— Застаўся адзін, які знаходзіцца ў Полацку, найстаражытнейшым нашым горадзе. Але я памятаю пра тое, што «цэнтры Еўропы» існуюць і ў іншых краінах — у той жа Літве, Латвіі, Польшчы, Славакіі, ва Украіне… Гэта тлумачыцца проста: прыемна ж жыць у цэнтры, ніхто не хоча быць на ўскрайку. Мы па-ранейшаму (на жаль, гэта факт) не далучаныя да Еўропы. Элементарны прыклад — святкаванне 600-годдзя Грунвальдскай бітвы.

Там прысутнічалі афіцыйныя прадстаўнікі розных краін, але афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі не было.
Гэты факт для мяне вельмі крыўдны! Прабачце, у гэтай бітве нашы продкі зрабілі вельмі-вельмі шмат, паклалі сваё жыццё. І мы павінны пра гэта памятаць, быць разам з усімі, хто там змагаўся.

— З 1994 года, калі вы сталі займацца тэмай турызму, ці павялічыўся прыток турыстаў у Беларусь?

— Раней у нас быў шоп-турызм, багата нашых людзей выязджала ў Польшчу ды іншыя краіны пагандляваць. Гэта ўсё фактычна памерла. З аднаго боку — гандаль стаў больш цывілізаваны, з другога — людзям стварылі такія ўмовы, што ездзіць гандляваць амаль немагчыма. Таму цэлы пласт так званых «турыстаў» амаль знік. Але ж яны і не былі турыстамі.

Што датычыць турыстаў у Беларусь — на жаль, я не магу сказаць, што вельмі моцна ідзе ўздым. Праблема ў тым, што трэба сур’ёзна ставіцца да гэтай справы. І ведаць пра тое, што Беларусь знаходзіцца ў гэткіх жа канкурэнтных умовах, як Літва, Польшча, Украіна… І мы можам прыцягваць гасцей, толькі паказваючы ім штосьці асаблівае, ствараючы лепшыя, чым там, умовы. Дык вось, калі ў Літву ці Польшчу любы еўрапеец можа прыехаць фактычна без візы,

то 60 еўра для таго, каб прыехаць у Беларусь — гэта 95% патэнцыйных турыстаў адразаецца адразу. Па-другое, усе гэтыя чэргі пры выдачы візы — з тых 5% яшчэ палова адсякаецца.
.

— Карацей, даедуць да нас толькі самыя стойкія…

— Так — каму трэба па справе ці па бізнэсе. І толькі мінімум — сапраўдныя турысты, сярод якіх, дарэчы, многа расіян — бо едуць без візы, мяжы няма, кошты на адпачынак у санаторыях ніжэйшыя, чым у іх… А вось нашыя кошты на гатэлі, наш сэрвіс не вытрымлівае ніякай канкурэнцыі ў параўнанні з тымі ж польскімі…

«Кавярняў няма, бо няма турыстаў, а турыстаў няма, бо няма кавярняў»

— Мне тут распавялі гісторыю, як турыст з Англіі прыехаў на тыдзень, але праз два дні прыбег у турагенцыю: аддайце грошы, хачу вярнуцца. Маўляў, рэстараны даражэйшыя, чым у Лондане, у метро ніводнага надпісу па-англійску, ніхто таксама па-замежнаму не гаворыць… А як вы лічыце, што яшчэ пужае турыстаў у Беларусі?

— Пужае не вельмі добры імідж на міжнародным турыстычным рынку. Што казаць, калі ў мяне ў Польшчы ці Літве пытаюцца: «А нас не арыштуюць у Беларусі, а дарогі ў вас ёсць?» Трэба клапаціцца, каб такога не было, каб інфармацыя пра нашу краіну шырылася за мяжой… Гэта называецца недабраякасная рэклама — калі чалавек едзе да нас, а яго не папярэджваюць, што тут мала хто гаворыць па-англійску, якія тут кошты. Таксама, шчыра прызнацца, аскоміну набілі размовы пра наш прыдарожны сэрвіс. Кавярняў вельмі мала. А павінна быць многа. І матэляў таксама. Але ёсць і станоўчыя моманты — напрыклад, за апошнія гады нашую мяжу стала праходзіць нашмат лягчэй.

— Вам не здаецца, што гэта замкнёнае кола: матэлі і кавярні не будуюць, бо няма турыстаў. А турыстаў няма, бо няма матэляў і кавярняў…

— Ёсць такі момант, бо трэба ўкладваць грошы і рызыкаваць… Але вось, скажам, апошні час добра стаў развівацца вясковы турызм. Але чаго ён пачаў развівацца? Бо атрымаў дзяржаўную падтрымку. Па-першае, быў Указ прэзідэнта, які прадугледжваў адпаведныя льготы. Па-другое, была створаная спецыяльная праграма «Белаграпрамбанка» для крэдытавання вясковага турызму. І праграма спрацавала, бо людзі атрымалі магчымасць пачаць справу. І цяпер ужо чыноўнікі заварушыліся — хочуць, каб у кожным раёне было больш сядзібаў.

— Вы сказалі, што нам трэба вабіць нечым адметным, чаго няма ў суседзяў. А ці ёсць у нас нешта такое?

— На жаль, такога, каб ужо зусім асаблівага, няма — акрамя прыроды. Цікавая яшчэ рэлігійная разнастайнасць — калі ў адным мястэчку стаялі поруч храмы чатырох канфесій… Трэба думаць пра тое, каб вяртацца да мінулага. Беларусь — у тых межах, у якіх яна ёсць цяпер — фактычна ніколі такой не была. Была ў Вялікім Княстве Літоўскім, у Рэчы Паспалітай, у Расійскай імперыі, у Савецкім саюзе… Таму нашая гісторыя цесна звязаная з гісторыяй суседніх краін. Калі б не было гэтай мяжы, якую цяжка перайсці, трэба было б у першую чаргу развіваць туры, звязаныя з агульнай гісторыяй: Вільня — Мінск — Брэст — Варшава… Калі ў адным пакеце прадаецца некалькі краін, тады людзям гэта вельмі цікава.

Амерыканцы не паедуць у такую далечыню з-за адной Беларусі.
А вось калі ім прапанаваць паглядзець адразу некалькі краін — гэта ўжо цікавая прапанова.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Круіз на цеплаходзе «Белая Русь» па рэках Палесся каштуе як адпачынак у Турцыі. Але каюты на вясну-лета амаль выкупленыя8

Круіз на цеплаходзе «Белая Русь» па рэках Палесся каштуе як адпачынак у Турцыі. Але каюты на вясну-лета амаль выкупленыя

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі пілот загінуў пры крушэнні верталёта ў Лівіі1

У Гомелі не раскупілі квіткі на прапагандысцкі фільм Азаронка6

Топ-менеджарку OpenAI звольнілі за сэксуальную дыскрымінацыю супрацоўніка-мужчыны4

«Усё прадалі ў Расію?» З беларускіх крам знік папулярны прадукт4

У МЗС расказалі пра візіт у Мінск афіцыйнага прадстаўніка Францыі1

«Далі 3600 рублёў штрафу». На беларуску напісаў палітычны данос хлопец, з якім яна хадзіла на спатканні і якога злавіла на здрадзе34

Пальмавы алей і глазура замест шакаладу. Як расійскія цукеркі выціскаюць беларускія з паліц крам4

Развітанне з Раманам Цымберавым адбудзецца ў пятніцу

Італьянская гарналыжніца стала алімпійскай чэмпіёнкай, менш чым за год аднавіўшыся пасля цяжкага пералому

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Круіз на цеплаходзе «Белая Русь» па рэках Палесся каштуе як адпачынак у Турцыі. Але каюты на вясну-лета амаль выкупленыя8

Круіз на цеплаходзе «Белая Русь» па рэках Палесся каштуе як адпачынак у Турцыі. Але каюты на вясну-лета амаль выкупленыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць